Напярэдадні, 23 сакавіка, дома ў яго прайшоў ператрус, і Зьмітра затрымалі. Жонка Дашкевіча Настасься паведаміла, што ноч яе муж правёў у ізалятары на Акрэсьціна ў Менску, на 14.30 быў прызначаны разгляд ягонай адміністрацыйнай справы ў судзе Першамайскага раёну сталіцы.
Раней 24 сакавіка у праўладных тэлеграм-каналах зьявілася інфармацыя, што нібыта Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС РБ «сабрала матэрыял для прыцягненьня Дашкевіча па артыкуле 342 КК Беларусі (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх)».
У тэлеграм-канале апублікавалі фота Дашкевіча разам зь сям’ёй на акцыі пратэсту, як мяркуецца, у 2020 годзе, а таксама фота з дачкой на адной з акцый 2016 году. Акрамя таго, апублікаванае фота Дашкевіча на фоне драўляных дзьвярэй (такія дзьверы — неад'емны складнік шматлікіх «пакаяльных» відэа, на якіх сілавікі пад прымусам запісваюць «прызнаньні» затрыманых удзельнікаў пратэстаў) з плякатамі ў падтрымку вайны Расеі ва Ўкраіне — сымбалямі V і Z, якія выкарыстоўваюць расейскія войскі.
Зьмітру Дашкевічу 40 гадоў. Яны з жонкай выхоўваюць дачок Мару і Магдалену, а таксама сына Давіда, чакаюць яшчэ адно дзіця.
Раней Дашкевіч узначальваў не зарэгістраваную ў Беларусі апазыцыйную арганізацыю «Малады Фронт». Разам зь іншымі актывістамі абараняў ад забудовы тэрыторыю вакол месца масавага пахаваньня ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам. Двойчы адбываў палітычна матываванае крымінальнае пакараньне.