Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў і Масква дамовіліся на перамовы на мяжы Беларусі і Ўкраіны


Лукашэнка і Зяленскі, каляж
Лукашэнка і Зяленскі, каляж

Перамовы між Расеяй і Украінай адбудуцца на беларуска-украінскай мяжы, але невядома, у якім складзе. Аб гэтым паведамілі ў Офісе прэзыдэнта Ўкраіны пасьля тэлефоннай размовы Ўладзіміра Зяленскага, якая адбылася паводле ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі.

«Мы дамовіліся, што ўкраінская дэлегацыя сустрэнецца з расейскай без папярэдніх умоваў на ўкраінска-беларускай мяжы, у раёне ракі Прыпяць. Аляксандар Лукашэнка ўзяў на сябе адказнасьць за тое, што на час праезду, перамоваў і вяртаньня ўкраінскай дэлегацыі ўсе самалёты, верталёты ды ракеты, разьмешчаныя на беларускай тэрыторыі, застануцца на зямлі», — паведаміў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.

Натальля Эйсмант, прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі, пацьвердзіла факт тэлефоннай размовы, і што яна адбылася паводле ініцыятывы беларускага боку.

Тэлеграм-канал «Пул первого» таксама паведаміў, што Лукашэнка пасьля размовы з Зяленскім зьвярнуўся да Ўладзіміра Пуціна з прапановай затрымаць расейскую дэлегацыю, якая раней прыехала ў Гомель, каб дачакацца ўкраінскай дэлегацыі.

У сваім паведамленьні праўладны тэлеграм-канал слова ў слова паўтарыў паведамленьне, апублікаванае Ўладзмірам Зяленскім — перамовы адбудуцца на мяжы ў раёне ракі Прыпяць, а таксама пра адказнасьць Лукашэнкі забясьпечыць адсутнасьць абстрэлаў і вылету расейскіх самалётаў зь беларускай тэрыторыі на час перамоваў і вяртаньня зь іх украінскай дэлегацыі.

27 лютага Лукашэнка прызнаў, што Беларусь удзельнічае ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Пры гэтым Лукашэнка сказаў, што ня ведае, колькі менавіта ракет запусьцілі па тэрыторыі суседняй Украіны, а пра танкі, іншую баявую тэхніку расейцаў, якая свабодна перасоўваецца беларускімі дарогамі, ён нічога не гаварыў.

«Сапраўды, з тэрыторыі чарнобыльскіх прыкладна раёнаў, дзе былі на вучэньнях расейскія войскі, былі запушчаныя дзьве ці тры ракеты», — сказаў Лукашэнка, выступаючы на выбарчым участку пасьля галасаваньня на рэфэрэндуме аб зьмяненьні Канстытуцыі. Паводле Лукашэнкі, гэта зрабілі, бо «на ўкраінскім баку за некалькі кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю былі разгорнутыя ракетныя дывізіёны».

Таксама Лукашэнка заявіў, што ва Ўкраіне няма ні беларускіх салдатаў, ні ўзбраеньня, ні боепрыпасаў. Прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ён назваў «неадэкватным».

Уладзімір Зяленскі зьвярнуўся да беларусаў.

«На вайне, якая ідзе цяпер, вы з намі не на адным баку. На жаль». Зяленскі пашкадаваў, што беларускае войска на баку акупантаў, і пажадаў беларусам зрабіць правільны выбар.

У выступе Ўладзімір Зяленскі сказаў, што разьлічвае на разуменьне беларусаў, што з суседзямі трэба жыць у міры, і папрасіў адмовіцца ад саюзьніцкіх адносінаў з Масквой.

Зяленскі прапанаваў расейцам для перамоваў Варшаву, Браціславу, Будапэшт, Стамбул ці Баку. Толькі на нэўтральнай тэрыторыі магчымыя сапраўдныя дамоўленасьці аб заканчэньні вайны. Беларусь назваць такою не выпадае.

Пазьней у сваім відэазвароце да ўкраінскага народу Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што пасьля двухгадовага перапынку ў кантактах размаўляў з Аляксандрам Лукашэнкам доўга і патлумачыў яму дэтальна немагчымасьць сутыкненьня паміж Беларусьсью і Ўкраінай.

«Я не хачу, каб ракеты, самалёты, верталёты ляцелі зь Беларусі. Я не хачу, каб ішлі войскі з тэрыторыі Беларусі. І ён мяне ў гэтым запэўніў», – сказаў Уладзімір Зяленскі.

Сваю згоду на перамовы з Расеяй на мяжы Беларусі і Ўкраіны Ўладзмір Зяленскі патлумачыў тым, што не было выстаўлена ніякіх ультыматумаў ці патрабаваньняў. «Скажу шчыра, я ня вельмі веру ў вынік гэтай сустрэчы, але няхай паспрабуюць, каб потым ніводны грамадзянін Ўкраіны ня меў ніводнага сумневу, што я, як прэзыдэнт, не спрабаваў спыніць вайну, калі быў няхай і маленькі, але ўсё ж такі шанс».

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG