Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежныя сацыёлягі: 71% расейцаў адчувае гонар за вайну з Украінай


Прапагандысцкі плякат у падтрымку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, Севастопаль, 9 сакавіка 2022
Прапагандысцкі плякат у падтрымку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, Севастопаль, 9 сакавіка 2022

Амаль тры чвэрці насельніцтва Расеі падтрымліваюць вайну з Украінай, адчуваючы такія пазытыўныя эмоцыі, як гонар, радасьць, павагу, давер і надзею.

Пра гэта сьведчаць дадзеныя двух апытаньняў, праведзеных групай незалежных расейскіх сацыёлягаў з інтэрвалам у паўтара тыдня з канца лютага да сярэдзіны сакавіка. Вынікі паступілі ў рэдакцыю Радыё Свабода.

Гэты пункт гледжаньня адрозьніваўся ў залежнасьці ад узросту, адзначаюць аўтары дасьледаваньня. Расейцы, старэйшыя за 35 гадоў, часьцей выказвалі пачуцьці гонару, павагі і надзеі. Рэспандэнты ва ўзросьце да 18 гадоў былі больш схільныя да крыўдаў і расчараваньняў. Двое зь пяці расейцаў выказвалі занепакоенасьць з нагоды войны, і аб гэтых пачуцьцях часьцей за ўсё паведамлялі маладыя расейцы. Расейцы ў сярэдніх узроставых групах (ад 25 да 44 гадоў) часьцей паведамлялі пра пачуцьцё трывогі і страху наконт ваеннай апэрацыі. Больш за палову апытаных, старэйшых за 55 гадоў, падтрымліваюць вайну з Украінай.

Адрозьненьні паміж першым і другім апытаньнямі паказваюць павелічэньне колькасьці людзей, якія падтрымліваюць «ваенную апэрацыю» і незалежнасьць так званых «ДНР» і «ЛНР». У той жа час расьце пэсымізм у дачыненьні да асабістага фінансавага становішча ў сувязі з уведзенымі ў адносінах да Расеі краінамі Захаду санкцыямі.

Пры гэтым, як адзначаюць аўтары, вынікі другога апытаньня, праведзенага 12–13 сакавіка, у пэрыяд узмацненьня жорсткасьці дзяржаўнага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі і свабодай слова, трэба інтэрпрэтаваць з улікам магчымага ўплыву страху і сацыяльнай перадузятасьці на стаўленьне да паведамленьняў.

Апытаньні таксама паказалі, што тры чвэрці насельніцтва Расеі даведваецца пра вайну з тэлевізара. Зь іх 87 працэнтаў (і 64 працэнты ўсіх жыхароў Расеі) — зь дзяржаўных тэлеканалаў. 22 працэнты расейцаў карыстаюцца радыёпрымачамі для атрыманьня навінаў, і толькі адзін працэнт рэспандэнтаў атрымлівае доступ да інфармацыі на кароткіх хвалях.

Выкарыстаньне VPN для навін аб «ваеннай апэрацыі», па дадзеных аўтараў дасьледаваньня, складае пяць з паловай працэнтаў. З тых, хто наогул выкарыстоўвае інтэрнэт, каб даведвацца навіны пра вайну, 37 працэнтаў ня ведаюць, што такое VPN. YouTube карыстаюцца 11 працэнтаў рэспандэнтаў, Telegram — сем.

На думку сацыёлягаў, маладыя расейцы ва ўзросьце да 35 гадоў з большай імавернасьцю будуць зь некаторым ці поўным недаверам ставіцца да навінаў аб Украіне ў параўнаньні са старэйшым пакаленьнем. У той жа час аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што маладыя расейцы ва ўзроставай групе ад 18 да 24 гадоў часьцей выказвалі абыякавасьць да таго, што адбываецца ва Ўкраіне.

Адказваючы на пытаньне аб тым, як на іх уплываюць дзеяньні прэзыдэнта Расеі, траціна рэспандэнтаў заявілі, што цьвёрда вераць, што Пуцін працуе ў іхных інтарэсах, а яшчэ 26 працэнтаў гавораць, што ён у нейкай ступені працуе ў іхных інтарэсах.

У цэлым большасьць расейцаў лічаць, што было б лепш, калі б Пуцін заставаўся прэзыдэнтам як мага даўжэй. Гэтая думка найбольш распаўсюджаная сярод тэлевізійнай аўдыторыі. Расейцы, якія пакладаюцца на асабістыя сувязі і лічбавыя плятформы, успрымаюць прэзыдэнта інакш, гаворыцца ў дасьледаваньні незалежных расейскіх сацыёлягаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG