«Мы бачым наступ на дзяржаўны сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць нашай дзяржавы. Гэта дакладна. Цяпер я атрымаў запыт Міністэрства замежных спраў, каб я разгледзеў пытаньне аб разрыве дыпляматычных дачыненьняў з Расеяй. Я буду адпрацоўваць гэтае пытаньне. І ня толькі гэтае пытаньне», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Пра гэта Зяленскі сказаў на брыфінгу ў Кіеве пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Эстоніі Аларам Карысам.
Адказваючы на пытаньне журналістаў аб магчымым увядзеньні ваеннага становішча ва Ўкраіне, Уладзімір Зяленскі паведаміў:
«Наконт ваеннага становішча вельмі проста. Гэта пытаньне для нас зразумелае. Мы верым, што вайны, магутнай, ня будзе супраць Украіны, і ня будзе шырокай эскаляцыі з боку Расейскай Фэдэрацыі, а калі будзе, то будзе ўведзена ваеннае становішча. Мы разумеем усе рызыкі і заклікаем Расею вырашаць гэтае пытаньне шляхам дыялёгу, сядаць за стол перамоў. Мы гатовы сустракацца на любых пляцоўках. І Расея гэта цудоўна ведае», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
У сваю чаргу прэзыдэнт Эстоніі Алар Карыс заявіў аб падтрымцы Ўкраіны і асобна зьвярнуў увагу на тое, што Расея працягвае павялічваць сваю вайсковую прысутнасьць ля межаў Украіны, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі.
«Я выступаю разам з усімі тымі, хто жадае знайсьці спосаб забясьпечыць мір. Папраўдзе, гэта рашучы момант у эўрапейскай гісторыі. Прэзыдэнт Пуцін будзе адказваць перад будучымі пакаленьнямі за свае гвалтоўныя дзеяньні. Эўрапейскія лідэры маюць сваю адказнасьць па абароне эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Мы шкадуем пра кожнае жыцьцё, якое было страчана ў выніку гэтага канфлікту», — заявіў эстонскі прэзыдэнт.
«Мінімум, што мы можам зрабіць, — гэта павялічыць тактычную падтрымку Ўкраіны. Гэта тое, што Эстонія рабіла і будзе працягваць рабіць. У Эўразьвязе мы плянуем масіўны пакет санкцый, і найбольш важнае — мы мусім захоўваць адчыненыя для Ўкраіны дзьверы Эўразьвязу і NATO», — дадаў Алар Карыс.
Раней у Данецку і Луганску заявілі аб «ратыфікацыі» дамоваў з Расеяй пасьля таго, як кіраўнік Расеі Пуцін прызнаў іх незалежнымі дзяржавамі. Часткі Луганскай і Данецкай абласьцей Украіны ад 2014 году знаходзяцца пад акупацыяй, кантроль над тэрыторыямі ажыцьцяўляе залежная ад Масквы адміністрацыя так званых «ЛНР» і «ДНР».
Віцэ-спікер так званага «парлямэнту» групоўкі «ЛНР» запатрабаваў ад Украіны адвесьці войскі да адміністрацыйнай мяжы Луганскай вобласьці.
Органы, якія называюць сябе парлямэнтамі «ЛНР» і «ДНР», аднагалосна ратыфікавалі дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе з Расейскай Фэдэрацыяй.