Пра гэта піша DW.
ЗША і Славаччына заключылі ў Вашынгтоне ў чацьвер, 3 лютага, пагадненьне аб вайсковым супрацоўніцтве. Подпісы пад дакумэнтам паставілі дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, міністар абароны Славаччыны Яраслаў Надзь і кіраўнік славацкага МЗС Іван Корчак.
Гэты дагавор дазволіць ЗША пашырыць вайсковую прысутнасьць у Славаччыне, у прыватнасьці шляхам мадэрнізацыі вайсковых аэрадромаў Малацкі-Кухіня і Сьляч. Для набыцьця дакумэнтам моцы патрэбна яго ратыфікацыя славацкім парлямэнтам і зацьвярджэньне прэзыдэнтам краіны.
Заключэньне вайсковай дамовы выклікала неадназначную рэакцыю ў Славаччыне, дзе прайшлі акцыі пратэсту. Крытыкі заяўляюць, што дамова можа прывесьці да страты сувэрэнітэту краіны і парушэньня сіламі ЗША славацкага заканадаўства.
Блінкен адмаўляе стварэньне пастаянных базаў ЗША ў Славаччыне:
«Гэтае пагадненьне заснавана на супрацоўніцтве і павазе», — заявіў Блінкен на цырымоніі падпісаньня, асудзіўшы распаўсюджваньне „дэзынфармацыі“ аб зьмесьце угоды. — Яно было падрыхтавана Славаччынай сумесна з ЗША, у якасьці паўнапраўных і сувэрэнных партнэраў і ў інтарэсах абодвух урадаў, яно прадстаўляе інтарэсы народаў абедзьвюх краін".
Кіраўнік Дзярждэпартамэнту адзначыў, што ЗША ня будуць ствараць у Славаччыне свае пастаянныя вайсковыя базы або на пастаяннай аснове разьмяшчаць у краіне амэрыканскія войскі.
Паводле дамовы, Злучаныя Штаты прафінансуюць мадэрнізацыю двух вайсковых аэрадромаў, якія застануцца ва ўласнасьці славацкага ўраду, але якімі амэрыканскія вайскоўцы змогуць бясплатна карыстацца.