Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 7 кастрычніка: супрацоўніцу Ernst & Young двойчы асудзілі паводле палітычных артыкулаў


Крысьціна Сашнікава, архіўнае фота
Крысьціна Сашнікава, архіўнае фота

Свабода працягвае весьці хроніку палітычнага перасьледу ў Беларусі.

Суды над аўдытаркай

Крысьціну Сашнікаву асудзілі другі раз у верасьні 2025 году. Спачатку 33-гадовая жанчына пачула прысуд за пратэсты. А пасьля яе адправілі ў СІЗА ў новай справе.

Пасьля школы яна паступіла ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт, на ўлікова-эканамічны факультэт. Крысьціна была старастай групы. У 2014‑м вучылася ў ACCA — брытанскай асацыяцыі прысяжных бухгальтараў. У 2015‑м скончыла магістратуру БДЭУ.

З 2013 году Сашнікава працавала ў кампаніі Ernst & Young, дайшла да пасады старшай адмыслоўкі ў аўдыце (анг. Assurance Senior). Удзельнічала ў розных кірунках дзейнасьці кампаніі, пэрыядычна выступала ва ўнівэрсытэтах, дзе расказвала пра асаблівасьці сваёй працы, піша «Наша Ніва».

У сьнежні 2024 году Крысьціну Сашнікаву асудзілі за ўдзел у пратэстах паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Падобна, ёй прысудзілі пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі.

Невядома, ці Крысьціну тады выпусьцілі, але ўрэшце яна зноў апынулася ў СІЗА. У верасьні 2025 году яе паўторна асудзілі, абвінаваціўшы ў «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361‑2 КК), «закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК) і «распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК).

Дакладны прысуд, як і зьмест абвінавачаньняў, на гэты момант невядомыя. Вядома толькі, што Крысьціне пагражаў тэрмін да 12 гадоў калёніі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG