У судзе Маскоўскага раёну Берасьця 16 сакавіка судзьдзя Марына Скалковіч асудзіла яшчэ двух фігурантаў «справы карагодаў», паведамляе «Вясна».
Палітзьняволенаму экс-сьледчаму Аляксандру Антанюку прысудзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») 1 год і 6 месяцаў калёніі, а Руслану Гачынскаму — 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову («хатняй хіміі»). Менавіта такое пакараньне і запрошваў пракурор.
Гачынскі на судзе сваю віну прызнаў цалкам, экс-сьледчы Антанюк віны не прызнаў.
Паводле вэрсіі абвінавачаньня, на кадрах мужчына ў акулярах і масцы быў абвінавачаным Антанюком. Пракурор на судзе прадставіла заключэньне судова-партрэтнай экспэртызы кадраў і фота, зробленых 13 верасьня 2020 году на акцыі пратэсту, аднак экспэрты прыйшлі да высновы, што толькі зь верагоднасьцю 16,5% можна сьцьвярджаць, што гэта быў Аляксандар Антанюк.
Таксама пракурор на судзе далучыла да матэрыялаў справы дадзеныя мабільнага апэратара, паводле якіх «13.09.2020 да 15:30 тэлефон Антанюка рухаўся ў тых жа раёнах, што і калёна пратэстоўцаў», але з 15:30 да 18:00 тэлефон Антанюка быў выключаны.
Як піша берасьцейская «Вясна», Аляксандар Антанюк да ліпеня 2020 году працаваў сьледчым — прычыны яго звальненьня невядомыя. 2 лістапада 2021 году яго затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА, да суду ён знаходзіўся пад вартай. Руслана Гачынскага пачалі судзіць у лістападзе з 10-й групай «карагоднікаў». Тады яго судзілі разам з жонкай Вольгай Гачынскай, але мужчына захварэў, таму справу супраць яго вынесьлі ў асобную вытворчасьць. Вользе прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі».
13 верасьня 2020 году падчас акцыі пратэсту ў Берасьці людзі сабраліся на скрыжаваньні бульвару Касманаўтаў і праспэкту Машэрава. Пратэстоўцаў разагналі вадамётам. Пасьля гэтага завялі крымінальную справа па ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
У «карагоднай справе» ўжо асудзілі 116 чалавек. Агулам на ўсіх ім прысудзілі
- 13 гадоў і 8 месяцы калёніі,
- 84,5 года «хіміі»,
- 97 гадоў «хатняй хіміі».
Пракуратура паведамляе, што крымінальная справа яшчэ супраць 6 фігурантаў «справы карагодаў» накіраваная ў суд.
Затрыманьні ў Менску
Сёньня ў Менску затрымалі вулічнага мастака Алега Ларычава, паведамляе «Еўрарадыё». Ларычаў — каардынатар стрыт-арт праекту SIGNAL, ён вельмі шмат зрабіў для таго, каб на будынках у Менску зьяўляліся прыгожыя муралы. У свой час яго фота было на сацыяльнай рэкляме «Гэта я» — такім чынам дзякавалі за працу яму і чыноўнікі.
Ёсць зьвесткі, што цяпер Ларычава ўтрымліваюць у Цэнтральным РУУС на Арлоўскай, піша «Вясна». Паводле непацверджанай інфармацыі, разам зь ім таксама затрымалі Алеся Белага — вядомага беларускага блогера, гісторыка, публіцыста і культуроляга.
Таксама недалёка ад украінскай амбасады затрымалі TikTok блогера Мікіту Бялевіча. Хутчэй за ўсё ён здымаў новы ролік. Папярэдне, ён быў затрыманы разам з Алесем Белым і Алегам Ларычавым, паведамляе «Вясна».
У Гомлі ГУБАЗіК затрымаў 41-гадовага мужчыну
На праўладным тэлеграм-канале разьмясьцілі відэа зь яго затрыманьнем, якое адбылося ў кватэры, а таксама «пакаяльнае» відэа, на якім мужчына ў відавочна прыгнечаным стане «прызнаецца» ў тым, што публічна абражаў супрацоўнікаў міліцыі і заклікаў да масавых беспарадкаў у Гомлі. Прозьвішча затрыманага сілавікі не называюць, аднак паведамляюць, што на яго ўжо завялі крымінальную справу паводле арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады».
У Горадні затрымалі электраманцёра
У сацыяльных сетках ён нібыта разьмяшчаў «экстрэмісцкія» матэрыялы, абражаў Лукашэнку і службовых асобаў, зарэгістраваўся ў пляне «Перамога». Як сьцьвярджаюць сілавікі, яму пагражае арт. 361-1 КК РБ «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім», мужчына ўзяты пад варту, паведамляе «Вясна».
ГУБАЗіК затрымаў жыхара Гомельшчыны за камэнтары пра сілавікоў
Прозьвішча мужчыны не паведамляецца. У праўладным тэлеграм-канале, дзе было разьмешчана яго фота, гаворыцца, што ў «беларускіх, украінскіх і расейскіх тэлеграм-каналах затрыманы абражаў сілавікоў і заклікаў да гвалту ў дачыненьні да іх сем'яў». Паведамляецца, што на мужчыны завялі адразу некалькі крымінальных спраў.