У заяве гаворыцца, што нягледзячы на ўсе запэўніваньні рэжыму, пасьля 20 лютага расейскія войскі ня будуць выведзеныя зь Беларусі. Гэта значыць, што беларусаў «увесь гэты час падманвалі, а Лукашэнка страціў самастойнасьць у прыняцьці рашэньняў». З-за яго Беларусь губляе суб’ектнасьць, а беларусы — кантроль над уласнай краінай.
«Знаходжаньне на нашай тэрыторыі расейскіх войскаў парушае нашую Канстытуцыю, міжнароднае права, ставіць пад пагрозу бясьпеку кожнага беларуса і цэлага рэгіёну. Беларусь уцягваюць у чужую вайну і ператвараюць у краіну-агрэсара. Лукашэнка расплачваецца за падтрымку Крамля сувэрэнітэтам — і цяпер мы бачым наступствы».
У офісе заявілі, што разумеюць пагрозы, таму дэмакратычныя сілы, якія прадстаўляюць народ, выступаюць супраць такіх дзеяньняў. Але зараз, на думку палітыкаў, гэта пачынаюць разумець нават прыхільнікі рэжыму.
«Гэта разумеюць і афіцэры беларускага войска, якія жадаюць абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі. Яны прысягалі служыць народу Беларусі, а не падпарадкоўвацца чужым генэралам ці чалавеку, які страціў легітымнасьць і ня мае права аддаваць ім загады».
Офіс Ціханоўскай патрабуе неадкладнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.
«Мы будзем дамагацца, каб гэтае пытаньне было вынесенае на разгляд Рады Бясьпекі ААН. Мы ўжо накіравалі лісты ў краіны ЭЗ з прапановамі новых моцных санкцый, якія б’юць па рэжыме, а не па людзях. Мы правядзем кансультацыі з суседзямі, Эўрапейскім зьвязам, ЗША і Вялікай Брытаніяй. Якім бы ні быў кожны наступны крок Лукашэнкі супраць беларускага сувэрэнітэту, ён прывядзе да самых сур’ёзных наступстваў».