Сьцісла
- У нас не існуе лідэраў грамадзкай думкі, якія падтрымліваюць расейцаў. Расейцам няма на каго абаперціся ў нашых рэгіёнах і па ўсёй краіне.
- Я назіраў, калі выбары былі ў Беларусі, і вельмі ганарыўся тым, колькі людзей выйшла і пратэставала супраць незаконных выбараў.
- Мы ж ня лезьлі да вас з войскамі, а ваша сытуацыя сапраўды была такая, што трэба было ратаваць людзей. Я жадаю беларусам не баяцца і змагацца.
- Як я разумею, вам бы са сваёй краінай разабрацца. Я вельмі хачу, каб не было ваенных дзеяньняў паміж Украінай і Беларусьсю.
«Расейскіх уладаў тут ніхто не чакае, ніхто ня хоча, каб было як у Расеі»
— Ідзе 28-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны. Якая цяпер актуальная сытуацыя ў Мікалаеўскай вобласьці? Дзе ідуць баі? Якія посьпехі ва ўкраінскіх вайскоўцаў? Якія страты?
— Актуальная сытуацыя ў Мікалаеўскай вобласьці лепшая, чым была ўчора. Ноч была з абстрэламі, загінулі двое мірных жыхароў. Расейцы абстралялі склады з сэканд-хэндам, 5 машын згарэла. Пажар лякалізавалі. Адчуваньне, што абстрэльвалі, каб проста нашкодзіць людзям, бо, акрамя выбітага шкла і пашкоджанай маёмасьці, нічога не адбываецца.
Ад пачатку вайны зь Мікалаеўшчыны зьехала каля траціны жыхароў, ад 300 да 400 тысяч чалавек. За амаль месяц вайны дастаткова шмат пацярпелых. Менш, чым у раёнах, дзе расейскія акупанты проста раўняюць зь зямлёй гарады. У нас сытуацыя крыху лепшая, тым ня менш у нас таксама ёсьць ахвяры сярод цывільнага насельніцтва і сярод вайскоўцаў. Лічбы не хачу называць. Магу сказаць толькі пра параненых. На дадзены момант каля 300 параненых мірных жыхароў у шпіталях. Страты ў ворагаў вялікія, мы пачынаем іх неяк перапісваць, лічыць, звозіць. Частку яны забіраюць. Страты ворагаў у разы большыя за нашы, але цяпер вайна крыху іншы характар мае. Яны акопваюцца, ня рухаюцца. Іншая вайна. Пазыцыйная, напэўна.
— Як можна супрацьстаяць тактыцы расейцаў, якія захопліваюць і выкрадаюць кіраўнікоў гарадоў, раёнаў, каб паставіць на іх месца людзей, якія будуць іх падтрымліваць?
— Справы такія, што каго б яны ні заклікалі і ні прасілі, гэта не працуе. Чалавек 3–5 выйшла прарасейскіх вар’яцкіх ідыётаў. Па-іншаму на іх ніхто не рэагуе. У нас не існуе лідэраў грамадзкай думкі, якія падтрымліваюць расейцаў. Прарасейскія партыі сказалі: «Не, мы не ідыёты, мы з Расеяй сябраваць хацелі, а яны ў нас страляюць». І сябры гэтых партый узялі зброю і страляюць па расейцах цяпер. Расейцам няма на каго абаперціся ў нашых рэгіёнах і па ўсёй краіне. У нас аб’яднаньне людзей на 99,9%. Гэта немагчыма і бяз сэнсу. Яны захапілі і ўгаварылі кагосьці нібыта прадстаўляць Херсон, і яго расстралялі яго ж кампаньёны мамэнтальна. Расейскіх уладаў тут ніхто не чакае, ніхто ня хоча, каб было як у Расеі. Мы хочам, каб было як у нас. Шчасьліва і добра. Як было раней.
— Ці прадпрынялі вы пэўныя меры бясьпекі, каб вас не маглі выкрасьці?
— Хто мяне выкрадзе? Якія меры? Ну добра, прадпрыняў...
«Я разумею беларусаў»
— За апошнія тыдні вы сталі адным з самых папулярных палітыкаў у Беларусі. Людзі бачаць эфэктыўнага, блізкага да народу мясцовага лідэра, адрозна ад паслухмяных і безаблічных «вэртыкальшчыкаў» на чале беларускіх рэгіёнаў. Чым беларусы, якія супраць вайны, могуць дапамагчы ўкраінцам, чым могуць дапамагчы людзям на Мікалаеўшчыне?
— Я разумею беларусаў, бо ў вас там лідэр таксама не зьмяняецца (як і ў Расеі. — РС). Калі чалавек доўга ва ўладзе, ён губляе сувязь з народам, адрываецца ад зямлі і жыве ў сваім сьвеце, у сваё малой галаве. Я цудоўна гэта разумею, таму што беларусы хочуць зьменаў, хочуць жыць добра.
І асноўная праблема, чаму расейцы нападаюць на нас... Калі ў нас атрымаецца дэмакратычная краіна са свабодай прэсы і свабодай слова... Падабаецца нехта ці не падабаецца — мы выбіраем, можа, памыляемся, але гэта наша справа. Мы разьвіваемся, і гэта бачаць краіны-дыктатуры, думаюць — ня дай бог ва Ўкраіны гэта атрымаецца, і іх народ таксама захоча ўсё зьмяніць, каб было добра. Як у старой добрай славянскай прымаўцы — нам не абавязкова, каб у нас было лепей, чым у суседа, дастаткова, каб у суседа было горш, чым у нас. Па гэтым прынцыпе на нас і нападаюць.
Што магу пажадаць беларусам. Я назіраў, калі выбары былі ў Беларусі, і вельмі ганарыўся тым, што столькі людзей выйшла і пратэставала супраць незаконных выбараў у вас. Мы ж ня лезьлі да вас з войскамі і не казалі, што лічым, што гэта было несумленна, і цяпер мы вам дапаможам і вас вызвалім. Але ваша сытуацыя сапраўды была такая, што трэба было ратаваць людзей. Я жадаю беларусам змагацца. Не баяцца і змагацца. Калі не пачаць, гэта ніколі не адбудзецца. Усё роўна трэба змагацца і адстойваць свой пункт гледжаньня насуперак усяму.
«Я бачу супраціў беларусаў, якія ня хочуць ваяваць на чужой зямлі»
— Нядаўна зьявілася інфармацыя пра тое, што нібыта ўкраінскія памежнікі напісалі «Слава Ўкраіне» на беларускіх пашпартах. Магчыма, гэта пашпарты беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, уцяклі праз рэпрэсіі ва Ўкраіну і выступаюць супраць вайны. Як вам падаецца, ці слушна так рабіць?
— Ня ведаю. Магчыма, і ня слушна. Цяпер вялікая плынь інфармацыі, існуюць розныя меркаваньні, і потым мы ва ўсім дэталёва разьбіраемся. Усе могуць памыляцца. У любым выпадку я бачу супраціў беларусаў, якія ня хочуць ваяваць на чужой зямлі. У вас там таксама ня вельмі добра, што, маўляў, цудоўная краіна — і трэба камусьці дапамагаць, траціць свае рэсурсы, сваіх салдат адпраўляць паміраць за чужую ідэю. Як я разумею, вам бы са сваёй краінай разабрацца. Я вельмі хачу, каб не было ваенных дзеяньняў паміж Украінай і Беларусьсю. Незразумела навошта. Нам няма чаго дзяліць з вамі, дакладна.
Гэта ўплыў суседняй вялікай краіны на вас, навязваньне іх ідэяў і пажаданьняў. Я перакананы, што беларусам вайна не патрэбная, і не патрэбныя трупы, якія прывязуць. Мы, на жаль, ня маем выбару. Усіх, хто са зброяй прыйдзе на нашу зямлю, мы будзем забіваць і адстойваць сваю зямлю. Таму хочацца, каб вы не нападалі, не далучаліся да агрэсара, да акупанта. А з нашага боку, чым можам, дапаможам.
— Як бы вы зьвярнуліся да беларускіх вайскоўцаў, якіх могуць у любы момант адправіць ва Ўкраіну?
— Для таго каб асабіста зразумець цяперашнюю сытуацыю ва Ўкраіне, ім трэба кантактаваць з камандзірамі і вайскоўцамі расейскіх частак, якія ў нас тут. І яны атрымаюць аб’ектыўную карцінку, а ня тую, што чуюць у сваім атачэньні. І хай самі прымуць рашэньне, бо тут іх нічога, акрамя гора, не чакае. Не існуе лёгкай перамогі ва Ўкраіне, мы сваё не аддамо. Мы ўмеем ваяваць і адстаім сваё. Калі яны прымуць рашэньне ваяваць, то гэта будзе іх адказнасьць за ўсіх забітых, якіх яны завядуць на тэрыторыю Ўкраіны.
«Я ганаруся сваім народам»
— 13 сакавіка расейскія войскі абстралялі вядомы ва Ўкраіне і за яе межамі дзяржаўны завод «Зоря — Машпроект», які вырабляе газатурбіннае абсталяваньне. Завод актыўна супрацоўнічаў зь Беларусьсю, у 2018 годзе адкрыў сваё прадстаўніцтва ў Беларусі, але ў сувязі з палітычнай сытуацыяй яно было закрыта ў лютым 2021 году. Гэтае прадпрыемства паставіла і абслугоўвае дзьве газатурбінныя ўстаноўкі на Бярозаўскую ДРЭС і адну — на цэмэнтны завод у Касьцюковічах. У якім стане цяпер гэты завод?
— Адказаць на гэтае пытаньне я не хачу, дакладней, не магу. Сытуацыя кантраляваная. Мы ўсё аднаўляем. Пад абстрэлам, але аднаўляем, бо мы будзем тут жыць і працаваць.
— Чаму Расея пацярпіць паразу ў гэтай вайне?
— Гісторыя цыклічная. Я праводжу аналёгію, што нацысцкая Нямеччына таксама вырашыла, што яна самая галоўная ў сьвеце, і вырашыла захапіць чужыя землі. І ўвесь сьвет аб’яднаўся супраць аднаго агрэсара і акупанта. Тут такая ж сытуацыя, толькі ў асобе акупанта — Расейская Фэдэрацыя. Няма ў яе хаўрусьнікаў, ніхто ня можа зразумець, навошта гэта. Варыянтаў у Расеі няма. Толькі закрыцца ўнутры сваёй дзяржавы і ўнутры там, можа, далей варыцца.
— Чым вы ганарыцеся і ўва што верыце ў гэтыя драматычныя часы?
— Я ганаруся сваім народам. Ганаруся ўсімі сваімі людзьмі. Ганаруся сваім прэзыдэнтам. Ганаруся нашым духам і нашай гісторыяй. Тое, што мы робім, будзем рабіць пры іншых абставінах. Ніхто ня можа нам аддаць загад здавацца. Мы ўсё роўна будзем адстойваць сваё да апошняга.
— З чаго вы сьмяяліся апошні раз? Чаму важна перамагаць ворага ня толькі зброяй і сілай духу, але і сьмехам, сатырай?
— Эксклюзіўна вам крыху раскажу. У нас ёсьць Кінбурнская каса, якую называюць Мікалаеўскімі Мальдывамі. Вялікі прыгожы кавалак на моры, туды няма наземнага злучэньня. Гэта кавалак нашай вобласьці, але ёсьць на паўвостраў уваход з Херсонскай вобласьці. Там расейскія войскі рухаюцца. У сёлах тэлефоны забіраюць, робяць ператрусы. І дайшлі расейцы па тэрыторыі Херсонскай вобласьці туды. Кажуць — а што гэта ў вас за тэрыторыі? Ім кажуць, гэта Мікалаеўская вобласьць. Яны кажуць — не, Херсонская, а ім — Мікалаеўская. Расейцы выйшлі, хвілін 40 раіліся і зьехалі. У галаве нешта працуе, куды варта лезьці, а куды ня варта. Гэта са сьвежага.
Інфармацыйнае поле існуе, схаваць яго расейцы ня могуць. Частка крымчанаў перажываюць праз «тэатар баявых дзеяньняў» і зьяжджаюць ад граху далей на тэрыторыю Расеі. Гэта гаворыць пра тое, што няма прагрэсу ў Расеі, нічога ня могуць зрабіць, акопваюцца. Я разумею, што Пуцін сказаў пакласьці людзей, закапаць у акопах. Яму ўсё роўна. А ў нас няма выбару. Як кажуць, змагайцеся і пераможаце.