Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША выступілі зь перасьцярогай Кітаю, каб не дапамагаў расейскаму ўварваньню ва Ўкраіну


Нэд Прайс
Нэд Прайс

«Мы не дазволім ніводнай краіне кампэнсаваць Расеі яе страты», — заявілі ў Дзярждэпартамэнце ЗША.

Прэс-сакратарка Белага дома Джэн Псакі ў сваю чаргу адзначыла, што ЗША «зьнішчылі» эканоміку Расеі, піша Голас Амэрыкі.

Злучаныя Штаты папярэдзілі Кітай аб тым, што ён сутыкнецца з наступствамі, калі прыме рашэньне даць падтрымку Маскве ва ўмовах эканамічных санкцый з боку Захаду. Аб гэтым заявіў кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс. Заява прагучала пасьля таго як дарадца прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джэйк Саліван і памочнік дзяржсакратара ЗША ў справах Усходняй Азіі і Ціхага акіяну Дэніэл Крытэнбрынк сустрэліся ў Рыме з кіраўніком канцылярыі Камісіі ЦК Кампартыі Кітая ў замежных справах, членам Палітбюро Ян Цзячы.

«Мы вельмі ўважліва сочым за тым, ці аказвае КНР або любая іншая краіна падтрымку Расеі ў якой-небудзь форме: матэрыяльнай, эканамічнай, фінансавай. Любая такая падтрымка адкуль заўгодна ў сьвеце выклікала б у нас вялікую заклапочанасьць. Мы ясна далі зразумець Пэкіну, што ня будзем безуважныя. Мы не дазволім ніводнай краіне кампэнсаваць Расеі яе страты», — сказаў ён.

У Белым доме паведамілі, што Саліван і Ян Цзячы на сустрэчы ў Рыме падрабязна абмеркавалі сытуацыю вакол Украіны.

Як зазначыў са свайго боку Ян Цзячы, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн раней заяўляў аб тым, што яго адміністрацыя ня хоча пачатку новай халоднай вайны, не імкнецца да зьмены палітычнага ладу Кітая, а таксама ня будзе ствараць на міжнароднай арэне блёкаў супраць КНР.

«Спадзяёмся, што амэрыканскі бок будзе выконваць гэтыя абяцаньні прэзыдэнта Байдэна», — дадаў ён.

Ён адзначыў, што бакам неабходна садзейнічаць стварэньню ўмоў для вяртаньня адносін Кітая і ЗША на «верны шлях нармальнага і стабільнага разьвіцьця».

Аб руйнавальных наступствах для расейскай эканомікі пасьля ўведзеных у дачыненьні да краіны санкцый заявіла прэс-сакратарка Белага дома Джэн Псакі.

«Якім будзе фінал — гэта пытаньне да прэзыдэнта Пуціна. Мы цалкам зьнішчылі яго эканоміку», — сказала Псакі на брыфінгу.

Раней прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што расейскія ўлады прымаюць меры падтрымкі эканомікі і што ёсьць падставы меркаваць, што наступствы санкцый супраць Расеі будуць мінімізаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG