Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інфармацыйная зброя важнейшая за ядзерную». Як беларус прыдумаў расейскую інфармацыйна-псыхалягічную вайну


Каляж. Расейская прапаганда
Каляж. Расейская прапаганда

Разглядаў свае лічбавыя архівы, каб пабачыць, пра што я «маўчаў» 8 гадоў таму. Натрапіў на тэкст, які някепска чытаецца і сёньня.

Яшчэ да пачатку расейскай вайны супраць Украіны (2014 году) мне ў рукі трапіў інфармацыйны зборнік «Безопасность» расейскага Фонду нацыянальнай і міжнароднай бясьпекі. Шукаць гэта бюлетэнь у сеціве дарэмна. «Безопасность» — гэта закрытае выданьне. Ягоным заснавальнікам і галоўным рэдактарам быў генэрал-маёр Леанід Шаршнёў, які памёр у Маскве ў студзені 2014 году.

Шаршнёў нарадзіўся ў Гомельскай вобласьці, служыў у Савецкай арміі на тэрыторыі Беларусі, скончыў Менскі інстытут замежных моваў. Але беларусам ён наўрад ці сябе лічыў. Гэта быў рэакцыйны расейскі імпэрыяліст найвышэйшага гатунку. Да самай сьмерці ён кіраваў фондам «Русские», праца якога была накіравана на «защиту ценности Русской цивилизации, воссоединение расколотого русского народа». Але ня гэты патас быў справай жыцьця Шаршнёва. Ён быў спэцыялістам у інфамацыйна-псыхалягічнай вайне. У Расеі яго называюць адным з аўтараў канцэпцыі гібрыднай вайны.

За два гады да вяртаньня аяталы Хамэйні ў Іран Шаршнёў прадказаў зьвяржэньне шаха і паведаміў пра гэта ў ЦК КПСС. Спачатку яго палічылі фрыкам, але, калі прагноз спраўдзіўся, палкоўніка Шаршнёва запрасілі на сустрэчу. Яго прызначылі адказным за арганізацыю спэцыяльнай прапаганды ў Афганістане.

«Ствараць атмасфэру бездухоўнасьці і амаральнасьці»

Дэзынфармацыя праз плёткі сярод мясцовага насельніцтва — гэта ягоная ідэя. Шаршнёў кіраваў прапагандай і падчас так званага чэхаславацкага крызісу. З часам ён даслужыўся да намесьніка начальніка спэцыяльнага ўпраўленьня Галоўнага палітычнага ўпраўленьня Савецкай арміі і ВМФ. Ён браў удзел у распрацоўцы Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі СССР, а пасьля яго распаду стаў экспэртам Дзярждумы і Савету Фэдэрацыі ў бясьпецы. Фонд нацыянальнай і міжнароднай бясьпекі, які стварыў Шаршнёў, удзельнічаў у распрацоўцы расейскіх законаў, экспэртыз і ў выбарчых кампаніях. Адным зь дзецішчаў Шаршнёва быў згаданы вышэй зборнік «Безопасность».

На старонках гэтага выданьня як на далоні ўся расейская стратэгія вядзеньня інфармацыйнай вайны. Нумар, пра які ідзе гаворка, быў выдадзены ў 1996 годзе. Усё, што мы бачым сёньня ва Ўкраіне, адбывацца нібыта паводле інструкцыі Шаршнёва.

Галоўная выснова зводзіцца да таго, што ў герархіі войнаў інфармацыйная вайна — галоўная. Яна можа прымяняцца задоўга да пачатку вядзеньня баявых дзеяньняў, а ў некаторых выпадках баявыя дзеяньні могуць не плянавацца ўвогуле і тады барацьба мае чыста інфармацыйны характар.

«Безопасность» ставіць інфармацыйную зброю вышэй за ядзерную. Атамная бомба павінна толькі стрымліваць агрэсара ад разьвязьваньня шырокамаштабнай інфармацыйнай вайны, мэта якой — перашкодзіць праціўніку атрымаць своечасовую, поўную і аб’ектыўную інфармацыю. А гэта, у сваю чаргу, павінна прывесьці да прыняцьця неадэкватных рашэньняў і прымусіць дзейнічаць сабе на шкоду.

Асноўную ролю ў гэтай вайне павінна выконваць сплянаваная дэзынфармацыя і фальсыфікацыя празь СМІ. А вынікам мусіць стаць нанясеньне сур’ёзнай шкоды інтарэсам дзяржавы ў палітычнай, эканамічнай і абароннай сфэрах. Падрыў міжнароднага аўтарытэту краіны, ускладненьне прыняцьця органамі кіраваньня важных рашэньняў, стварэньне атмасфэры нестабільнасьці ў грамадзтве, дыскрэдытацыя органаў улады, правакаваньне сацыяльных, палітычных, нацыянальных і рэлігійных беспарадкаў.

Экспэрт раіць падтрымліваць агентаў уплыву, якія спрыяюць дэзынтэграцыі дзяржаўных структур, ініцыяваць страйкі, масавыя беспарадкі, ствараць атмасфэру бездухоўнасьці і амаральнасьці, нэгатыўнага стаўленьня да культурнай спадчыны. Усё дзеля таго, каб прывесьці да істотнай матэрыяльнай шкоды, нанесьці маральную шкоду праціўніку, выклікаць у яго неадэкватныя паводзіны.

«Эфэктыўнае прымяненьне інфармацыйнай зброі, падмацаванае магутнасьцю СМІ, прывядзе да зьмены паводзінаў людзей у патрэбным для суб’екта кірунку», — піша аналітык.

Паводле яго, наступствы інфармацыйна-псыхалягічных апэрацый могуць быць настолькі эфэктыўнымі, што вядзеньне разбуральных і экалягічна небясьпечных баявых дзеяньняў робіцца бессэнсоўным.

Калі маўчым мы, гаворыць хтосьці іншы. І гэты хтосьці не на нашым баку

Перамагчы, не ўступаючы ў бой, — гэта ідэал ваеннага мастацтва. Часам яго даводзіцца парушаць, не пралічыўшы волю праціўніка да змаганьня. Гэта мы бачым ва Ўкраіне. Тым ня менш нават баявыя дзеяньні на Данбасе можна сьмела назваць элемэнтам інфармацыйнай вайны. Тэрыторыя «Новороссии» — гэта толькі невялікая частка ўсходняй Ўкраіны. У Расеі хапіла б рэсурсаў пайсьці значна далей. Але навошта? Узьдзейнічаць на вайскоўцаў і насельніцтва, душыць іх волю да супраціву, замбаваць псыхіку, маніпуляваць мысьленьнем, праграмаваць іхныя паводзіны ў побыце і баявой абстаноўцы і ў выніку дэмаралізаваць іх псыхічна да поўнай дэградацыі можна, выкарыстоўваючы карцінкі з Дэбальцава, зьмешваючы ў кучу людзей і коней.

У вядзеньні інфармацыйнай вайны Захад будзе яшчэ доўга на крок пасьля Расеі. Бо ў маніпуляцыі, дэзынфармацыі і замбаваньні дэмакратычныя працэдуры заўсёды прайграюць дыктатуры. Каб склікаць Савет Фэдэрацыі і дазволіць Пуціну ўводзіць армію ў іншыя краіны, расейскаму кіраўніцтву спатрэбілася некалькі гадзін. А пасьля абстрэлу Марыюпалю Эўразьвяз анансаваў экстраную сустрэчу міністраў замежных справаў амаль праз тыдзень пасьля здарэньня.

Улады Беларусі ў гэтым сэнсе апынуліся ў самай незайздроснай сытуацыі. Відавочна, што яны разумеюць пагрозы, якія ідуць з-за неіснуючай усходняй мяжы. Але як жа цяпер бараніцца, калі 20 гадоў яны віталі «русский мир» і білі сябе ў грудзі, даказваючы, што яны «самыя рускія з усіх рускіх»?

Ва Ўкраіне ўрад адключае вяшчаньне расейскай прапаганды. У Літве ўлады выдаюць інструкцыі для грамадзян, як сябе паводзіць у выпадку вайны. Кожны разумее, што перачакаць інфармацыйную вайну ня ўдасца. Яна пачалася ня ўчора.

Калі немцы бамбілі Лёндан падчас ІІ сусьветнай вайны, адной з галоўных цэляў быў сабор Сьвятога Паўла. Гэта рабілася не для таго, каб зьнішчыць рэлігійны аб’ект. Зьнішчыўшы сабор, немцы хацелі задушыць баявы дух брытанцаў. У расейскай інфармацыйнай вайны мэта аналягічная.

На інфармацыйным фронце беларусаў бамбяць ужо ня першы год. І, не чакаючы крокаў з боку ўлады, абараняцца і наступаць на гэтым фронце могуць самі беларусы. Пачытаў «Народную волю», «Нашу ніву», «Новы час» альбо цікавую кнігу — перадай другому. Чуеш цемрашальскія спрэчкі ў аўтобусе — не змаўчы. Маеш профіль на фэйсбуку альбо вядзеш блог? Там можна посьціць ня толькі коцікаў. Ёсьць твітар — падзяліся спасылкай. Вышлі цікавы артыкул сябру на эмэйл.

Трэба спрыяць таму, што пашырае беларускі сьвет. Прыклад Украіны паказвае, што надзейная прышчэпка ад інфармацыйнага вірусу — гэта мова і нацыянальная сьвядомасьць. Пашырэньне думкі, што беларускай мовы не існуе, мае пераканаць беларусаў, што іх папраўдзе няма і што іхная дзяржаўнасьць — гэта гістарычная памылка. А навязваньне думкі, што мінуўшчына беларусаў — гэта гісторыя сьвінапасаў, лапці і бубен, гаворыць пра тое, што і ў будучыні яны нічога не дасягнуць і павінны падпарадкавацца валадарам з Масквы. Дэградацыя культурнай спадчыны — гэта акурат адна з мэтаў інфармацыйнай вайны «a la Шаршнёў».

Наш народ любіць казаць: будзь разумнейшым — змаўчы. Але ў часе інфармацыйнай вайны гэтая парада не спрацоўвае. Бо калі маўчым мы, гаворыць хтосьці іншы. І гэты хтосьці не на нашым баку.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG