Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакатку, якая сказала на судзе пра сілавікоў «Хацела б паглядзець ім у вочы», пазбавілі ліцэнзіі


Суд Кастрычніцкага раёну Горадні
Суд Кастрычніцкага раёну Горадні

Юлію Юргілевіч выключылі з калегіі адвакатаў Горадні 23 лютага. Яна працавала адвакаткай 18 гадоў.

Адвакатка Юлія Юргілевіч, фота з афіцыйнага сайту Горадзенскай абласной калегіі адвакатаў
Адвакатка Юлія Юргілевіч, фота з афіцыйнага сайту Горадзенскай абласной калегіі адвакатаў

Як піша Белсат, намесьнік пракурора Горадзенскай вобласьці Андрэй Скурат выказаў сумневы ў прафэсіяналізьме адвакаткі, якая працуе з 2004 году. Ён падаў скаргу, якую разглядала рада Горадзенскай абласной калегіі адвакатаў. Рада пастанавіла звольніць Юргілевіч «за непрафэсіяналізм». За папярэднія 18 гадоў працы прэтэнзіяў да адвакаткі не было.

Юлія Юргілевіч абараняла некаторых палітвязьняў: мастака Алеся Пушкіна, над якім яшчэ не пачаўся суд; студэнта-хіміка Арцёма Баярскага, якому далі 5 гадоў калёніі; музыку Ігара Банцэра, які ўжо выйшаў на волю; сына сьвятара Андрэя Аўсіевіча.

Адной з апошніх ейных кліентак была 69-гадовая жыхарка Ваўкавыску Галіна Міхальчук, якой далі 2,5 года калёніі агульнага рэжыму за камэнтары ў Тэлеграме.

«Вядома, высокі суд, я б вельмі хацела ўбачыць гэтых асобаў (пацярпелых міліцыянтаў) у судовым пасяджэньні з аднае прычыны: хацелася б мне паглядзець ім у вочы. Як яны выконвалі свае службовыя абавязкі, як яны выходзілі на вуліцу, як яны выходзілі ў форменным абмундзіраваньні, як яны ажыцьцяўлялі патруль вуліц у тыя цяжкія для іх дні?

І як яны, такія мужныя людзі, якія ажыцьцяўлялі ахову нашай дзяржавы ў такі неспакойны час, маглі цяпер перажыць такія маральныя пакуты на 1000 беларускіх рублёў, якія яны просяць спагнаць з пэнсіянэркі, якая атрымлівае 538 рублёў пэнсіі?» — казала Юлія Юргілевіч падчас спрэчак на працэсе Галіны Міхальчук.

Выключэньне з адвакацкай калегіі азначае пазбаўленьне адвакацкай ліцэнзіі і забарону на працу, бо ў Беларусі немагчымая адвакацкая дзейнасьць па-за дзяржаўнымі адвакацкімі калегіямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG