Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не дапусьціць стыгматызацыі беларусаў у сьвеце». Што робіць штаб Ціханоўскай, каб адказнасьць за вайну не ўскладалі на ўсіх беларусаў


Сьвятлана Ціханоўская выступае на акцыі пратэсту супраць расейскай агрэсіі ў Вільні 27 лютага. Ілюс трацыйнае фота.
Сьвятлана Ціханоўская выступае на акцыі пратэсту супраць расейскай агрэсіі ў Вільні 27 лютага. Ілюс трацыйнае фота.

З кіраўніком кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай Валерам Кавалеўскім гутарым пра тое, што робіць і можа зрабіць штаб дэмакратычнай лідэркі дзеля таго, каб у сьвеце адрозьнівалі народ Беларусі і Лукашэнку, які дазволіў Расеі скарыстаць тэрыторыю Беларусі для нападу на Ўкраіну.


Сьцісла

  • Мы ўсе за адзін дзень ператварыліся з барацьбітоў з рэжымам, з ахвяраў рэжыму — у прадстаўнікоў краіны-агрэсара.
  • Для нас важная задача — не дапусьціць, каб мы сталі нейкім пудзілам, якое нясе адказнасьць за дзеяньні, да якіх ніякага дачыненьня беларусы насамрэч ня маюць.
  • Мы разумеем, што кожны будзе тым ці іншым спосабам закрануты санкцыямі. Асабліва на гэтым этапе. Сапраўды, ад кожнага з нас трэба пэўная ахвяра.
  • Мы памятаем, як доўгі час Лукашэнку ва Ўкраіне называлі самым папулярным замежным палітыкам. Канечне, гэта не падстава, каб папракаць гэтым украінцаў.


«Зь першага дня, калі на беларусаў пачалі глядзець адмоўна, мы выносім гэтыя пытаньні ў публічную прастору»


— Беларусь цяпер — краіна-агрэсар, бо дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападу на Ўкраіну. Дэмакратычную лідэрку Сьвятлану Ціханоўскую трыюмфальна сустракалі практычна ва ўсіх сталіцах дэмакратычных краінаў. Цяпер у многіх з гэтых краінаў уводзяцца санкцыі супраць беларусаў, гэта і візавыя абмежаваньні, і плянаваныя законы аб несупрацы зь фірмамі, якімі валодаюць грамадзяне Беларусі і Расеі, і спыненьне студэнцкага і навуковага абмену, ня кажучы ўжо пра пачатак беларусафобіі, зь якой за мяжой сутыкаюцца тыя, хто якраз і выступае супраць рэжыму і вайны. Якую працу праводзіць і будзе весьці каманда Ціханоўскай, каб давесьці сьвету розьніцу паміж народам і ўладай Беларусі?

Кіраўнік кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі
Кіраўнік кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі

— Сапраўды, мы ўсе за адзін дзень ператварыліся з барацьбітоў з рэжымам, з ахвяраў рэжыму — у прадстаўнікоў краіны-агрэсара. Мы ў пэўным сэнсе разумеем эмацыйную рэакцыю тых, хто спачувае ўкраінцам, якія вельмі мужна змагаюцца супраць агрэсіі Расеі, а тая выкарыстоўвае дзеля гэтага тэрыторыю Беларусі. Віна Лукашэнкі ў разьвязваньні канфлікту — беспасярэдняя. Гэта ня проста чалавек, які «даў ключы ад кватэры», гэта чалавек, які стварыў магчымасьць для атакі на Ўкраіну. Таму гэтая рэакцыя абгрунтаваная, рэагуюць інстытуцыянальна і індывідуальна. Цэлыя дзяржавы выказваюць такую занепакоенасьць.

Цяпер для нас важная задача — не дапусьціць стыгматызацыі беларусаў у сьвеце, каб мы ня сталі нейкім пудзілам, якое нясе адказнасьць за дзеяньні, да якіх ніякага дачыненьня беларусы насамрэч ня маюць. Тое, што робіць Лукашэнка, супярэчыць заканадаўству, Канстытуцыі і аніяк не адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам. А ў нашых нацыянальных інтарэсах — мець нармальныя, сяброўскія адносіны з Украінай. І самае галоўнае, што войскі на нашай тэрыторыі — пагроза нашаму ўласнаму сувэрэнітэту, існаваньню нашай дзяржавы. Лукашэнка тут зьдзяйсьняе здраду ня толькі супраць украінцаў, але і супраць беларусаў, супраць нашай дзяржавы.

Зь першага дня, калі зьявіліся прыкметы таго, што на беларусаў пачалі глядзець па-іншаму, па-новаму і вельмі адмоўна, мы выносім гэтыя пытаньні ў публічную прастору, абмяркоўваем гэта, зьвяртаем на гэта ўвагу, кажам пра недапушчальнасьць таго, каб стыгматызавалі беларусаў на эмацыйным і на практычным узроўні. Мы абмяркоўваем гэта з урадамі.

Я цяпер знаходжуся ў Вашынгтоне і магу адзначыць, што і ў ЗША ёсьць прыкметы таго, што на беларусаў пачынаюць глядзець па-іншаму. Мы разумеем, што беларусы ідуць у зьвязцы з расейцамі збольшага. Ёсьць розьніца ў тым, як расейцы падтрымліваюць вайну, там каля 70% насельніцтва выступаюць за тое, што гэта справядлівая вайна. У Беларусі гэты працэнт значна меншы — менш за 10%, і ён будзе толькі зьмяншацца, нікому зь беларусаў гэтая вайна не патрэбная.

Мы бачым, што беларусаў разам з расейцамі «пускаюць пад гэты цягнік». І мы бачым эмацыйную рэакцыю, і мы бачым санкцыі, якія ўводзяцца ня супраць Лукашэнкі, ня супраць рэжыму, а ўводзяцца супраць беларусаў. Для нас гэта прычына для занепакоенасьці, і мы будзем змагацца як можам.

«Мы разумеем, што ня зможам адказаць на кожную такую індывідуальную праблему і выклік»

— Пасьля жніўня 2020-га беларусамі захапляліся, падтрымлівалі, ім спачувалі, пра беларускую рэвалюцыю здымалі фільмы, пісалі кнігі. Цяпер выглядае, што ўсё гэта ў мінулым. Той жа Альгерд Бахарэвіч ня можа прыехаць у Лёндан на прэм’еру спэктакля «Сабакі Эўропы» Беларускага свабоднага тэатру, бо як грамадзяніну Беларусі яму не далі візу праз вайну ва Ўкраіне. Гэта прыватны выпадак, і іх будзе ўсё больш. Што штаб зь яго моцнымі міжнароднымі сувязямі можа зрабіць як з канкрэтнымі выпадкамі, так і з агульнай сытуацыяй?

— Мы спрабуем рэагаваць на кожны канкрэтны выпадак. Што тычыцца спадара Бахарэвіча, я б ня стала сьпяшацца з высновамі, што гэта менавіта пытаньне ўдзелу Беларусі ў гэтым канфлікце. Мы спрабуем вырашыць гэтую праблему, каб яму выдалі брытанскую візу. Мы ведам, як пільна брытанцы падыходзяць да выдачы візаў. Думаю, што тут пытаньне хутчэй тэхнічнае, адміністрацыйнае, чым палітычнае.

Мы разумеем, што ня зможам адказаць на кожную такую індывідуальную праблему і выклік. Нам вельмі дапамагае, калі дыяспары заўважаюць пэўныя прыкметы такой дыскрымінацыі. Тады мы просім іх падрыхтаваць зварот, які мы пасьля можам падтрымаць сваім подпісам на палітычным узроўні і накіраваць адпаведна. Мы можам працаваць з кожнай школай, а можам накіраваць ліст у Міністэрства адукацыі пэўнай краіны, каб яны зьвярнулі ўвагу на ўсе школы, каб дыскрымінацыі не прысутнічала. Тое самае робім з нацыянальнымі ўрадамі. Імкнёмся працаваць на сыстэмным узроўні, каб гэта было палітыкай дзяржавы, а не індывідуальным рашэньнем у вёсцы, горадзе, нейкай школе, каб у камунікацыі рашэньні ішлі ад нацыянальных уладаў.

«Найбольш балючыя санкцыі ўводзіліся не таму, што Ціханоўская да іх заклікала, а таму, што рэжым захапіў самалёт Ryanair, стварыў міграцыйны крызіс і пачаў вайну»

— Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская выступала напачатку супраць санкцый, яна меркавала, што ў выніку пацярпяць людзі. Потым зьмяніла пазыцыю. У сераду ў Лёндане Ціханоўская заклікала да больш жорсткіх санкцый. У рэальнасьці санкцыі ўдараюць па ўсіх — як па ўладах, так і па беларусах, якія хочуць пераменаў. Якая тут аптымальная пазыцыя? Пацярпець, што будзе горш, каб стала лепей? Як зрабіць так, каб санкцыі цалялі па дакладных адрасатах?

— Сапраўды, ёсьць нейкая эвалюцыя ў тым, як Сьвятлана Ціханоўская і яе каманда падыходзілі да санкцый. Была спроба зьмяніць паводзіны Лукашэнкі меншай крывёй і меншымі стратамі, і гэта не атрымалася. Ціск, каб санкцыі былі больш рашучыя, толькі павялічыўся. Мы разумеем, што санкцыі закрануць кожнага. Кожны будзе тым ці іншым спосабам закрануты санкцыямі. Асабліва на гэтым этапе.

Я падкрэсьліваю, што найбольш эфэктыўныя і балючыя санкцыі ўводзіліся не таму, што Сьвятлана Ціханоўская да іх заклікала, а таму, што рэжым захапіў самалёт Ryanair, што ён стварыў міграцыйны крызіс і што зараз ён пачаў вайну. Найбольш паспрыяў увядзеньню санкцый сам Лукашэнка і ягоны рэжым. Разам з тым мы ведаем, што многія беларусы выказваліся за ўвядзеньне санкцый, увесь гэты час казалі, што трэба «стукнуць» па рэжыму як мага мацней, санкцыі павінны быць сапраўды балючымі і рашучымі. Многія людзі былі занепакоеныя тым, што санкцыйная палітыка ЭЗ была досыць слабая.

Зараз санкцыі будуць сапраўды моцныя, таму нам трэба мабілізавацца, сабрацца і сачыць за тым, як яны будуць дзейнічаць. Але сапраўды ад кожнага з нас трэба пэўная ахвяра.

«Мы памятаем таксама, як украінцы захапляліся Лукашэнкам, у той час калі мы змагаліся з Лукашэнкам, калі мы казалі пра яго небясьпеку і непрадказальнасьць»


— Беларусам найбольш балюча атрымліваць папрокі ад украінцаў. Тэлефанавалі Ганьне Севярынец і казалі, што ракета зь Беларусі зьнішчыла ўкраінскі дом, каб яна не пускала сына на вайну, а Ганна якраз зьбірала перадачы для дачок, якіх затрымалі за антываенныя пратэсты. Цяпер процьма нэгатыўных камэнтароў украінцаў і ня толькі, якія вінавацяць усіх беларусаў у бязьдзеяньні, у адказнасьці за ўдзел Лукашэнкі ў вайне. Як офіс бачыць гэтую праблему? Што робіць? Ці чуюць вас?

— Украіна — гэта наш супольны боль. Гэта закранае кожнага беларуса, які ведае пра тое, што адбываецца ва Ўкраіне. Іх рэакцыя абсалютна зразумелая. Ім вельмі баліць, калі зьнішчаюцца іх дамы і гарады, калі забіваюць іх родных. Мы памятаем таксама, як украінцы захапляліся Лукашэнкам, у той час калі мы змагаліся з Лукашэнкам, калі мы казалі пра яго небясьпеку і непрадказальнасьць. Мы памятаем, як доўгі час Лукашэнку ва Ўкраіне называлі самым папулярным замежным палітыкам. Канечне, гэта не падстава, каб папракаць гэтым украінцаў.

Мы нагадваем украінцам увесь час, што беларусы ўжо вельмі даўно сказалі, што Лукашэнка для нас непрымальны варыянт. Яшчэ да выбараў 2020 году. Гэта адбывалася найбольш яскрава пасьля 2006 году. Увесь гэты час Лукашэнка ўтрымліваў уладу сілай. Мы вельмі шмат камунікуем на публічным узроўні, праз мэдыя, праз дыяспару, якая шмат робіць у гэтай справе. Мы падтрымліваем тых добраахвотнікаў, якія едуць зараз ваяваць ва Ўкраіну, спрабуем стварыць нейкія ўмовы, каб ім было гэта зрабіць як мага прасьцей.

Мы таксама маем непублічныя камунікацыі з украінскім урадам, зьвяртаем увагу на тое, як для нас важна, каб Украіна выстаяла. І гэта ня проста для нас важна. Мы робім практычны ўнёсак у гэтую перамогу, таму што гэтая перамога будзе нашай супольнай.

— Давайце пагаворым пра антываенны рух, антываенную мабілізацыю, абвешчаную Сьвятланай Ціханоўскай. Ці ёсьць плён ад шматлікіх адозваў? Што адбываецца?

— Гэта ўключае ў сябе і нашы ўласныя захады, штодзённыя дзеяньні на міжнароднай арэне і ў самой краіне, і нашы кантакты па арганізацыі супраціву ў Беларусі. Мы бачым дывэрсіі на чыгунцы, на інфраструктуры. Інфармацыйная барацьба таксама вельмі важная. Беларусы ўключаныя ў гэтую працу, бачым усплёск энэргіі, зацікаўленасьці, энтузіязму беларусаў у тым, каб далучыцца да барацьбы, да збройнай барацьбы ва Ўкраіне. І гэта таксама частка нашага антываеннага руху, руху супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG