Амбасадар Украіны ў Менску нагадаў, што ранкам 24 лютага Расея нанесла ўдары па ўкраінскіх гарадах і вайсковых базах. Аднак абстрэлаў зь беларускага боку на гэты момант не было.
«Чым не паўтарэньне гітлераўскага нападу ў 1941-м? Гэта і ёсьць небясьпека прысутнасьці расейскіх войскаў. Дзе б яны ні былі — усюды вайна. Але яны прайграюць. Агрэсія супраць незалежнай дзяржавы нічым ня можа быць апраўдана. Сваімі дзеяньнямі Пуцін канчаткова ператварыў сваю краіну ў сусьветнага ізгоя. Жадаю пацьвердзіць, што амбасада працуе ў ранейшым рэжыме, у тым ліку працягвае аказваць консульскія паслугі, працуюць усе „гарачыя лініі“».
Ігар Кізім параіў украінцам «верыць толькі ўкраінскім СМІ, а не прапагандыстам з расейскіх тэлеканалаў і „экспэртам“, якія да іх далучыліся».
Кіеў: Верталёт без апазнавальных знакаў з боку Беларусі абстраляў украінскі пункт пропуску
Тым часам украінскія памежнікі паведамілі, што ў 9:40 з боку Беларусі верталёт без апазнавальных знакаў абстраляў мост па абодва бакі перад пунктам пропуску «Славуціч» (на мяжы Украіны і Беларусі).
З пачатку абстрэлаў тэрыторыі Ўкраіны Расеяй загінулі пяць ўкраінскіх памежнікаў. Агульная колькасьць пацярпелых сярод вайскоцаў і цывільных невядомая. Пацьверджэньня гэтай інфармацыі зь беларускага і расейскага боку няма.