За надпісы на фасадах і абразу Лукашэнкі жыхара Берасьця пакаралі 2 гадамі калёніі
15 і 16 лютага суд Маскоўскага раёну Берасьця разглядаў справу Ігара Новіка, якому прад’явілі абвінавачаньні паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), а таксама паводле арт. 341 (апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці), паведамляе «Вясна».
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што з красавіка па сьнежань 2021 году ён зрабіў 7 надпісаў на фасадах будынкаў — сярод іх «Лукашенко психованная крыса» і «Жыве Беларусь. Лукашенко псих и убийца. В Гаагу».
Падчас судовага пасяджэньня Новік цалкам прызнаў сваю віну.
У выніку судзьдзя Марына Скалковіч прысудзіла абвінавачанаму два гады калёніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакараньне і прасіла пракурорка Алена Шарко.
Затрымалі «азотаўца»
15 лютага затрымалі работніка філіялу «Завод Хімвалакно» ААТ «Гродна Азот» Аляксандра Гуршчанкова. Ён цяпер у горадзенскім ІЧУ, паведамляе «Вясна».
Ператрусы ў сябра БАЖ і актывіста
Ранкам 17 лютага ў Дрыбіне супрацоўнікі міліцыі прыйшлі з вобшукам да сябра зьліквідаванай уладамі Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Юркова. Сілавікі забралі ў Юркова ўсю тэхніку. Сам Андрэй на волі, піша БАЖ.
Адначасна ў Горках сілавікі правялі вобшук у мясцовага актывіста Віктара Каралькова. Яго затрымалі.
Ператрусы на «хіміі» ў Ваўкавыску
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што супрацоўнікі КДБ ладзяць ператрусы ў зьняволеных папраўчай установы адкрытага тыпу №29, што месьціцца ў Ваўкавыску. У гэтым месцы свае тэрміны адбываюць 9 палітвязьняў.