19-старонкавы дакумэнт апублікаваны на сайце пастаяннага камітэту «саюзнай дзяржавы».
У дактрыне адзначаецца, што «ваенна-палітычная абстаноўка, якая складваецца вакол СД, характарызуецца ўзрастаньнем нэгатыўных працэсаў у сфэры глябальнай і рэгіянальнай бясьпекі, абумоўленых як геапалітычным суперніцтвам паміж вядучымі сусьветнымі дзяржавамі, так і сутыкненьнем інтарэсаў асобных дзяржаваў і іх кааліцыяў».
У дакумэнце пералічваюцца асноўныя вонкавыя ваенныя рызыкі. Сярод іх:
- нарошчваньне вайсковага патэнцыялу асобных дзяржаваў, а таксама стварэньне або разьмяшчэньне ў краінах, якія суседнічаюць з саюзнай дзяржавай, вайсковых фармаваньняў высокай ступені гатоўнасьці;
- дзейнасьць па дэстабілізацыі становішча ў краінах, сумежных з саюзнай дзяржавай, а таксама ў дзяржавах – чальцах АДКБ;
- распрацоўка асобнымі дзяржавамі мэханізмаў распальваньня ўнутраных узброеных канфліктаў у іншых краінах для зьмены дзейнай улады або парушэньня іх тэрытарыяльнай цэласнасьці з выкарыстаньнем магчымасьцяў сілаў спэцыяльных апэрацыяў, прыватных вайсковых кампаніяў і незаконных узброеных фармаваньняў;
- распаўсюд зброі масавага зьнішчэньня, а таксама намеры яго разьмяшчэньня ў краінах – суседках СД;
- стварэньне спэцыялізаваных структур для аказаньні інфармацыйнага ўзьдзеяньня на органы дзяржаўнага і вайсковага кіраваньня, інфраструктуру і насельніцтва дзяржаваў-удзельніц;
- дзейнасьць міжнародных тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацыяў, прыватных вайсковых кампаніяў па стварэньні ўласных узброеных фармаваньняў.
Асноўнымі ваеннымі пагрозамі СД краіны-ўдзельніцы прызнаюць:
- канцэнтрацыю ўзброеных сілаў іншай дзяржавы або дзяржаваў уздоўж межаў дзяржаваў — удзельніц ва Ўсходне-Эўрапейскім рэгіёне калектыўнай бясьпекі, якая ўказвае на намер ужыць вайсковую сілу супраць СД;
- узьнікненьне на тэрыторыях дзяржаваў, сумежных з СД, узброеных канфліктаў, накіраваных супраць жыцьцёва важных інтарэсаў СД;
- правядзеньне ў іншай дзяржаве (іншых дзяржавах) мабілізацыі ў мэтах учыненьня акту ўзброенай агрэсіі супраць СД;
- выкарыстаньне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў для варожых дзеяньняў, якія ўяўляюць пагрозу міжнароднай бясьпецы, у тым ліку накіраваных на дыскрэдытацыю дзяржаваў-удзельніц, парушэньне іх тэрытарыяльнай цэласнасьці і дзяржаўнага сувэрэнітэту, умяшаньне ў іх унутраныя справы;
- іншую дзейнасьць іншай дзяржавы, экстрэмісцкіх, тэрарыстычных арганізацыяў, разьмешчаных на тэрыторыі іншай дзяржавы, уключаючы заявы, дэманстрацыю сілы, якія ўчыняюцца ў парушэньне Статуту ААН і паказваюць на падрыхтоўку да нападу на СД.
У якасьці асноўных захадаў для гарантаваньня ваеннай бясьпекі дзяржавы-ўдзельніцы разглядаюць у мірны час (сярод іншага):
- фармаваньне і ажыцьцяўленьне ўзгодненай ваеннай палітыкі;
- правядзеньне ў інтарэсах сумеснай абароны ўзгодненай мабілізацыйнай падрыхтоўкі эканомік;
- фармаваньне адзінай памежнай прасторы, ахову дзяржаўных межаў;
- рэалізацыя міжнародных абавязаньняў у сфэры раззбраеньня, кантролю над узбраеньнямі і мераў па ўмацаваньні даверу і бясьпекі, заключэньне новых дамоўленасьцяў у гэтай галіне бяз шкоды для абараназдольнасьці дзяржаваў-удзельніц;
- пашырэньне вайсковага і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва зь дзяржавамі – чальцамі АДКБ, а таксама зь іншымі дружалюбнымі краінамі;
- разьвіцьцё і падтрыманьне ў баявой гатоўнасьці аб’яднаных вайсковых сыстэмаў.
У ваенны час:
- комплекс мерапрыемстваў па ўзброенай абароне СД;
- сумесныя рашэньні па вядзеньні ваенных дзеяньняў па адбіцьці нападу;
- выкарыстаньне магчымасьцяў міжнародных арганізацыяў для прымусу агрэсара да спыненьня ваенных дзеяньняў супраць дзяржаваў-удзельніц.
Ядзерная зброя
У дактрыне ўказваецца, што ядзерная зброя РФ будзе заставацца важным фактарам прадухіленьня ўзьнікненьня ядзерных ваенных канфліктаў і ваенных канфліктаў з ужываньнем звычайных сродкаў паражэньня.
У новай Ваеннай дактрыне СД наўпрост не пазначана, што расейская ядзерная зброя можа быць разьмешчана дзе-небудзь за межамі РФ.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон падчас прэсавай канфэрэнцыі пасьля перамоваў з прэзыдэнтам РФ Ўладзімірам Пуціным заявіў, што Пуцін «супакоіў» яго адносна таго, што расейская ядзерная зброя ня будзе разьмяшчацца ў Беларусі.