Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША ў расейца і ягонай жонкі канфіскавалі найбуйнейшую ў гісторыі суму крыптавалюты


Грамадзянін ЗША і Расеі Ільля Ліхтэнштэйн і яго жонка амэрыканка Хізэр Морган арыштаваныя ў Нью-Ёрку па абвінавачаньні ў адмываньні чатырох з паловай мільярдаў даляраў у крыптавалюце (па сёньняшнім курсе) пасьля ўзлому біржы Bitfinex у 2016 годзе.

У сужэнцаў забралі біткойны на суму тры мільярды 600 мільёнаў даляраў ЗША. Па словах пракурораў, гэта найбуйнейшая канфіскацыя крыптавалюты ў гісторыі. Кожнаму з абвінавачаных пагражае да 20 гадоў турмы.

Агенцтва Bloomberg паведамляе, што Ліхтэнштэйна і Морган вызвалілі пад заклад у восем мільёнаў даляраў. Урад настойваў на закладзе ў 100 мільёнаў даляраў. У адказ адвакаты назвалі суму «сьмеху вартай».

Паводле дадзеных Crunchbase, Ліхтэнштэйн — сузаснавальнік стартапа MixRank, які распрацоўвае праграмнае забесьпячэньне для маркетынгавых кампаній. Морган заснавала сэрвіс капірайтынгу SalesFolk.

Хізэр Морган 31 год. Раней яна жыла ў Ганконгу і Эгіпце, вывучае расейскую мову. Ільлі Ліхтэнштэйну 34 гады. У ЗША ён жыве з шасьці гадоў. Яго бацькі эмігравалі, каб пазьбегнуць перасьледу па рэлігійнай прыкмеце, удакладняе Bloomberg.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG