Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спыталася прозьвішчы чальцоў камісіі — сказалі, што я ім пагражаю». Як назіральніцу пазбавілі акрэдытацыі


Адкрытыя кабінкі для галасаваньня, Гомель, 22 лютага
Адкрытыя кабінкі для галасаваньня, Гомель, 22 лютага

Антаніна (імя зьмененае. — РС) зарэгістравалася назіральніцай на адным з участкаў у раённым цэнтры. Прыйшла на першы дзень датэрміновага галасаваньня і адразу была пазбаўлена акрэдытацыі.

«Яны мяне чакалі — участковая камісія. Адразу ж пачалі папікаць, што пратакол аб накіраваньні на назіраньне няправільна складзены. Сказалі, што назіраць у суботу і нядзелю я не змагу — такі ў іх графік. Сказалі, што адзіны дзень для майго назіраньня — сёньня да абеду. Ніякага графіку для назіральнікаў не было нідзе. Я спыталася, дзе інфармацыя пра выбарнікаў, дзе інфармацыя пра чальцоў участковай камісіі. Бо як мне зьвяртацца да людзей? Яны гэта расцанілі так, быццам я ім пагражаю! Пачалі пазбаўляць акрэдытацыі. Некуды ўвесь час тэлефанавалі, раіліся», — расказала Антаніна.

У выніку яна ня зможа назіраць на выбарах і асьцерагаецца, што па яе прыйдзе міліцыя.

22 лютага ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне на канстытуцыйным рэфэрэндуме. Паводле назіральнікаў, масавае датэрміновае галасаваньне, часам пад прымусам уладаў, зьяўляецца адным з мэханізмаў фальсыфікацый у Беларусі.

Датэрміновае галасаваньне на выбарчым участку ў Гомлі. 22 лютага 2022
Датэрміновае галасаваньне на выбарчым участку ў Гомлі. 22 лютага 2022

Як паведамляюць праваабаронцы, у Зэльве на ўчастку для галасаваньня кабінкі стаяць безь фіранак, а столікі бокам, то бок усе дзеяньні галасавальнікаў бачныя сябрам камісіі. Раней ЦВК Беларусі патлумачыў такую меру захадамі супраць распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі.

Дзень асноўнага галасаваньня на рэфэрэндуме аб зьмене Канстытуцыі — 27 лютага. Шэраг палітыкаў і ініцыятыў заклікалі прыходзіць галасаваць менавіта ў асноўны дзень, каб не перашкодзіць фальсыфікацыям.

Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае

Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?

З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:

  • прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
  • са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
  • вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
  • прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»

Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.

Сярод іх:

  • «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
  • зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
  • прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
  • прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі

  • Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
  • Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
  • Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
  • З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.

«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі

  • Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
  • Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
  • Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG