Галоўнае выведнае ўпраўленьне Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла, што для вайны супраць Украіны кіраўніцтва Расеі вэрбуе наймітаў. Паводле зьвестак выведкі, Расея адкрыла ў Сырыі цэнтры вэрбаваньня на тэрыторыі, падкантрольнай рэжыму Башара Асада. Пасьля трэнаваньняў іх перавозяць у Расею самалёты Ту-134 і Ту-154. Раней праект Радыё Свабода «Схеми» пісаў пра палёты гэтых самалётаў з Сырыі ў Расею.
«Расея адкрыла 14 цэнтраў для вэрбаваньня наймітаў у Сырыі на тэрыторыях, якія кантралююцца рэжымам Асада (Дамаск, Алепа, Хама, Рака і Дэйр-эз-Зор). Пасьля кароткай падрыхтоўкі наймітаў даставяць у Расею з авіябазы Хмэймім на двух самалётах Ту-134 (да 80 пасажыраў) і Ту-154 (да 180 пасажыраў) на лётнішча «Чкалаўскі» Маскоўскай вобласьці, паінфармавала выведка ў Facebook.
Таксама ў міністэрстве дадалі, што ў апошнія дні Расея сабрала тысячы сырыйскіх наймітаў, каб папоўніць імі акупацыйныя войскі. У прыватнасьці, гэта чальцы так званага «Апалчэньня нацыянальнай абароны» і падразьдзяленьняў 5-га корпусу Ўзброеных сіл Сырыі.
«Чакаецца, што сырыйцы ўжывуць супраць украінцаў цяжкую артылерыю і снайпэрскае ўзбраеньне», — дадалі ў міністэрстве.
Паводле выведкі, Расея будзе плаціць замежным наймітам штомесячны заробак ад 300 да 600 даляраў. Акрамя жыхароў Сырыі, расейцы вэрбуюць для вайны і жыхароў Лібіі.
Раней «Схеми» паведамлялі, што два самалёты ВПС РФ, два самалёты 223-га лётнага атраду Мінабароны РФ і адзін борт спэцыяльнага лётнага атраду «Расея» з моманту поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну зьдзейсьнілі шэсьць палётаў у Сырыю і назад. Пазьней каля ўкраінскай мяжы былі заўважаныя два самалёты, якія зьніклі з радараў.
Раней The Wall Street Journal пісаў, што Расея вэрбуе сырыйцаў для вайны супраць Украіны. Выданьне адзначала, што расейскія ўлады шукаюць сырыйцаў, якія маюць вопыт вулічных баёў, спадзеючыся, што гэта дапаможа захапіць Кіеў. Экспэрты мяркуюць, што гэты крок можа сьведчыць аб эскаляцыі ваенных дзеяньняў, гаворыцца ў артыкуле WSJ.
«Расея была ключавым саюзьнікам прэзыдэнта Сырыі Башара Асада з моманту ўступленьня ў канфлікт, у асноўным праз удзел расейскіх сіл і авіяўдараў. «Група Вагнэра, якая прыбыла ў Сырыю неўзабаве пасьля ўступленьня Расеі ў баі на баку рэжыму Асада, правяла дапаможныя апэрацыі, такія як захоп радовішчаў нафты і газу і абарона іншай дзяржаўнай інфраструктуры, напрыклад, аэрапортаў», — дадала газэта.
Пазьней прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі заявіў CNN, што Расея вэрбуе замежных наймітаў для вайны ва Ўкраіне.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.