Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23-гадовая пракурор Аліна Касьянчык атрымала павышэньне


Алін Касьянчык у судзе, Менск, 18 лютага 2021 году.
Алін Касьянчык у судзе, Менск, 18 лютага 2021 году.

З раённай пракуратуры Фрунзенскага раёну сталіцы Касьянчык перавялі ў пракуратуру па Менску.

Пра гэта паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на свае крыніцы.

Аліне Касьянчык 23 гады. Грамадзтва даведалася пра яе ў 2020-м годзе, калі яна падтрымлівала абвінавачаньне ў справе журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якіх пакаралі двума гадамі калёніі кожную за стрым з «плошчы Перамен». Па выніках абвінавачваньняў Касьянчык 2 гады калёніі атрымаў і Максім Паўлюшчык за надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

Таксама сама Касьянчык выступала ў якасьці пацярпелай у крымінальнай справе супраць жыхаркі Менску, якая папрасіла яе зьехаць са здымнай кватэры. Жанчыне прысудзілі два гады «хатняй хіміі» за «парушэньне раўнапраўя грамадзянаў».

За актыўнасьць на карысьць рэжыму летась у чэрвені Касьянчык трапіла ў эўрапейскі санкцыйны сьпіс.

Аднак нядаўна стала вядома, што маладая пракурорка атрымала больш высокую пасаду. Цяпер яна працуе ў гарадзкой пракуратуры сталіцы. Падтрымлівае абвінавачваньне ў судзе над палітвязьнем, экс-пракурорам Яўгенам Бабаком у Менскім гарадзкім судзе.

Калега Аліны Касьянчык растлумачыў якія прывілеі дае ёй новая пасада:

«Пракуратура раёну — гэта базавы ўзровень, пракуратура вобласьці або гораду Менску — вышэйстаячая інстанцыя. А над ёй ужо Генэральная пракуратура. Таму ў горадзе, як мінімум, будзе большы заробак згодна з законам „Аб пракуратуры“: калі ў памочніка пракурора раёну пасадавы каэфіцыент для вызначэньня акладу — лічба 3, то такая ж пасада ў Менскай гарадзкой пракуратуры мае каэфіцыент 3,50, — кажа калега Касьянчык. — Ну і адносна работы, ты ўжо не займаесься драбязой на раёне, а „салідны чалавек“ на горадзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG