Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FIDE дыскваліфікавала расейскага гросмайстра Сяргея Каракіна за падтрымку вайны ва Ўкраіне


Камісія па этыцы Міжнароднай шахматнай фэдэрацыі (FIDE) дыскваліфікавала на паўгода расейскага гросмайстра Сяргея Каракіна за падтрымку ім вайны ва Ўкраіне. Пра гэта паведамляецца на сайце фэдэрацыі.

Каракіна дыскваліфікавалі за парушэньне артыкула 2.2.10 Кодэксу этыкі FIDE. Ён прымяняецца, калі гульня ў шахматы, FIDE або зьвязаныя з ёю фэдэрацыі «неапраўдана паўстаюць у неспрыяльным сьвятле і тым самым наносіцца шкода іх рэпутацыі».

Пакараньне зьвязана з тым, што Каракін публічна падтрымаў расейскае ўварваньне ва Ўкраіну і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і працягнуў выступаць у яго падтрымку, нягледзячы на асуджэньне з боку FIDE.

У тэлеграм-канале расейскага гросмайстра пад назвай «Шахматны патрыятызм» рэгулярна зьяўляюцца пасты ў падтрымку вайны. У прыватнасьці, 21 сакавіка быў апублікаваны «зварот да адэкватных украінцаў», у якім Каракін фактычна заклікае Ўкраіну здацца, заяўляючы, што ў яе няма шанцаў на перамогу.

Дыскваліфікацыя Каракіна не дазволіць яму згуляць у турніры прэтэндэнтаў на званьне чэмпіёна сьвету, які пройдзе з 16 чэрвеня па 7 ліпеня. Раней ён ужо гуляў у матчы на першынство сьвету, але саступіў чэмпіёну Магнусу Карлсэну.

З прычыны ваеннай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне зборныя РФ і Беларусі часова выключаныя са спаборніцтваў FIDE. У індывідуальных турнірах, аднак, шахматысты краін-агрэсараў змогуць гуляць пад сьцягам FIDE.

Прэзыдэнт FIDE, былы высокапастаўлены расейскі чыноўнік Аркадзь Дварковіч, выступіў з асуджэньнем вайны і за мір, хоць наўпрост і не заявіў аб адказнасьці Расеі за агрэсію. Ён таксама выказаўся ў падтрымку ўкраінскіх шахматыстаў.

«Войны — гэта найгоршае, з чым можна сутыкнуцца ў жыцьці. Любая вайна. Усюды. Войны ня проста забіваюць неацэнныя жыцьці. Войны забіваюць надзеі і спадзяваньні, замарожваюць або руйнуюць адносіны і сувязі. Гэта тычыцца і гэтай вайны. Мае думкі з украінскімі цывільнымі асобамі, у тым ліку многімі гульцамі, якія цяпер у небясьпецы і якія ня могуць спаборнічаць або нават думаць пра шахматы падчас вайны», — сказаў Дварковіч у інтэрвію.

Гэтыя словы выклікалі рэзкую рэакцыю аднаго з кіраўнікоў «Адзінай Расеі» Андрэя Турчака, які абвінаваціў Дварковіча ў «нацыянал-здрадзе». Пасьля гэтага Дварковіч сышоў з пасады прэзыдэнта фонду «Сколкава», які ён займаў з 2018 году.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG