Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канада, Японія і Аўстралія анансавалі санкцыі супраць Расеі за прызнаньне так званых «ДНР» і «ЛНР»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сьледам за ЗША, Вялікай Брытаніяй і Эўразьвязам, якія ўвялі абмежаваньні супраць Расеі пасьля прызнаньня Ўладзімірам Пуціным незалежнасьці так званых «ДНР» і «ЛНР», свае санкцыі анансавалі Канада, Японія ды Аўстралія.

Санкцыі Канады абвясьціў прэм‘ер-міністар Джастын Трудо. Яны ўключаюць:

  • абмежаваньні ў дачыненьні дэпутатаў Дзярждумы РФ, якія галасавалі за прызнаньне незалежнасьці самаабвешчаных рэспублік;
  • забарону для канадцаў на любыя ўгоды на тэрыторыях так званых «ДНР» і «ЛНР»;
  • забарону на простыя і ўскосныя угоды, зьвязаныя з сувэрэнным доўгам Расеі;
  • санкцыі супраць двух буйных расейскіх банкаў.

У дадатак Канада накіруе дадатковыя вайсковыя сілы для ўмацаваньня абароназдольнасьці NATO ў Эўропе: 460 вайскоўцаў у дадатак да 800, якія ўжо ёсьць на кантынэнце, пры неабходнасьці залучаць яшчэ 3400 чалавек. У Латвію накіруюць артылерыйскія ўзбраеньні. Таксама ў Эўропу пашлюць яшчэ адзін марскі фрэгат, перададуць пад камандаваньне NATO патрульны самалёт далёкага дзеяньня СР-140 Aurora.

Прэм’ер-міністар Аўстраліі Скот Морысан, анансуючы санкцыі, заявіў NBC News, што ў ягонай дзяржаве гэтая акцыя супраць Расеі толькі пачынаецца — наперадзе куды больш сур’ёзныя захады. «Аўстралійцы заўсёды супрацьстаяць „хуліганам“, а мы будзем супрацьстаяць Расеі разам з усімі нашымі партнэрамі. Я чакаю наступных санкцыяў, гэта толькі пачатак працэсу».

Санкцыі Аўстраліі на гэты момант:

  • адрасныя фінансавыя санкцыі і забарона на ўезд для васьмі чальцоў Савету бясьпекі Расеі;
  • санкцыі непасрэдна супраць «ДНР» і «ЛНР», якія закрануць транспарт, энэргетыку, тэлекамунікацыі, нафту, газ, карысныя выкапні, некалькі расейскіх банкаў.

Прэм’ер-міністар Японіі Фуміё Кісіда таксама заявіў пра санкцыі супраць Масквы, паведамляе Reuters. Японія забараняе:

  • выдачу візаў асобам, зьвязаным з самаабвешчанымі «рэспублікамі»;
  • замарожвае актывы людзей, зьвязаных з «ЛДНР»;
  • забараняе экспарт і імпарт паміж Японіяй і самаабвешчанымі тэрыторыямі;
  • забараняе абарачэньне расейскіх аблігацыяў у Японіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG