Ён вызначае стратэгічныя правалы расейскага ўварваньня ва Ўкраіну і заяўляе, што беларускае войска не разглядаецца ў Кіеве як сур’ёзны супернік.
Сьцісла:
- Былі ўсе падставы меркаваць, што апэрацыя такога маштабу проста немагчымая з гледзішча правілаў ваеннага мастацтва.
- Украінская ваенная стратэгія — гэта стратэгія «асымэтрычнага адказу».
- Расеі ўпарта працягвае выкарыстоўваць мэтодыкі сярэдзіны мінулага стагодзьдзя.
- Мы маем сытуацыю, падобную з Афганістанам, дзе савецкае войска кантралявала толькі некаторыя гарады і дарогі.
- Беларускае войска не разглядаецца як сур’ёзны супернік Украіны.
— Некалькі дзён назіраецца пэўная стабілізацыя ваеннай сытуацыі. Відавочна, што першапачатковы плян Масквы па хуткаму заваяваньню Ўкраіны праваліўся. Але ці мог ён увогуле быць выкананы? Як можна ацаніць уварваньне расейскіх войскаў з гледзішча ваеннага мастацтва?
— З пункту гледжаньня ваеннага мастацтва і правілаў плянаваньня падобных апэрацыяў гэтае ўварваньне было сплянавана абсалютна бяздарна, без уліку рэальнай сытуацыі, без аналізу і сартаваньня апэратыўных дадзеных. Без уліку палітыка-маральнага стану Ўкраіны, без уліку рэальных груповак войскаў, якія маглі процістаяць агрэсару. Гэта апэрацыя з ваеннага гледзішча ад самога пачатку была асуджаная на правал.
Я да самых апошніх хвілінаў, фактычна да поўначы на 24 лютага ня мог паверыць, хто расейскія вайскоўцы прымуць на сябе адказнасьць кіраваць такой непадрыхтаванай апэрацыяй — у тым выглядзе, у якім яна была сплянаваная, арганізаваная і запушчаная.
— То бок з ваеннага гледзішча (калі ня браць маральна-палітычнага аспэкту), калі б нейкі абстрактны нэўтральны ваенны экспэрт паглядзеў на разгортваньне гэтай апэрацыі, на колькасьць войскаў, узбраеньняў ды іншае, то ён гэтую апэрацыю назваў бы авантурай?
— Абсалютна. І не абстрактныя экспэрты, а цэлы пул канкрэтных экспэртаў, зь якім я меў магчымасьць кантактаваць, адзначалі, што групоўка войскаў на ўкраінскай мяжы ня мае нічога агульнага з маштабамі і задачамі той апэрацыі, якую яны павінны былі выканаць. Гэта ня мае нічога агульнага зь вядомымі правіламі апэратыўнага мастацтва; некаторыя вар’яцкія манэўры, якія былі зроблены, ня мелі ніякага сэнсу з гледзішча вайсковага плянаваньня.
— Выглядае, што, акрамя палітычна-псыхалягічнага аспэкту (чакалі, што іх будуць сустракаць з кветкамі), расейскія стратэгі таксама разьлічвалі на сваю перавагу ў танках і самалётах, а таксама на эфэкт нечаканасьці. Чаму гэта для іх не спрацавала так, як яны разьлічвалі?
— Ніякага бліцкрыгу не магло быць, бо Ўкраіна паралельна з Расеяй таксама рыхтавалася. Праводзіла свае вучэньні. Асноўныя баявыя часткі Ўкраіны ўжо былі выведзеныя ў раёны дысьлякацыі, таму першы ўдар расейцы нанесьлі па практычна пустых аэрадромах, зь якіх тэхніка была выведзеная літаральна за пару гадзінаў да пачатку ўварваньня. Пэўныя захады да прывядзеньня да найвышэйшай боегатоўнасьці былі зробленыя.
Таму паняцьця «раптоўнасьці» расейскага ўдару адсутнічала цалкам. Атрымліваючы інфармацыю ад нашых саюзьнікаў у дэталях пра ўсе магчымыя перасоўваньні расейскіх войскаў, можна было даволі дакладна падлічыць колькасьць вайсковай тэхнікі і вайскоўцаў. Такая інфармацыя і давала падставы меркаваць, што апэрацыя такога маштабу проста немагчымыя з гледзішча правілаў ваеннага мастацтва. Не была прадуманая лягістыка, захады мэдычнага забесьпячэньня і захады апэратыўнага забесьпячэньня гэтай апэрацыі. Таму яна ад пачатку выглядала як палітычная апэрацыя, якая ня мела нічога агульнага з законамі вядзеньня вайны.
— Тым ня менш розныя экспэрты прагназуюць, што цяперашняя адносная стабілізацыя на франтах (хаця на самой справе ў гэтай вайне ніякай выразнай «лініі фронту» няма) толькі часовая і Расея падцягвае ўмацаваньні, каб пачаць новы наступ. На якіх кірунках яго варта чакаць?
— Няма ніякага сумневу, што Расея рыхтуе яшчэ адзін удар. Мы цудоўна ведаем, што адзінае, што можа спыніць Расею — гэта адсутнасьць сілаў і сродкаў для нанясеньня такога ўдару, то бок зьнішчэньне жывой сілы і тэхнікі расейскай арміі. І яны зараз робяць усё, каб дабіцца менавіта такога выніку. Яны кідаюць у бой разрозьненыя групоўкі войскаў, якія даволі пасьпяхова зьнішчаюцца мабільнымі злучэньнямі ўкраінскай арміі і тэрытарыяльнай абароны.
— А як выглядае ўкраінская стратэгія ў гэтай вайне? Калі не выдаваць ніякіх ваенных таямніц і аналізаваць тое, што адбываецца, і што вядома з адкрытых крыніц.
— Натуральна, я шмат пра гэта гаварыць не магу, але можна адзначыць, што гэта стратэгія «асымэтрычнага адказу». У Расеі аб’ектыўна больш танкаў і артылерыі. Украіна разумее, што ня варта ісьці на нейкія грандыёзныя танкавыя бітвы ў стылі Курскай бітвы ў 1943-м. Украінскія мабільныя атрады наносяць удары на агрэсарах у самых нечаканых формах і месцах. Украінцы карыстаюцца «ня колькасьцю, а ўменьнем». У адрозьненьне ад Расеі, якая ўпарта працягвае выкарыстоўваць мэтодыкі сярэдзіны мінулага стагодзьдзя.
— Акрамя спробаў захапіць Кіеў ці Харкаў, значныя сілы расейскіх войскаў накіраваныя на поўдзень, дзе яны спрабуюць самкнуцца пад Марыюпалем, наступаючы з двух бакоў: з боку Крыму і з боку Данецкай і Луганскай абласьцей. Там ім у першыя дні ўдалося прасунуцца, захапіць пэўныя населеныя пункты.
— Гэты стратэгічны плян ужо праваліўся, бо ў іх былі намеры наступаць ня толькі «направа», у бок Марыюпаля, але і «налева», у бок Адэсы, каб авалодаць усім украінскім узьбярэжжам Чорнага мора. І такім чынам вырашыць стратэгічную задачу адразаньня Ўкраіны ад партоў, каб нанесьці зьнішчальны ўдар па ўкраінскай эканоміцы. І гэтая задача ўжо ня выкананая і наўрад ці можа быць выкананая, бо так і не адбылося дэсанту ў раёне Адэсы.
Зараз расейскія караблі знаходзяцца ў раёне Балаклавы, дзе спрабуюць перачакаць штармавое надвор’е, тыповае для гэтай пары году. Але Адэса ўжо гатовая да адпору. Маючы той камплект санкцыяў, якія ўводзяцца ў тым ліку на Чорным моры, можна сказаць, што з кожным днём імавернасьць сцэнару дэсанту на Адэсу памяншаецца.
— Не атрымаўшы хуткай перамогі, Расея, як падаецца, зьмяніла тактыку і пачала лютыя абстрэлы жылых кварталаў гарадоў. Магчымая мэта — спарадзіць гуманітарны крызіс і тым самым схіліць украінскае кіраўніцтва да палітычных саступак. Што можна проціпаставіць такой тактыцы?
— Гэта тыповая крамлёўская матрыца, тут нічога не мяняецца стагодзьдзямі. Калі Расея ня можа адолець праціўніка ў адкрытай барацьбе, яна падключае мэтады тэрору супраць мірнага насельніцтва. Так яны хочуць падарваць баявы дух войска і прымусіць скласьці зброю альбо падпісаць мірнае пагадненьне на расейскіх умовах.
У гэтай сытуацыі мы можам проціпаставіць тыя самыя асымэтрычныя адказы. Асноўную ўдарную моц гэтага тэрарыстычнага ўзьдзеяньня Расеі складае менавіта артылерыя і сыстэмы залпавага агню. Таму задача ўкраінскіх войскаў — адсунуць пазыцыі артылерыі як мага далей ад населеных пунктаў, якія трапляюць пад абстрэлы.
Другая задача — гэта забесьпячэньне ўзброеных сілаў тактычнымі сродкамі супрацьпаветранай абароны. Боаснову авіяцыйнага парку Расеі складаюць менавіта тактычныя штурмавікі, бамбавікі, зьнішчальнікі, якія вымушаныя апускацца на вышыню менш за тры кілямэтры і трапляць у зону дзеяньня пераносных зэнітна-ракетных комплексаў.
Акрамя таго, украінскае войска наносіць сэрыю контратак, якія засяроджаныя менавіта на ўдарах па сродках дастаўкі і сродках забесьпячэньня. Нашы бесьпілётныя сыстэмы «Байрактар» наносяць удары ў першую чаргу па сродках супрацьпаветранай абароны Расеі, і таксама па сыстэмах залпавага агню.
— Абодва бакі хацелі б весьці перамовы з пазыцыі сілы, выкарыстоўваючы посьпехі сваіх войскаў на полі бою. Ці будзе афіцыйны Кіеў чакаць нейкага карэннага пералому ў ваеннай сытуацыі або ўкраінскія ўлады гатовыя на рэальныя палітычныя дамоўленасьці нават у цяперашняй сытуацыі, калі значная частка тэрыторыі краіны занятая агрэсарам?
— Украіна, зьяўляючыся гуманнай дзяржавай, асаблівую ўвагу ўдзяляе жыцьцю і здароўю сваіх грамадзянаў. Таму любая перамоўная пляцоўка, любая зачэпка мае сэнс. Ці будзе Ўкраіна чакаць ваеннага пералому? Пакуль пра гэта гаварыць рана. Так, вядзецца праца ў фармаваньні і падрыхтоўцы новых злучэньняў, але на гэта патрэбен час. На сёньня расейцы рухаюцца ў асноўным уздоўж асноўных дарог, яны асьцерагаюцца заходзіць у населеныя пункты. Мы маем сытуацыю, падобную з Афганістанам, дзе савецкае войска кантралявала толькі некаторыя гарады і дарогі. У нашым выпадку Расея гарады не кантралюе, кантралюе выключна дарогі, яны ня маюць ніякіх бясьпечных зонаў, дзе маглі б адпачыць.
— Як украінскія вайсковыя экспэрты глядзяць на магчымасьць актыўнага ўступленьня беларускага войска ў вайну супраць Украіны? Як ацэньваюць яго баяздольнасьць?
— Беларускае войска не разглядаецца як сур’ёзны супернік Украіны на сёньняшні дзень. Так, у Беларусі ёсьць пэўная колькасьць вайскоўцаў, таму Ўкраіна вымушаная трымаць каля мяжы свае часткі з мэтай прадухіліць патэнцыйнае прасоўваньне беларускіх войскаў.
Аднак няма неабходнасьці ў нашых канкрэтных умовах ля беларуска-ўкраінскай мяжы трымаць вялікія войскі, з прычыны прыродных умоваў. Ані людзі, ані танкі яшчэ не навучыліся плаваць у балотах. Аўтамабільныя і чыгуначныя дарогі ўжо перарэзаныя і агароджаныя. Магчымасьць для манэўру на гэтай тэрыторыі — ня важна, якога войска, — вельмі абмежаваная.
Любое беларускае злучэньне, якое пачне рух у бок Украіны, адразу будзе зьнішчанае. У 1939 годзе асобныя атрады лятучых фінскіх лыжнікаў зьнішчалі Чырвоную армію цэлымі дывізіямі. Таму варыянт толькі адзін — беларусам ня варта ўваходзіць на тэрыторыю Ўкраіны, асабліва зараз.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.