«Цяпер адбываецца апрацоўка вялікай колькасьці дакумэнтаў, згодна з нашым заканадаўствам», — сказаў Аляксей Данілаў на брыфінгу ў Кіеве пасьля тэрміновага пасяджэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны на чале з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленсікм.
На пытаньне журналістаў, ці плянуецца ва Ўкраіне ўводзіць ваеннае становішча, сакратар РНБА адказаў: «Яшчэ раз падкрэсьліваю. Цяпер мы апрацоўваем усе дакумэнты, якія ёсьць на тэрыторыі нашай краіны, якія дзейныя. Мы дакладна разумеем, што тэрыторыя нашай краіны — гэта Аўтаномная Рэспубліка Крым, усе вобласьці».
«Афіцыйная рэакцыя Кіева на рашэньне Пуціна... Па-першае, дачакайцеся выступу прэзыдэнта, таму што наша пасяджэньне не завершанае, і пасьля ўхваленьня рашэньня і іх апублікаваньня вы пабачыце нашу рэакцыю на тыя падзеі, якія адбываюцца на сёньняшні дзень. Як толькі рашэньні будуць, мы абавязкова паінфармуем пра іх», — падкрэсьліў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў.
Пасьля анэксіі Крыму і акупацыі часткі Данецкай і Луганскай абласьцей Украіна ўводзіла ваеннае становішча з 25 лістапада да 26 сьнежня 2018 году ў сувязі з «актам агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі 25 лістапада ў раёне Керчанскай пратокі супраць караблёў Ваенна-марскіх сілаў Украіны».
Тагачасны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў адпаведны ўказ, а Вярхоўная Рада зацьвердзіла яго адпаведным законам.
На час дзеяньня ваеннага становішча могуць абмяжоўвацца канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян, прадугледжаныя 12 артыкуламі Канстытуцыі Ўкраіны:
- на недатыкальнасьць жыльля;
- на тайну ліставаньня, тэлефонных размоў, тэлеграфнай і іншай карэспандэнцыі;
- на неўмяшаньне ў асабістае і сямейнае жыцьцё;
- на свабоду перамяшчэньня, выбар месца пражываньня, выезд з Украіны;
- на свабоду думкі і слова, вольнае выказваньне сваіх поглядаў і перакананьняў;
- на ўдзел у кіраваньні дзяржаўнымі справамі, у рэфэрэндумах і выбарах;
- на мірныя сходы, мітынгі і дэманстрацыі;
- на сваю ўласнасьць і вынікі сваёй інтэлектуальнай і творчай дзейнасьці;
- на прадпрымальніцкую дзейнасьць;
- на свабоду выбару працы;
- на страйкі для абароны эканамічных і сацыяльных інтарэсаў;
- на адукацыю.