Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны: «Адзіны шлях спыніць агрэсію — цалкам перакрыць кісларод расейскай эканоміцы»

абноўлена

Украінскі міністар замежных спраў Дзьмітро Кулеба
Украінскі міністар замежных спраў Дзьмітро Кулеба

Украінскі міністар замежных спраў Дзьмітро Кулеба падкрэсьліў, што цяпер распрацоўваюць дадатковыя абмежаваньні для Расеі, каб закрыць усе магчымыя шляхі абыходу міжнародных санкцый.

У Кіеве расказалі пра пляны новых санкцый краін Эўразьвязу супраць Расеі, пра якія ў Брусэлі кансультуюцца з уладамі Ўкраіны.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што чацьвёрты пакет санкцый Эўразьвязу супраць Расеі будзе прадугледжваць абмежаваньні ня толькі для фізычных асобаў — грамадзян Расеі, але і для шэрагу прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу.

«Чацьвёрты пакет будзе прадугледжваць санкцыі супраць шэрагу вялікіх расейскіх кампаній з акцэнтам на кампаніях расейскага вайскова-прамысловага комплексу. Максымальна будзем ціснуць на тое, каб звузіць прастору для функцыянаваньня расейскай вайсковай машыны», — паведаміў Дзьмітро Кулеба 14 сакавіка на брыфінгу ў Кіеве.

Цяпер, паводле яго, МЗС Украіны пераконвае сваіх замежных калег у неабходнасьці працягваць уводзіць усё новыя санкцыі супраць Расеі, пакуль яна абстрэльвае ўкраінскія гарады, у выніку чаго гіне вялікая колькасьць мірнага насельніцтва, у тым ліку дзяцей.

Дзьмітро Кулеба заклікаў усе міжнародныя кампаніі і замежныя ўрады перастаць купляць у Расеі нафту і газ.

«Мы таксама настойваем на закрыцьці міжнародных марскіх партоў для расейскіх караблёў, на адмове ад апрацоўкі грузаў, якія з партоў накіроўваюцца ў Расею, на адключэньні новых банкаў Расеі ад сыстэмы SWIFT, і найперш — „Сбербанк России“», — удакладніў ён.

Украінскі міністар падкрэсьліў, што цяпер распрацоўваюць дадатковыя абмежаваньні для Расеі, каб закрыць усе магчымыя шляхі абыходу міжнародных санкцый, а таксама канвэртацыі расейскага рубля ў крыптавалюту.

«Расею цяпер трэба спыніць усімі даступнымі спосабамі. І пакуль украінцы спыняюць Расею цаной сваёй крыві, пакутаў і зруйнаваных гарадоў, найменшае, што можа зрабіць бізнэс, — гэта выйсьці з расейскага рынку і дапамагчы нам спыніць машыну расейскай агрэсіі».

«Наша пазыцыя простая — калі перакрываць кісларод расейскай эканоміцы, то толькі цалкам. Гэта адзіны шлях спыніць агрэсію», — падкрэсьліў Дзьмітро Кулеба.

Пад санкцыі Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, ЗША, Японіі і іншых краін трапіла і Беларусь як саўдзельніца ў арганізацыі ваеннага нападу Расеі на Ўкраіну.

Сёньня ж прадстаўнік ЭЗ у замежных справах Жузэп Бурэль заявіў, што ЭЗ знаходзіцца на завяршальнай стадыі прыняцьця новага пакету санкцый. Пра гэта інфармуе ТАСС.

Эўрапейскі Зьвяз рыхтуецца прыняць чацьвёрты пакет мер супраць Расеі ў сувязі зь яе нападам на Ўкраіну. Пра гэта ў панядзелак заявіў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Паўночнай Македоніі Дзімітарам Кавачоўскім.

«Мы набліжаемся да фінальнага этапу прыняцьця чацьвёртага пакету санкцый. Гэта пералік мер, які будзе ўхвалены падчас сумеснай працэдуры зацьвярджэньня міністрамі замежных спраў, ён будзе ўключаць новыя абмежаваньні, накіраваныя супраць Расеі. Мы выдзелім яшчэ больш асобных кампаній, што актыўна падтрымліваюць людзей, якія падрываюць украінскі сувэрэнітэт», — заявіў Барэль.

Ён удакладніў, што новыя абмежаваньні закрануць членства Расеі ў міжнародных фінансавых арганізацыях, сфэры крыптавалют, экспарту прадметаў раскошы, а таксама будуць накіраваныя на энэргетычны сэктар.

  • Як стала вядома раней, прапанаваныя Эўракамісіяй санкцыі, у прыватнасьці, прадугледжваюць прыпыненьне членства РФ у Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (СГА), Міжнародным валютным фондзе (МВФ) і Сусьветным банку, адмену рэжыму найбольшага спрыяньня ў гандлі зь дзяржавамі Захаду (што фактычна адкрые гэтым апошнім шырокія магчымасьці для ўвядзеньня мытных пошлін на расейскія тавары). Размова таксама ідзе аб абмежаваньнях супраць расейскага экспарту прадукцыі чорнай мэталюргіі, новых забаронах заходніх інвэстыцый у энэргетычны сэктар Расеі, забароне на пастаўкі ў РФ прадметаў раскошы і абмежаваньнях на набыцьцё расейскімі грамадзянамі крыптавалют.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG