Старшыня Эўрапарлямэнту падрыхтаваў праект рэзалюцыі аб прыняцьці ўкраінскай заяўкі на ўступленьне ў Эўразьвяз. Галасаваць за адпаведную рэзалюцыю маюць сёньня, 1 сакавіка, у 16:30 менскага часу.
Зяленскі: «Ніхто нас не зламае. Мы змагаемся за сваю зямлю»
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім выступе онлайн заклікаў Эўрапейскі парлямэнт даказаць, што Эўропа выступае на баку Ўкраіны.
«Ніхто нас не зламае. Мы моцныя, мы — украінцы. Учора загінулі 16 дзяцей. І зноў Пуцін скажа, што яны абстрэльваюць толькі вайсковую інфраструктуру. Дзе гэтыя нашы дзеці працуюць? На якіх вайсковых заводах?» — заявіў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што ўкраінскі народ вельмі матываваны.
«Мы змагаемся за нашыя правы, за свабоду, за жыцьцё, а цяпер і за выжываньне. І гэта галоўная наша матывацыя, але мы змагаемся і за тое, каб быць раўнапраўнымі чальцамі Эўропы. Я лічу, што сёньня мы ўсім паказваем, што мы такія і ёсьць. З намі Эўрапейскі Зьвяз будзе дакладна мацней, а бяз вас Украіна будзе ў адзіноце. Мы даказалі сваёй сілай, як мінімум, што мы такія, як вы. Дакажыце, што вы разам з намі. Дакажыце, што вы нас не адпускаеце. Дакажыце, што вы сапраўды эўрапейцы. І тады жыцьцё пераможа сьмерць, а сьвет цемру. Слава Ўкраіне!» — заявіў Зяленскі.
Эўрапарлямэнт вітаў Зяленскага воплескамі, стоячы. У зале шмат украінскіх сьцягоў.
Сьпікер Вярхоўнай Рады Руслан Стэфанчук заклікаў падтрымаць заяўку Ўкраіны на сяброўства ў Эўразьвязе.
Жузэп Бурэль: «Ніколі не аддамо ў ахвяру нашу свабоду і свабоду іншых»
Высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль, выступаючы ў Эўрапарлямэнце, адзначыў, што цяпер Эўропа «нараджаецца геапалітычна».
Ён таксама прызнаў, што Эўропа, магчыма, зрабіла недастаткова, каб папярэдзіць агрэсію ва Ўкраіну.
«Мы мусім разумець выклікі, якія бачым. Эўропа мусіць узяць на сябе адказнасьць. Мы павінны разумець, што ўпершыню з часоў Другой усясьветнай вайны мы бачым, як адна краіна нападае на другую. Гэта краіна, якая мае ядзерную зброю і палохае ёю іншых. Я згадваю гістарычныя аналёгіі і пачатак Другой усясьветнай вайны. І гэтая трагедыя не павінна нас палохаць, яна павінна нас аб’яднаць», — сказаў Бурэль.
«Мы мусім зразумець, што эўрапейскі праект страціў абароты, бо мы думалі, што гарызонт вайны аддаліўся ад нас. Але гэта ня так».
«Пэўна, наша стрымліваньне было недастатковым, каб папярэдзіць агрэсію. Але зь яе пачатку мы адрэагавалі за апошнія дні такім чынам, якога не чакаў Пуцін. І мы яму паказалі, што ніколі не аддамо ў ахвяру нашу свабоду і свабоду іншых».
Прэзыдэнтка Эўрапейскага парлямэнту: «Мы прызнаем эўрапейскую пэрспэктыву Ўкраіны»
Прэзыдэнтка Эўрапейскага парлямэнту Рабэрта Мэтсала заявіла, што Эўрапарлямэнт прызнае эўрапейскую пэрспэктыву Ўкраіны і будзе працаваць над тым, каб Украіна атрымала статус кандыдата:
«Мы прызнаём эўрапейскую пэрспэктыву Ўкраіны. І, як выразна сказана ў (праекце) рэзалюцыі, мы вітаем заяўку прэзыдэнта Ўкраіны на атрыманьне статусу кандыдата, і мы будзем працаваць для гэтай мэты. Бо мы хочам і мы павінны сустрэць будучыню разам», — заявіла Рабэрта Мэтсала на нечарговым пленарным пасяджэньні Эўрапейскага парлямэнту ў сувязі з агрэсіяй Расеі супраць Украіны.
Галасаваньне за адпаведную рэзалюцыю мае адбыцца сёньня, 1 сакавіка.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.