На некаторых участках чыгункі ў Дзятлаўскім і Лідзкім раёнах рэйкі былі дрэнна замацаваныя — не хапала крапежных дэталяў. Частка шпалаў пашкодзілася — іх трэба было замяніць.
Мэтай пракурорскай праверкі было зразумець, у якім стане знаходзяцца чыгуначныя масты і шляхаводы Баранавіцкага аддзяленьня Беларускай чыгункі. Парушэньні знайшлі ў двух згаданых раёнах.
Акрамя рэек, пытаньні былі да аднаго з мастоў. Кабэлі сыгналізацыі часткова не былі прыкрытыя адмысловым кажухом. Гэта небясьпечна: па-першае, драты не абароненыя ад дажджу і сьнегу, па-другое, да іх мог падысьці хто заўгодна.
Таксама рэвізоры выявілі, што жалезабэтонны сход з насыпу да апораў мосту не абсталяваны парэнчамі. Гэта небясьпечна для супрацоўнікаў, якія абслугоўваюць мост. У пешаходнай частцы моста праверка знайшла дзірку ў прыступках — адтуліну памерам прыкладна 16 на 4 сантымэтры. Акрамя таго, каля апораў дзесяці сьвяцільняў так і не аднавілі асфальт.
Пасьля праверкі Горадзенская транспартная пракуратура даручыла службовым асобам выправіць усе парушэньні.
Форум