Асноўнымі тэмамі сустрэчы сталі падтрымка Варшавай грамадзян Беларусі, унутраная сытуацыя і роля Менску ў расейскай агрэсіі супраць Украіны, паведамляе МЗС Польшчы.
Кіраўнік польскай дыпляматыі падкрэсьліў нязьменную падтрымку Варшавай беларускай апазыцыі ў яе намаганьнях, скіраваных да дэмакратызацыі Беларусі. Ён падкрэсьліў, што моцная і сувэрэнная Беларусь — нязьменны элемэнт міру і бясьпекі ў рэгіёне і ва ўсёй Эўропе.
«У гэтым кантэксьце міністар нагадаў, што 25 сакавіка — 104-я гадавіна абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, якую дэмакратычныя колы адзначаюць як Дзень Волі. З гэтай нагоды міністар Раў выказаў пажаданьні беларусам і падкрэсьліў, што яны заслугоўваюць эўрапейскай незалежнай і дэмакратычнай дзяржавы», — гаворыцца ў прэс-рэлізе МЗС Польшчы.
Зьбігнеў Раў падзякаваў лідэрцы беларускай апазыцыі за цьвёрдую пазыцыю з асуджэньнем удзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны, якую вядзе Расея. Пры гэтым ён адзначыў, што ўлады ў Менску, аддаючы сваю тэрыторыю Расеі ў мэтах агрэсіі супраць Украіны, таксама сталі адказнымі за сытуацыю, якая склалася.
Міністар пагадзіўся са Сьвятланай Ціханоўскай, што цяперашнія ўлады ў Менску не прадстаўляюць беларускае грамадзтва.
«Грамадзяне Беларусі, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну праз сыстэмны палітычны перасьлед і парушэньні правоў чалавека і абралі Польшчу сваім новым домам, заслугоўваюць нашай павагі, падтрымкі і суперажываньня. Іх ня трэба атаясамліваць з уладай Беларусі, пазбаўленай дэмакратычнай легітымнасьці. Польшча, як дэмакратычная, адкрытая і талерантная краіна, дала ім прытулак», — паведамляе МЗС.
Міністар Раў разам зь лідэркай беларускай апазыцыі заклікалі ставіцца да беларусаў, якія жывуць у Польшчы, як да братоў і суседзяў у патрэбе, з дабрынёй і разуменьнем, гаворыцца ў прэс-рэлізе.