Яна адмовілася выяжджаць з Кіева, нягледзячы на небясьпеку яго захопу, і дапамагае вайскоўцам тэрытарыяльнай абароны.
У інтэрвію «Настоящему времени» Рогаўцава назвала Пуціна ваенным злачынцам і заявіла, што не разумее, чаму расейцы «замбаваныя» і вырашылі, што ўкраінцы «ворагі, што мы нейкія зьвяры». «Я не магу зразумець, як гэта можна прыдумаць, а потым зьнішчаць людзей за свае прыдумкі. Гэта ня мае нічога агульнага з рэальнасьцю!» — падкрэсьліла яна.
— Раскажыце, калі ласка, чаму вы прынялі рашэньне не выкарыстоўваць расейскую мову ў публічнай прасторы.
— Гэта прынцыпова. Ведаеце, я з расейскамоўнай сям’і, я ўвогуле працавала ў расейскім тэатры, шмат працавала ў Расеі. Але калі над тваёй зямлёй, над тваёй сям’ёй лятаюць варожыя самалёты, і на твой народ ляцяць бомбы і «Грады», і побач з тваім домам руйнуюцца іншыя дамы, і там людзі сядзяць пад заваламі, — тады ня хочацца выкарыстоўваць мову людзей, якія вінаватыя ў тым, што адбываецца на тваёй зямлі.
— Вы цяпер знаходзіцеся ў бясьпецы?
— Я ў Кіеве, так што я як усе, са сваім народам. Я нікуды не паехала і не паеду ніколі, пакуль ня будзе міру і можна будзе кудысьці проста так паехаць адпачываць.
— Як ваш дзень у Кіеве праходзіць?
— У мяне ўсе на вайне, у тэрытарыяльнай абароне: і ўнук, і зяць. І дачка ў валянтэрскім цэнтры, які яна ўзначальвае. І я зь імі, са сваімі ваярамі, якія да мяне прыходзяць і паесьці, і памыцца, і проста абняцца. Я шмат каго ведаю, таму што з 2014 году я на вайне. Я ўсюды была, я ўсё бачыла і ведаю шмат — не таму, што я нешта дзесьці прачытала ці хтосьці мне нешта сказаў. А таму, што бачыла вайну.
І тое, што адбываецца цяпер... Ведаеце, калі б так здарылася, што забілі б маё дзіця, я б загрызла таго чалавека, які гэта зрабіў! Я б зубамі яго разарвала. А забіваюць нашых дзяцей! Вы разумееце, што ў нашых душах, што ў нашых сэрцах і што ў нашых галовах у сувязі з гэтым адбываецца? Як гэта ператрываць, як гэта зразумець?
Я 18-га [сакавіка] павінна была граць у спэктаклі ў Харкаве. А да гэтага я недзе месяц-паўтара грала ў Харкаве. А цяпер проста няма месца, дзе мне можна граць у Харкаве. А ўчора разбамбілі тэатар у Марыюпалі, дзе былі ўцекачы, і я там таксама вельмі шмат грала. І ў Сумах, гэта мая радзіма. І ў Чарнігаве — я Ўкраіну добра ведаю. Я пабывала ў многіх гарадах Украіны, амаль ва ўсіх, са спэктаклямі, з канцэртамі, з сустрэчамі. Таму я ведаю і людзей, і гэтыя гарады, і месцы. Гэта ўсё маё, гэта маё сэрца, мой сэнс жыцьця — быць на гэтай зямлі, любіць яе і абараняць да апошняга.
— Вы гралі, у прыватнасьці, у фільме «Адмірал» з расейскімі зоркамі Хабенскім, Баярскай, Бероевым, Бязрукавым і гэтак далей. Вы спрабавалі зь імі зьвязацца і данесьці да іх, што адбываецца ва Ўкраіне?
— Не, гэта немагчыма. Мне ніхто не ператэлефанаваў ні разу. Што б ты ні казаў, людзі ў Расеі, мне так здаецца, настолькі замбаваныя, што яны чамусьці вырашылі, што мы іхныя ворагі і што мы нейкія зьвяры, ці я нават ня ведаю што. Я не магу зразумець, што яны думаюць аб такіх простых, сумленных, шчырых, добрых людзях, як украінцы. Як гэта можна: нешта прыдумаць, а потым людзей зьнішчаць за свае прыдумкі? Гэта ня мае ніякай рэальнасьці, нічога агульнага з рэальнасьцю!
— Вы ж зь імі шмат размаўлялі, вы разумееце, у які момант гэта адбылося і чаму?
— Ведаеце, гэта гістарычна неяк так здарылася. Калі б не было Пуціна, можа, яно было б неяк па-іншаму. Але ёсьць гэтая варожасьць, тое, што яны крыху пагардліва глядзяць на наш народ, на нашу гісторыю, на нашы традыцыі. Можа быць, гэта, вядома, неяк бы сышло на нішто, ня вырасла б у такую непрыязнасьць, нянавісьць, якая цяпер проста відавочная ўсяму сьвету. Увесь сьвет бачыць гэтую несправядлівасьць — акрамя расейцаў. А яны яе ня бачаць! Яны чамусьці думаюць, што мы жадаем зрабіць ім нешта подлае.
Я ня ведаю, я не хачу нават фантазаваць у гэтым кірунку: што дрэннага мы зрабілі, каб нас так ненавідзець? Гэта ж даўно пачалося, яшчэ калі мы толькі адваявалі сваю незалежнасьць. Яшчэ тады на нашай сустрэчы з расейскімі акторамі адна акторка сказала: «Ну як там ваша незалежнасьць?» Вы ведаеце, гэтае стаўленьне «зьверху» мяне назаўжды пакрыўдзіла тады. Я тады выступіла з прамовай, ня крыўдзячы, а абараняючы нашу незалежнасьць, нашу свабоду, нашу волю. Калісьці Леся Украінка напісала: «Вольна ідзе хмарка па небе, павольна, і мы вольныя». А цяпер, калі наша неба несвабоднае, калі ляцяць самалёты і ляцяць з гэтага неба бомбы і «Грады», то вялікі сум прыходзіць. А акрамя суму яшчэ і гнеў зьяўляецца, калі забіваюць нашых дзяцей. Мы гатовы пасьля такога грызьці ворага.
— Што дапамагае вам захоўваць веру ў перамогу?
— Я ў 1945 годзе перажыла перамогу ў вайне. Я тады была маленькай, я 1937 году нараджэньня. І я ведаю, што такое перамога, якой крывёй яна даецца, якімі нечалавечымі намаганьнямі, але я ведаю, што такое перамога.
Я ведаю, што тая перамога была над такім ворагам, што перамога над ім здавалася немагчымай. І я веру, што і над гэтым, цяперашнім ворагам мы таксама атрымаем перамогу, таму што ў нас ёсьць дух чалавечы, жаданьне быць вольным чалавекам на сваёй зямлі. Мы ня вельмі багатыя былі ў апошні час пасьля развалу Саюзу. І калі мы адбудоўвалі сваю дзяржаву, нельга было сказаць, што гэта была краіна багатых людзей. Але нельга адабраць у нас тое, што ў нас было.
Што такое ўцекачы з Украіны, куды яны едуць? Што іх чакае? Яны выехалі безь нічога, кінулі ўсё, потам і крывёю адваяванае: гэтыя невялікія грошы, утульнасьць, месцы, дзе дзеці гулялі. І ўсяго гэтага больш няма, нічога няма ў людзей, увогуле нічога. Ёсьць толькі жах, і нават няма радасьці, што яны вырваліся, таму што яны думаюць: «А што далей? А як далей, калі ў цябе маленькія дзеткі і калі ты вырваўся з голаду і жаху, ад бомбаў?»
Маё сэрца рвецца за кожнага. Калі доўга жывеш на сьвеце — а я доўга жыву, мне 84 гады, я шмат бачыла, шмат ведаю, і людзей шмат ведаю. І тых, якіх я ня ведаю, я іх усё роўна ведаю, я іх люблю. І я веру ў тое, што гэты народ пераможа. Яго нельга скарыць. Колькі б ні хацелі заваяваць украінцаў — іх не зламаць. Іх крыху так можна прыглушыць, але яны ўсё роўна паўстаюць. І цяпер народ паўстаў як адзін, вы ж гэта бачыце.
І ўвесь сьвет бачыць гэтую несправядлівасьць, увесь сьвет бачыць, што адбываецца. Пуціна прызналі злачынцам: злачынец кіруе Расеяй, якая калісьці была вялікай, а цяпер — дзяржава-злачынца. І яшчэ пагражае міру ядзернай зброяй! Гэта не чалавек — людзі так ня могуць ні думаць, ні адчуваць, ні дзейнічаць. Гэта д’ябал.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.