Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША заявіў, што ня бачыць прычын баяцца ядзернай атакі Расеі


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што ня бачыць прычыны для амэрыканскіх грамадзян хвалявацца наконт ядзернай вайны на фоне ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. На адпаведнае пытаньне, якое Байдэну задалі пасьля яго выступу ў Белым доме, ён адказаў кароткім «не», паведамляе The Hill.

ЗША таксама заявілі, што не плянуюць зьмяняць узровень ядзернай боегатоўнасці пасьля таго, як у нядзелю, 27 лютага, Расея прывяла свае «сілы ядзернага стрымліваньня» ў стан павышанай гатоўнасьці, паведамляе Reuters.

«Мы не зьмянілі нашы ўласныя папярэджаньні, і мы не зьмянілі нашу ўласную ацэнку ў гэтым пытаньні. Але мы таксама павінны цьвяроза ацаніць тое, як ён (Уладзімір Пуцін — РС) выкарыстоўвае пагрозы», — заявіла прэс-сакратар Белага дому Джэн Псакі ў інтэрвію MSNBC.

ЗША расцэньваюць дзеяньні Ўладзіміра Пуціна як спробу апраўдаць далейшую агрэсію ў адносінах да Ўкраіны.

«Ядзерную вайну нельга выйграць, і яна ніколі не павінна весьціся. Мы лічым, што правакацыйная рыторыка ў дачыненьні да ядзернай зброі небясьпечная і павялічвае рызыку праліку. Яе варта пазьбягаць, і мы ня будзем маніпуляваць гэтым пытаньнем», — заявілі ў Белым доме.

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў у панядзелак, 28 лютага, правёў тэлефонныя перамовы з саюзьнікамі і партнэрамі ЗША, абмяркоўваючы неабходнасьць прадухіліць ядзерную пагрозу любой цаной. Да закліку Байдэна далучыліся лідэры Канады, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі, Польшчы, Румыніі і Вялікабрытаніі, а таксама кіраўнік NATO і высокія чыноўнікі Эўрапейскага Зьвязу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG