Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля будзе балюча, пра гэта ніхто ня думае». Як Беларусь выжыве без 3,5 мільярда даляраў ад Эўразійскага фонду?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

16 лютага расейскі міністар фінансаў Антон Сілуанаў заявіў, што Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця, які ўзначальвае Расея, ня мае магчымасьці выдзеліць Беларусі запрошаныя крэдыты ў памеры $3,5 мільярда.

Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця адмовіў Беларусі ў крэдыце ў 3,5 мільярда даляраў. Гэтую суму Беларусь папрасіла ў сьнежні для рэфінансаваньня свайго доўгу ў сувязі з адсутнасьцю дапамогі ад эўрапейскіх фондаў.

Расейскі міністар Сілуанаў заявіў толькі, што «Расея была б гатовая рэфінансаваць сёлета доўг Беларусі перад Масквой і ЭФСР у памеры 1 мільярда даляраў».

Колькі даўгоў Беларусь мусіць аддаць сёлета

  • 10 мільярдаў рублёў — столькі Беларусь мусіць выплаціць па даўгах сёлета, паводле Міністэрства фінансаў. Гэта 3,9 мільярда даляраў. Ліміт доўгу не павінен перавышаць 40% ВУП.
  • Найбольшая частка сродкаў пойдзе на пагашэньне доўгу Расеі — 3,3 млрд рублёў, або 1,3 мільярда даляраў.
  • Агулам дзярждоўг Беларусі складае 18,2 млрд даляраў па стане на 1 студзеня 2022 году.

Расея адмовіла ў крэдыце, бо напружыліся адносіны?

На думку былога дыплямата Паўла Мацукевіча, Расея ня будзе адмаўляць Беларусі ў дапамозе, але гэтая дапамога будзе проста для «падтрыманьня штаноў».

«Відавочна, што цягам 1,5 года, колькі цягнецца палітычны крызіс у Беларусі, Расея не адмаўляе Лукашэнку ў дапамозе: ні ў крэдытах, ні ў іншым.

Аднак Лукашэнка не атрымлівае той фінансавай дапамогі, якой бы ён хацеў. Паколькі альтэрнатывы ніякай няма, то даводзіцца пагаджацца і прымаць тое, што даюць. Безумоўна, гэта форма ціску, Расея знаходзіцца ў выгадным становішчы, калі можа праз саму магчымасьць адмовы маніпуляваць сваім саюзьнікам», — кажа Павал Мацукевіч.

Ён дадае, што адмова ад выдачы крэдыту на 3,5 мільярда даляраў прагучала ад міністра фінансаў Сілуанава, а Пуцін можа пасьля сказаць іншае.

«Лукашэнка шматкроць казаў аб крэдыце ў 3 мільярды, якія нібыта ўдалося зэканоміць пры будаўніцтве АЭС, Пуцін пакуль маўчыць пра гэта. Грошы ня можа даць Эўразійскі фонд, сказаў Сілуанаў, але сама Расея ў дапамозе адмаўляць ня будзе», — мяркуе Павал Мацукевіч.

Ці абыдзецца Беларусь без 3,5-мільярднага крэдыту?

Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, грошай у Беларусі, каб разьлічыцца з даўгамі, хопіць нават без крэдытаў. На гэта ёсьць грошы зь бюджэту і з золатавалютных рэзэрваў.

«З крэдытамі яны ўсё адно дамовяцца. Гэта спробы вытаргаваць нешта, і крытычнай сытуацыі тут няма. Расея і Кітай дадуць грошай. Калі на гэтым можна зарабіць 8–9% у валюце — ахвотных будзе шмат. Яшчэ пару гадоў можна працаваць на даўгі, але пасьля будзе балюча, пра гэта ніхто ня думае», — кажа Яраслаў Раманчук.

У бюджэце Беларусі на 2022 год прапісаныя крэдыты ад міжнародных фінансавых арганізацый на 2 мільярды рублёў і крэдыты ад замежных дзяржаў на 586 мільёнаў рублёў.

У суме гэта менш за 1 мільярд даляраў. Якраз пра такую суму рэфінансаваньня доўгу Беларусі казаў міністар фінансаў Расеі Сілуанаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG