Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка заклікаў прызнаць Беларусь тэрыторыяй, часова акупаванай Расеяй


Павал Латушка, кіраўнік НАК
Павал Латушка, кіраўнік НАК

Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва (НАК) выступіла з заявай, у якой назвала Беларусь часова акупаванай тэрыторыяй і заклікала міжнародную супольнасьць даць адпаведную прававую ацэнку.

«Рэжым Лукашэнкі фактычна страціў самастойнасьць у прыняцьці рашэньняў і ў выніку страціў фармальны кантроль над тэрыторыяй Беларусі, — гаворыцца ў заяве НАК, апублікаванай у тэлеграм-канале Паўла Латушкі. — У выніку бесьперашкоднага маштабнага ўводу расейскіх узброеных сіл у Рэспубліку Беларусь яе тэрыторыя выкарыстоўваецца як пляцдарм для нападу на Ўкраіну. Супраць волі беларускага народу краіна аказалася ўцягнутай у вайну і ператварылася ў агрэсара ў адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права».

У заяве гаворыцца, што «Беларусь рызыкуе сутыкнуцца і з будучай адказнасьцю за ўдзел у вайне з Украінай, у тым ліку — выплатай Украіне рэпарацый у якасьці кампэнсацыі за прычыненыя вайной страты».

«Той факт, што цывільныя ўлады Беларусі, адміністрацыі гарадоў і раёнаў да гэтага часу падпарадкоўваюцца рэжыму Лукашэнкі, а не наўпрост уключаныя ва ўладныя структуры Расейскай Фэдэрацыі — не адмяняе факту акупацыі нашай краіны, — падкрэсьлівае Нацыянальнае антыкрызіснае кіраўніцтва. — Відавочна, што ні беларускія ўлады, ні беларускія Ўзброеныя сілы ня робяць нічога, што дазваляла б пацьвердзіць іх самастойнасьць, ня кажучы ўжо пра актыўнае ці нават пасіўнае супрацьдзеяньне расейскім Узброеным сілам, якія ў парушэньне Канстытуцыі і законаў Беларусі выкарыстоўваюць тэрыторыю Беларусі як пляцдарм для нападу на Ўкраіну».

Адна з галоўных прыкмет сувэрэнітэту, кантроль над тэрыторыяй перайшоў пад частковае кіраваньне Расейскай Фэдэрацыі і наўпрост выкарыстоўваецца для вырашэньня задач у ваеннай сфэры — што зьяўляецца безумоўнай прыкметай акупацыі.

Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва лічыць, што ў выніку прызнаньня міжнароднай супольнасьцю факту акупацыі Беларусі Расейскай Фэдэрацыяй «стане магчымым эфэктыўнае прасоўваньне наступных прынцыповых пытаньняў», і пералічвае іх у сваёй заяве:

  • «Аб захаваньні тэрытарыяльнай цэласнасьці і незалежнасьці Беларусі. Міжнароднае прызнаньне Беларусі часова акупаванай тэрыторыяй зьяўляецца важнай прэвэнтыўнай мерай для абароны сувэрэнітэту нашай краіны, паколькі любыя магчымыя дзеяньні акупантаў па зьмене юрыдычнага статусу акупаванай тэрыторыі ня будуць мець ніякай сілы з пункту гледжаньня міжнароднага права, якое абавязвае акупантаў безумоўна яе пакінуць».
  • «Аб прадухіленьні разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскай ядзернай зброі і стварэньня пагрозаў рэгіянальнай бясьпецы».
  • «Аб ацэнцы любой актыўнасьці грамадзян Беларусі па супрацьстаяньні рэжыму Лукашэнкі і расейскай акупацыі як дзеяньняў, якія зьдзяйсьняюцца ў рамках нацыянальна-вызваленчага руху па абароне сувэрэнітэту і незалежнасьці нашай краіны».
  • «Аб пазбаўленьні марыянэткавага ўраду Лукашэнкі міжнародна-прававой суб’ектнасьці і аб прыпыненьні ўдзелу Беларусі ў міжнародных арганізацыях (ААН, МВФ і інш.) — да спыненьня акупацыі і дэмакратычнага фармаваньня новага ўраду».
  • «Аб сынхранізацыі санкцый у дачыненьні да Расеі і Беларусі як акупаванай тэрыторыі і ліквідацыі магчымасьцяў для Расеі па абходзе санкцый празь Беларусь і выкарыстаньні нашай краіны як афшорнай зоны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG