Атрымаў грамадзянства Ўкраіны і паступіў на завочнае навучаньне ў Данецкі нацыянальны ўнівэрсытэт, на юрыдычны факультэт. Цяпер ён зноў падпісаў кантракт, але на гэты раз на службу ў батальёне тэрытарыяльнай абароны.
У размове з Свабодай Зьміцер Палойка расказаў, чаму зноў вырашыў служыць і як тлумачыць украінцам, што беларусы ня будуць ваяваць на баку Расеі.
«Людзі гуртуюцца вакол свайго войска і за сваю зямлю»
Зьміцер напісаў заяву ў батальён тэрытарыяльнай абароны ў Данецкай вобласьці ў канцы 2021 году, калі замежныя выведкі і СМІ пачалі масава паведамляць аб плянах Пуціна пачаць новы этап агрэсіі на Ўкраіну.
Тэрытарыяльную абарону як асобны род Узброеных войскаў Украіны сталі ствараць у пачатку 2022-га. Зьміцер пачаў службу адным зь першых — у студзені, непадалёк ад першай лініі фронту каля часова акупаваных тэрыторыяў.
«Пастаянна гучыць каманда „паветра“, спрабуюць запускаць ракеты, нашы іх зьбіваюць. У першы дзень, 24 лютага, яны стралялі па аэрадроме, але стратаў не было. Усе жывыя. У прынцыпе ў нас спакойней, чым у іншых рэгіёнах, дзе ідуць няспынныя абстрэлы і вулічныя баі. Мы чакаем і рыхтуемся іх сустрэць», — кажа Зьміцер.
Паводле яго, у тэрытарыяльную абарону Данецкай вобласьці запісаліся вельмі шмат людзей, а тыя, хто ня можа служыць з розных прычынаў, актыўна дапамагаюць войску, чым могуць — гатуюць ежу і кактэйлі Молатава, якія ва Ўкраіне цяпер называюць «бандэраўскія смузі».
«Для гарадзкіх умоваў бою наш батальён мае ўсё неабходнае. Мясцовае насельніцтва таксама дапамагае. Людзі нагэтулькі згуртаваліся! Усё едуць і едуць, нешта прапануюць. Мяне гэта зьдзівіла, калі шчыра, бо калі згадваць, як усё было ў 2014 годзе, то тады тут была зусім іншая сьвядомасьць. Абсалютна. Цяпер прыходзяць людзі, якія служылі ў савецкіх войсках і нават некалі не былі супраць Расеі і Пуціна, а цяпер кажуць — „а зь якога ражна Пуцін да нас прыпёрся“? Такога нахабства яны не чакалі. Людзей вельмі-вельмі шмат, насамрэч можна другі батальён зьбіраць».
«Мы прыкрываем тыл першай лініі фронту»
Зьміцер кажа, што ягоны батальён прыкрывае тыл першай лініі фронту, якая аддзяляе гэтак званыя «народныя рэспублікі» ад Украіны. «Супраціўнік спрабуе прарвацца праз харкаўскі кірунак, праз Ізюм. І мы менавіта гэтую частку прыкрываем, каб не зайшлі да нас з тылу».
«Першая лінія моцна трымаецца. Там людзі добра падрыхтаваныя за столькі гадоў. Яны навучыліся ваяваць. Да таго ж там ёсьць акопы, бліндажы, усе прастрэлена і прыстрэлена, усе квадраты цалкам вызначаныя. Горлаўку ўжо вызвалілі, і калі будзе загад на наступ, мы вызвалім усё. Мы гатовыя, настрой баявы, асабліва калі бачыш, у якім дэмаралізаваным стане знаходзіцца супраціўнік. У нас вялікі досьвед у баявых дзеяньнях», — расказвае беларускі добраахотнік.
«Мусім тлумачыць, што беларусы і Лукашэнка – ня тоесныя паняцьці»
Зьміцер Палойка сьцьвярджае, што не сутыкаўся ў сваім асяродзьдзі зь кепскім стаўленьнем як да беларуса.
«Да мяне ставяцца выдатна, бо я патлумачыў усім, што беларусы — гэта беларусы, а тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку, — гэта лукашысты. Усе разумеюць, што сама беларуская армія не жадае ваяваць з украінцамі. Калі пачалі паведамляць, што нібыта беларуская армія перайшла мяжу з сымбалем „О“ на тэхніцы, то такім чынам, я лічу, Расея хоча максымальна зацягнуць беларускія войскі ў гэтую вайну», — патлумачыў Зьміцер Палойка.
Паводле яго, Лукашэнка асабіста прадаставіў расейскім войскам тэрыторыю Беларусі для баявых дзеяньняў супраць Украіны.
«Але гэта ніяк не стыкуецца з тым, ці беларусы хочуць ваяваць. Беларусы не нападаюць, таму ня трэба пісаць пра беларусаў, трэба пісаць менавіта пра лукашыстаў, як ёсьць. Гэтаксама як адрозьніваюцца Кадыраў і чачэнцы. Разумееце? Чачэнцы будуць ваяваць за Ўкраіну, а кадыраўцы — за Расею. Мае знаёмыя разумеюць, што ў Беларусі шмат людзей супраць рэжыму і супраць Расеі».
«Партызанская вайна ў Беларусі дапамагла б Украіне»
Зьміцер Палойка перакананы, што беларускія вайскоўцы не пагодзяцца ісьці на вайну ва Ўкраіну. У адваротным выпадку ён раіць беларусам складаць зброю на тэрыторыі Ўкраіны без адзінага стрэлу і здавацца ў палон.
«Сюды могуць накіраваць прэзыдэнцкі полк з Мар’інай Горкі, але ў сувязі з тым, што ў іх баявога досьведу няма, а толькі досьвед разгону дэманстрацыяў, то я думаю, што яны тут доўга не пратрымаюцца. А калі ўжо сапраўды так адбудзецца, што беларусаў, дэсантнікаў ці іншыя войскі, будуць закідваць ва Ўкраіну, то няхай яны не саромеюцца, захопліваюць сваіх камандзіраў і здаюцца ўкраінцам. Іх ніхто ня будзе чапаць, бо ўсе ва Ўкраіне ўспрымаюць беларускі народ як братэрскі. І нават калі патрэбны будзе прытулак, усе яго атрымаюць».
Беларус кажа, што цягам гэтай вайны ўкраінская армія паказала сваю моц. «Таму не павінна быць сумневаў у тым, што ўкраінская армія можа ня толькі ўтрымліваць свае пазыцыі, а яшчэ і вызваляць свае тэрыторыі», — перакананы ён.
«А калі беларускі народ зможа адкрыць партызанскую вайну, гэта будзе надзвычайная дапамога Ўкраіне», — падкрэсьліў ён.
«Я ня веру палонным расейцам. Яны ведалі, што едуць на вайну»
Зьміцер Палойка таксама зьдзіўлены тым, як расейцы, захопленыя ў палон украінскім войскам, губляюць «вайсковы стрыжань» і пачынаюць расказваць на допытах, што ня ведалі, куды іх накіроўваюць, у адзін голас сьцьвярджаючы, што «былі на вучэньнях».
«Я гэтаму ня веру, і ніхто ня верыць. Мы ўсе разумеем, што ім так загадалі казаць у выпадку палону. Як гэта было і ў 2014 годзе, калі яны „заблукалі“ ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Усе ехалі на вайну, была моцная прапаганда супраць Украіны, і ўсе ўсё разумелі. Больш за тое, у інтэрнэце і сацыяльных сетках шмат зь іх пісалі, што едуць ва Ўкраіну — забіваць украінцаў і захопліваць Украіну. Прапаганда ім прамыла розум. Яны сьвядома ехалі забіваць. Яны ж страляюць, а ня проста заехалі, агледзеліся, не зразумелі, дзе знаходзяцца, і здаліся. Асабліва артылерысты ці тыя, якія б’юць з залпавых сыстэмаў па жылых раёнах. Як пасьля гэтага можна сказаць, што яны былі на вучэньнях? Яны усё рабілі сьвядома», — перакананы Зьміцер Палойка.