Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 23 лютага: затрымалі доктара Мартава, які першым расказаў праўду пра каранавірус


Доктар Уладзімер Мартаў
Доктар Уладзімер Мартаў

Беларусаў надалей перасьледуюць за грамадзянскую і палітычную пазыцыю.

Затрымалі віцебскага лекара, які першым расказаў праўду пра каранавірус

22 лютага затрымалі віцебскага лекара Ўладзімера Мартава. Гэта адбылося на ягоным лецішчы пад Лепелем. Цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ Лепеля. Пра гэта напісала журналістка Тацяна Мацьвеева ў сваім Facebook са спасылкай на жонку Мартава Алену.

Суд пройдзе 23 лютага. Вядома, што доктара абвінавачваюць у парушэньні артыкула 24.23 КаАП. Іншых падрабязнасьцяў няма.

Алена Мартава 23 лютага паехала да мужа ў Лепель, хацела перадаць яму лекі. Ён гіпэртонік, і гэтыя лекі патрэбны яму пастаянна. Аднак лекі перадаць не дазволілі.

«Сказалі, калі раптам вашаму мужу стане кепска, то выклічам хуткую дапамогу», — кажа Алена Мартава.

Уладзімер Мартаў стаў першым лекарам у краіне, які ў красавіку 2020 году, у разгар эпідэміі каранавірусу, не пабаяўся публічна агучыць свае думкі пра тое, што адбывалася тады ў шпіталях, акрэсьліўшы сапраўдныя маштабы хваробы ў Беларусі.

Неўзабаве споўніцца год, як прадстаўніку знакамітай віцебскай дынастыі лекараў, кандыдату мэдычных навук, загадчыку аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Віцебскай гарадзкой клінічнай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Ўладзімеру Мартаву не падоўжылі кантракт.

На Радыё Свабода выйшаў цыкль падкастаў з доктарам Мартавым пра каранавірус.

Віцебскага фотамастака і краязнаўцу Віктара Барысенкава пасадзілі на 10 содняў

Увечары 21 лютага віцебскага фотамастака і краязнаўцу Віктара Барысенкава забралі адбываць 10-дзённы арышт, прысуджаны яшчэ ўвосень. Пра гэта паведаміў адзін зь сяброў Віктара Барысенкава.

Паводле крыніцы, на 10 дзён арышту фотамастака асудзілі за той жа фатаздымак, за які ў жніўні 2021 году ён адбыў 7 содняў, але з прысудам не пагадзіўся, паведамляе «Вясна».

Агулам Віктару Барысенкаву прысудзілі 17 содняў. 7 зь іх ён адбыў яшчэ ўвосень. Астатнія 10 «адклалі»; як патлумачылі міліцыянты, яго «забяруць, калі будзе трэба».

Віктар Барысенкаў вядомая ў Віцебску асоба. Ён аўтар мастацкіх фотапраекцыяў, якія дазваляюць убачыць страчаныя помнікі архітэктуры, і гэтыя ягоныя работы неаднаразова экспанавалі на гарадзкіх выставах. Таксама Віктар Барысенкаў мае некалькі грамат ад навучальных і культурных установаў, дзе ён чытаў лекцыі па гісторыі Віцебску.

У Бабруйску затрымалі актывіста Івана Манько

Папярэдне, затрыманьне хлопца зьвязана з «прэвэнтыўнай зачысткай» перад рэфэрэндумам, паведамляе «Бобруйск online».

Затрыманьні ў Менску і рэгіёнах

23 лютага на выхадзе з кватэры супрацоўнікамі ГУБАЗіК быў затрыманы мянчук Андрэй Бясько. У яго кватэры, а таксама ў кватэры ягонай маці прайшлі ператрусы. Забралі пляншэт, ноўтбук і тэлефон сына. Вядома, што Андрэя павезьлі ў Кастрычніцкае РУУС.

22 лютага ў сталіцы затрымалі настаўніцу ангельскай мовы Ганну Барысовіч і дзьвюх яе дачок — Яну і Тацяну Барысовіч. Дома ў іх прайшоў вобшук у межах крымінальнай справы.

Таксама паведамляюць пра затрыманьне ў Менску ў гэты дзень Уладзімера Сапегі.

У Белаазёрску 23 лютага каля 7 раніцы затрымалі для гутаркі Уладзімера Зубрыцкага. Сутнасьць справы пакуль невядомая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG