Паводле яе зьвестак, за два дні ўдалося вывезьці 60 тысяч чалавек з Сумаў, Трасьцянца і Краснапольля ў кірунку Палтавы. Горад Ізюм у Харкаўскай вобласьці пакінулі тры тысячы жыхароў. З гарадоў Кіеўскай вобласьці 9 сакавіка было эвакуавана каля 20 тысяч чалавек.
Акрамя таго, у Энэргадар і Ізюм даставілі 200 тон гуманітарнай дапамогі.
У Марыюпалі тым часам, па словах Верашчук, насьпявае гуманітарная катастрофа. Даставіць харчы і лекі сюды не ўдалося, пакінуць горад жыхары таксама ня могуць.
Праблемы з арганізацыяй гуманітарнага калідору таксама ўзьніклі ў пасёлку гарадзкога тыпу Ворзель Кіеўскай вобласьці.
На 10 сакавіка, паводле падлікаў ААН, 2,3 млн чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы ва Ўкраіне праз расейскае ўварваньне, амаль палова зь іх — дзеці. Загінулі з пачатку вайны, паводле зьвестак ААН, 549 мірных жыхароў. Яшчэ 957 чалавек атрымалі раненьні.
- Арганізацыя гуманітарных калідораў для эвакуацыі мірных жыхароў і дастаўкі прадуктаў і лекаў была галоўнай тэмай перамоваў Расеі і Ўкраіны на беларускай тэрыторыі. Бакі неаднойчы абвінавачвалі адзін аднаго ў парушэньні рэжыму цішыні і дамоўленасьцяў у гэтым пытаньні.