Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта будзе армія, якая пазьней вызваліць Беларусь». Былы беларускі АМАПавец стаў добраахвотнікам ва Ўкраіне


Павал Кулажанка
Павал Кулажанка

Байцом батальёну Кастуся Каліноўскага стаў амэрыканскі беларус Павал Кулажанка. Апошнія 10 год ён жыў у Нью-Ёрку, але тыдзень таму прыехаў ва Ўкраіну, каб ваяваць на яе баку супраць расейскай арміі.

У беларускім палітычным асяродзьдзі Павал Кулажанка — асоба вядомая. Ён належыць да руху «Супраціў», які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году і прасоўвае ідэю паўстаньня супраць рэжыму Лукашэнкі. У Беларусі Павал жыў да 2011 году, служыў ва ўнутраных войсках і АМАПе. Цяпер Павал — беларускі добраахвотнік ва Ўкраіне. Ён перакананы, што беларускі батальён Каліноўскага стане ў будучыні войскам, якое вызваліць ад дыктатуры Беларусь.

«Калі салдат з чырвона-зялёным сьцягам будзе стаяць насупраць мяне са зброяй у руках, то вагацца ня будзем»

Павал расказвае, што вылецеў з ЗША на наступны дзень, як атрымаў візу. Пасьля некалькіх дзён у Варшаве, дзе месьціцца Цэнтар беларускіх добраахвотнікаў, трапіў у Кіеў.

«Гэта час выбару для ўсіх нас. Калі ён наступае, то трэба вызначацца — хто вы. Я разумею, што без свабоднай Украіны ня будзе і свабоды ў Беларусі. Для мяне як для беларуса гэта гістарычны шанец. І калі мы яго прапусьцім, то невядома, калі ён настане ізноў. Украіна — гэта адзіная краіна сьвету, якая дае пляцоўку для фармаваньня ў будучыні беларускага вызвольнага войска, якое фармуецца на базе батальёну Кастуся Каліноўскага», — кажа Павал Кулажанка.

Першай задачай беларускіх добраахвотнікаў ён называе вызваленьне Ўкраіны ад расейскіх захопнікаў, але канцавым прыпынкам для беларусаў з батальёну ён называе Беларусь і «знос лукашысцкага рэжыму».

«Апошняя апора Лукашэнкі — сілавікі. Калі ён пашле іх ва Ўкраіну, а адсюль пойдуць назад труны, то ён страціць і гэтую апошнюю апору. Як чалавек, які ваюе на баку Ўкраіны, я гатовы сустрэць тут лукашыстаў. Яны ўжо бачылі, што тут робяць з расейскімі акупантамі, зь імі тут зробяць тое самае. А ўлічваючы нашую канчатковую мэту, магу сказаць, што тады ў нас будзе менш працы, калі прыйдзе чарга вызваляць Беларусь», — кажа Павал.

На ўдакладняльнае пытаньне, што ён зробіць, калі пабачыць на полі бою салдата з чырвона-зялёным сьцягам на форме, ён упэўнена адказвае:

«Калі ён будзе стаяць насупраць мяне са зброяй у руках, то вагацца ня будзем»

Паводле Паўла, батальён Каліноўскага валодае ўсёй інфармацыяй пра тое, якія войскі сканцэнтраваныя па той бок беларускай мяжы, якая ў іх зброя і адзінкі бранятэхнікі.

«Калі яны захочуць сюды прыйсьці зь нядобрымі намерамі, то іх чакае шквальны агонь і „Байрактары“ (турэцкія бесьпілётнікі), і яны ўсе будуць зьнішчаныя», — кажа Павал.

«Гэта час вызначэньня сапраўдных мужчын і беларусаў у справе вызваленьня сваёй Айчыны»

На сёньня ў батальёне Кастуся Каліноўскага, паводле Паўла Кулажанкі, больш за сотню байцоў. На наступным тыдні чакаецца прыбыцьцё чарговай групы.

«Ужо ёсьць палітычнае рашэньне наконт пашырэньня нашага фармаваньня. Прабіваем уласную базу для трэніровак. Да нас тут вельмі добрае стаўленьне, памятаюць ранейшы досьвед зь беларусамі. Калі мы ехалі зь Львова, то правадніца зьдзівілася, што мы беларусы. Але мы патлумачылі ёй розьніцу паміж беларусамі і лукашыстамі», — кажа Павал.

«У нас моцны калектыў, які стварае штаб камандаваньня батальёну. Калектыў добра асэнсоўвае свае мэты, у тым ліку канчатковую, і робіць усё, каб гэтае фармаваньне пашырылася. Мы робім усё для канцэнтрацыі рэсурсаў у адным месцы. Адзіны патэнцыял, які можа перайсьці ў вызвольную армію для будучай Беларусі, — гэта той аддзел, дзе я цяпер».

Беларусы на ўкраінскім баку ўдзельнічаюць сёньня ў розных фармаваньнях, але батальён Каліноўскага — найбуйнейшы.

«Мы запрашаем усіх да сябе, людзей з баявым досьведам. Яны стануць касьцяком нашага батальёну. Гэта час вызначэньня сапраўдных мужчын і беларусаў у справе вызваленьня сваёй Айчыны. Тут не павінна спыняць ні адлегласьць, ні ўзрост, ні баявы досьвед. Баявога досьведу ў батальёну шмат. Ёсьць вельмі дасьведчаныя інструктары. Усяму можна навучыцца. Ня думаю, што нехта можа навучыць лепш, чым інструктары, якія ваююць з 2014 году», — кажа Павал.

Байцы батальёну ўжо ўдзельнічалі ў баявых апэрацыях. І сёньня дзьве чарговыя групы выйшлі на баявое заданьне. Перш за ўсё ў такіх апэрацыях удзельнічаюць людзі з баявым досьведам, добра экіпаваныя і з добрай зброяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG