46-ы прэзыдэнт ЗША і ягоны бацька — цёзкі, абодвух завуць Joseph Robinette Biden. Таму да прозьвішча прэзыдэнта дадаецца слова Junior ці скарачэньне Jr. — малодшы. У санкцыйным сьпісе, апублікаваным МЗС Расеі, гэтага прыдатку няма.
Санкцыі Расеі супраць Джо Байдэна і шэрагу іншых амэрыканскіх палітыкаў і супрацоўнікаў дзяржаўных структур істотна не паўплываюць на іхныя пляны, адзначыла прэсавая сакратарка Белага дому Джэн Псакі падчас брыфінгу ў Вашынгтоне.
«Афіцыйна прозьвішча прэзыдэнта пішацца „Байдэн-малодшы“, таму яны маглі ўвесьці санкцыі супраць бацькі (прэзыдэнта), але ён спачывае ў міры», — адзначыла Псакі, дадаўшы, што «ніхто з нас не плянуе турыстычных паездак у Расею. Ніхто з нас ня мае там банкаўскіх рахункаў, доступу да якіх мы маглі б пазбавіцца, таму ідзём далей».
МЗС Расеі ў адказ на пэрсанальныя санкцыі ЗША супраць расейскіх службовых асобаў за ваенную агрэсію ва Ўкраіне апублікаваў 15 сакавіка «чорны сьпіс» з 13 амэрыканскіх грамадзян. Пад санкцыі, акрамя Джо Байдэна трапілі, сярод іншага, міністар абароны Лойд Остын, кіраўнік CIA Уільям Бэрнс, дзяржсакратар Энтані Блінкен, дарадца ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джэйк Саліван, а таксама былы дзяржсакратар і былы кандыдат у прэзыдэнты Гілары Клінтан.
У расейскім дыпляматычным ведамстве растлумачылі, што такая мера зьяўляецца адказам на беспрэцэдэнтны санкцыйны ціск Вашынгтону, аднак Масква пры гэтым не адмаўляецца ад падтрыманьня зь ім афіцыйных сувязяў.