Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магчыма, перажывём падвойную акупацыю перад вызваленьнем», — Пракопʼеў пра вайну, Гаагу і беларускую мову


Вадзім Пракоп'еў
Вадзім Пракоп'еў

Грамадзкі дзеяч, былы бізнэсовец Вадзім Пракопʼеў расказвае пра тое, як здымаецца «Радыё Гаага», калі ён перастане быць «салдатам інфармацыйнай вайны», празь які ракурс варта аналізаваць казахскі кейс беларусам і які пагрозы і шанцы для Беларусі можа мець магчымая вайна Расеі супраць Украіны.


Сьцісла

  • АДКБ — сурʼёзная і непрыемная навіна. Мы павінны калектыўна выпрацаваць на гэта адказ, у адваротным выпадку мы сапраўды залежым выключна ад зьменаў у Расеі.
  • Беларусь для Захаду — валізка бяз ручкі, наша сытуацыя лёгка не вырашаецца. Падаецца, што часам яны лічаць нас ужо часткай Расеі. А ў сувязі з украінскімі падзеямі ў валізкі можа зьявіцца ручка.
  • Стылістыка «Радыё Гаага» — не самамэта. Настрой пад акупацыяй (а можа скласьціся так, што мы перажывем падвойную акупацыю перад вызваленьнем) у нас нуарны, і чорна-белая гама, безумоўна, падкрэсьлівае гэта.
  • Я падыду да пункту, калі мае ашчаджаньні вычарпаюцца і давядзецца зрабіць выбар — пратэставая дзейнасьць, на якую зьбіраем фінансы, ці трэба будзе вярнуцца ў бізнэс. Нікому не дараваў і не дарую, буду супраціўляцца.

«Наша беларуская праблема — частка распаду імпэрыі»

— Незалежныя журналісты часам параўноўваюць, колькі пазытыўных і нэгатыўных навінаў выйшла на сайце ці ў сацсетках за дзень. Ня буду агучваць лічбы, але нэгатыўныя навіны моцна пераважаюць. Што ў цяперашняй беларускай сытуацыі вам дае надзею і аптымізм? Якая апошняя пазытыўная навіна вас парадавала?

— Думаю, што зь мяне дрэнны трэнэр у пошуку добрых навінаў. Увогуле, напэўна, ніколі асабліва ня жыў на сонечным баку жыцьця. А стрыманы аптымізм мне дапамагае мець тое, што дыктатуры ўсё роўна здохнуць. Нехта дажыве да гэтага канца, у любым разе дыктатуры гістарычна асуджаныя. Вось некалькі істотных добрых навінаў апошнім часам — пуцінская авантура прывяла да падзеньня расейскіх каціровак. Цудоўная навіна, на мой погляд. І яшчэ — з Расеі самы вялікі адток капіталу з часоў 2014 году; з фонду нацыянальнага дабрабыту Расеі зьнікла 750 мільярдаў расейскіх рублёў, што супала з ваеннай авантурай Пуціна.

— Вы гледзіце на расейскія навіны, бо яны ўплываюць на беларускую сытуацыю?

— Я па-ранейшаму сьмею сьцьвярджаць, што наша беларуская праблема — частка распаду імпэрыі. Чым хутчэй мы да гэтага прызвычаімся, чым хутчэй мы да ўсіх беларусаў данясем, што вораг у нас не адзін, а можна сказаць, што і адзін — у Крамлі. Лукашэнка — гэта толькі вытворная велічыня «русского мира». Па гэтых правілах ён і жыве — улада ад Бога; прэзыдэнтамі не становяцца, а нараджаюцца; і гэтак далей.

«Вайскоўцы маюць уласьцівасьць пераходзіць на бок народу»

— У апошнім выпуску «Радыё Гаага» вы гаварылі пра тое, якія высновы беларусы могуць зрабіць зь перавароту ў Казахстане. Празь які ракурс варта аналізаваць казахстанскі кейс беларусам?

— Я не лічу сябе глыбокім экспэртам у гэтым пытаньні, але нават у маіх высновах ёсьць трывожныя ноткі. Я лічу, што фактар АДКБ моцна ўплывае ў тым ліку і на нашую, у будучыні пераможную, сытуацыю. Астатнія высновы таксама мае сэнс зрабіць — адсутнасьць палітычнага лідэрства, адсутнасьць флянгу, які б мог перахапіць уладу, каардынацыі, адсутнасьць лідэра на месцы, адсутнасьць дакладных патрабаваньняў, стыхійны працэс разгортваньня пратэстаў і рэвалюцыі... Гэта павінна навучыць нас таму, што мы ня можам празяваць такую ўспышку.

Тое, што Лукашэнка вядзе наш «Тытанік» да гібелі, разумеюць усе. Пытаньне, калі здарыцца трыгер. І калі ён будзе сацыяльны, з прычыны беднасьці, то ці можам мы дазволіць сабе яшчэ будаваць пляны і зьбірацца, ці мы павінны дзейнічаць хутка і, я выкарыстаю ваенна-тактычную мэтафару: «ускрыць канвэрт». Усё гэта гучыць крыху рамантычна, але насамрэч рыхтавацца абавязкова трэба, нібы гэта адбудзецца заўтра. Я ня бачу перадумоваў, каб гэта адбылося заўтра, але рыхтавацца абавязкова трэба. Я б не выключаў камбінацыі, калі чалавек «высаджваецца» з боку беларускага апазыцыйнага лідэрства і трапляе ўнутр краіны. Я пра ўсё гэта гаварыў на «Радыё Гаага».

Яшчэ трэба зрабіць выснову, што дух — надзвычай важны фактар. Казахстанскія маладыя мужчыны (вынік дэмаграфічнай сытуацыі), сельская моладзь, якая аказалася бяз працы ў вялікім горадзе... Казахстанскі пратэст «пахне» мужчынскім будаўнічым інтэрнатам, ніяк не францускім адэкалёнам. Сярэдні, мэдыянны ўзрост там на 10 гадоў ніжэйшы, чым у Беларусі (як у арабскіх краінах у свой час) — гэта фактар для разгортваньня такіх падзей. Ня трэба быць спартовым трэнэрам ці прафэсійным вайскоўцам, каб зразумець, што ў гэтага імклівага, жорсткага (асабліва з пункту гледжаньня беларускага мэнталітэту) казахстанскага пратэсту відавочна, быў дух.

Яшчэ адна рэч. Вайскоўцы маюць уласьцівасьць пераходзіць на бок народу. Калі ўзброены чалавек мае справу з цывільнымі асобамі, у якіх у вачах напісана словазлучэньне «свабода або сьмерць», шанцы таго, што ён пяройдзе на бок народу, значна падвышаюцца. Як шмат такіх людзей сярод сілавікоў Беларусі? Я не магу замерыць гэта статыстычна, я магу абапірацца на свой эмпірычны досьвед і на кантакты з такімі людзьмі, якія, натуральна, буду хаваць. Мне ўяўляецца, што сілавікоў сярод малодшага і сярэдняга каманднага складу з нармальнымі перакананьнямі, з нармальным пачуцьцём патрыёта (не «русскомирного» і не лукашэнкаўскага), усё ж дастаткова. Прычына, чаму яны дэманстратыўна не перайшлі на наш бок, у тым ліку і ў нас. Пра псыхалёгію сілавіка бліскуча кажа Няўзораў, калі сьцьвярджае, што праз запацелае забрала яны дакладна бачаць за колькі мэтраў, ці іх ідуць біць, ці да іх ідуць ахвяры. Гэта клішэ, але ўсё ж...

Беларускі дух і беларуская ідэнтычнасьць (перакананы, што гэта павінна быць дзьвюхмоўная ідэнтычнасьць) дазволіць у гэтых сілавікоў у крытычны момант сфармаваць пачуцьцё адзінства з народам. Калі афіцэр Узброеных сіл носіць сваё афіцэрскае пасьведчаньне зь бел-чырвона-белай вокладкай, калі ён слухае нашы песьні і згодны з клятвай беларуса (яе належыць прыдумаць), калі ён не падзяляе каштоўнасьці «русского мира», то нашы шанцы на посьпех моцна падвышаюцца.

АДКБ — сурʼёзная і непрыемная навіна. Як на гэта рэагаваць і што з гэтым рабіць? Я выказаў меркаваньне, што з гэтым трэба разьбірацца калектыўна. Мы павінны выпрацаваць на гэта адказ, у адваротным выпадку мы сапраўды залежым выключна ад зьменаў у Расеі і ад пратэставых падзеяў там. А пратэставыя падзеі ў Расеі нам ужо намякаюць, што гэта будзе жорсткая рэвалюцыя, таму што ўсе астатнія формы падаўленыя і зачышчаныя.

Ці ёсьць у нас адэкватны адказ на непазьбежныя дзеяньні АДКБ пры разьвіцьці такога сцэнару? Усе кажуць, што трэба падняць санкцыйную цану для расейцаў, каб не дапусьціць такога сцэнару. «Карыбскі крызіс» з Украінай дазволіць паглядзець, якія санкцыі ўвогуле магчымыя і ці сапраўды яны маюць спыняючае дзеяньне. Мне падаецца, што наша дыпляматыя (маем на ўвазе офіс Сьвятланы Ціханоўскай, які займаецца вонкавай палітыкай больш за іншых) дастаткова сьпелая і прадуктыўная. І я мог бы ўявіць званок Кавалеўскага, яшчэ лепей — Сьвятланы Георгіеўны, Пашыньяну, які яшчэ нядаўна быў рэвалюцыянэрам, а цяпер ратыфікаваў увод войскаў АДКБ у Алматы.

«Беларусь для Захаду — валізка бяз ручкі»

— Якія пагрозы і якія шанцы для Беларусі можа мець магчымая вайна Расеі супраць Украіны?

— Упершыню за апошнія дзесяцігодзьдзі дзякуючы агрэсіўным, безапэляцыйным паводзінам Крамля мы можам атрымаць, найперш, кансалідаваны Захад. Ёсьць прыкметы таго, што Захад прыходзіць да лягічнай і моцнай дактрыны. Цяпер Захад зразумеў, што гэта гульня ня супраць Украіны, а супраць Захаду, што Ўкраіна — усяго толькі зручны закладнік, да галавы якога прыставілі пісталет. Зьвяртаецца Пуцін, натуральна, да Захаду. Ён пастарэў і хацеў бы залатымі літарамі ўвайсьці ў падручнік гісторыі. Калі не атрымліваецца добра, то хаця б новым Сталіным. Ідэя пра Ялту-2 і падзел сфэраў уплыву — да Захаду даходзіць, што гэта ня жартачкі.

Захаду вельмі не хацелася мець з гэтым справу і біцца, але, як часта бывае (паводле Чэрчыля), калі адмаўляесься ад супрацьстаяньня і гібрыднай вайны, атрымаеш і ганьбу, і вайну. І ў іх можа нарадзіцца думка, што ня толькі Кітай — геапалітычны супернік, і з гэтым давядзецца нешта рабіць.

Беларусь для Захаду, на мой погляд, — валізка бяз ручкі. Яны ня ведаюць, што з намі рабіць. Наша сытуацыя лёгка не вырашаецца, трэба дзейнічаць моцна і авантурна. Мне падаецца, што часам яны лічаць нас ужо часткай Расеі. А ў сувязі з украінскімі падзеямі ў валізкі можа зьявіцца ручка. Мы можам стаць маленькай мікраскапічнай часткай гэтай дактрыны, якая называецца «А што мы цяпер будзем рабіць з Пуціным».

Заходні моцны мэханізм ад дыпляматычнага да ваеннага разварочваецца павольна, але калі разьвернецца ў гэты бок, то ў нас зьявіцца больш моцны хаўрусьнік. Гэта несправядліва. Лукашэнка мае хаўрусьніка, ён блефуе, бразгае зброяй, дзейнічае рашуча і часам схавана, і няважна, што паміж імі адбываюцца спрэчкі, мы разумеем, што ў яго хаўрусьнік ёсьць. А ў беларускага пратэсту і ў беларускага грамадзтва, якое змагаецца з дыктатурай, такога моцнага хаўрусьніка няма.

Так, у нас ёсьць заходнія краіны, якія дзякуючы сваім крытэрам і карэнным каштоўнасьцям маюць да нас эмпатыю і дапамагаюць гуманітарна. Украінскі крызіс можа падараваць нам буйную гульню Захаду супраць Крамля, і там дакладна будзе маленькі разьдзел, прысьвечаны нашаму супраціву.

«Я непазьбежна падыду да пункту, калі мае ашчаджэньні вычарпаюцца і мне давядзецца зрабіць выбар»

— Вы аўтар і вядоўца «Радыё Гаага», якое мае вялікую аўдыторыю ў ютубе. Я хачу запытацца цяпер не пра зьмест, а хутчэй пра вобраз, стылістыку — чорна-белая, з кантэкстам для тых, хто ведае, і для тых, хто толькі пачынае разьбірацца. Якая каманда гэта робіць? Хто прадумвае дэталі — напрыклад, выбірае фатаздымак на стале для выпуску? Падзяліцеся кухняй «Гаагі».

— Вельмі няшмат людзей робіць «Гаагу». Гэта калектыўчык з чатырох чалавек, усе маюць другую ці трэцюю працу. Задума належыць у большай ступені мне, стылістыка — плод майго падыходу. Стылістыка — не самамэта. Настрой пад акупацыяй (а можа скласьціся так, што мы перажывем падвойную акупацыю перад вызваленьнем) у нас нуарны, і чорна-белая гама, безумоўна, падкрэсьлівае гэта.

Ёсьць перадачы і ня чорна-белыя, напрыклад, стрым, які мы рабілі з «Супрацівам». У любым разе яны крыху ў нуарнай калярыстыцы. Калектыў невялікі, усе ідэйныя. Праўда, усім трэба жыць. У нейкі момант наша прадпрыемства, якое не зьяўляецца камэрцыйным, прыйдзе да непазьбежнага пункту — мы будзем неяк мяняцца ці займацца краўдфандынгам.

Ёсьць ідэя пашырыць сетку вяшчаньня. Магчыма, прыдумаем такую рэч, як свабодны мікрафон, ледзь не паўтор стратэгіі Сяргея Ціханоўскага, калі я навушнікі буду перадаваць любому чалавеку, якому ёсьць што сказаць. Я вельмі хачу зрабіць сэрыю гістарычных перадачаў, але шукаю слушны капірайт, таму што мае веды ў гісторыі павярхоўныя. Хачу зрабіць сэрыю «Героі і антыгероі». Кастусь Каліноўскі і, напрыклад, Фэлікс Дзяржынскі. Яны павінны некаторым чынам зьмясьціцца ў адну перадачу, кароткую і яркую, бо няма іншага, больш моцнага рычага і іншага спосабу, каб фармаваць нацыянальную самасьвядомасьць.

— Якая канчатковая мэта «Радыё Гаага»?

— Закрыцца. Але нам не пагражае закрыцьцё, калі мы не пабачым апошнія канвульсіі распаду імпэрыі. Я ня ведаю, куды гэты шлях прывядзе. Калі ня будзе хапаць рэсурсаў, я буду выходзіць бязь відэа, проста голасам, бо так будзе таньней. Калі будуць зьмены ў маім асабістым жыцьці (такое цалкам магчымае), дапускаю, што давядзецца пабудаваць нешта больш моцнае ў супраціве, да чаго я гатовы. Я пакуль выконваю ролю салдата інфармацыйнай вайны, але насамрэч мой патэнцыял значна большы. Я напрошваюся на гэта.

Я непазьбежна падыду да пункту, калі мае ашчаджэньні вычарпаюцца і мне давядзецца зрабіць выбар — дзейнасьць, відавочна, пратэставая, на якую мы зьбіраем фінансы, або мне трэба будзе вярнуцца ў бізнэс, зноў стаць на ногі. Адзінае, што магу сьцьвярджаць, што ня кіну займацца гэтай барацьбой. Проста мне хацелася б, каб яна была ў дзесяць разоў больш магутная. Нікому я не дараваў і не дарую, і, як атрымаецца, буду супраціўляцца.

Мне падаецца, я не зьмяніўся. Проста гэта стала адкрытая барацьба, а да гэтага яна была схаваная. Была такая тэорыя малых справаў, у якой я расчараваўся. І ня толькі я. Многія беларусы лічылі, што можна з дапамогай малых дзеяньняў гэтую цывілізацыю зьмяніць. Больш за ўсё цяпер рызыкуюць людзі «на мацерыку». Але і там бізнэсовец мог быць празь дзень у турме з самай нязначнай нагоды, нават не пратэставай.

«Сфармаваўся такі стыль, калі нават невялікія ўкрапваньні беларускай мовы збліжаюць, дапамагаюць адзінству і барацьбе»

— У навагоднім звароце Сьвятланы Ціханоўскай вы гаварылі па-беларуску. Ці не плянуеце выпускі «Гаагі» па-беларуску?

— Я б вельмі хацеў. Я адчуваю, што я саромеюся. Той узровень думкі, стылю, нават акцэнту, які я хацеў бы прадставіць па-беларуску, патрабуе вялікай карпатлівай працы і часу. Я цёпла і зь вялікай павагай стаўлюся да мовы, але, напэўна, працягну выражаць сябе па-расейску. Хоць мы разумеем, што ўжо сфармаваўся такі стыль, калі нават невялікія ўкрапваньні беларускай мовы збліжаюць, дапамагаюць адзінству і барацьбе. Пытаньне мовы надзіва далікатнае і тонкае. Я разумею, што каб перамагчы, нам трэба стаць нацыяй да канца. Мова — адна са скрэпаў. Я таксама разумею, што расейская мова настолькі дамінуе, што калі мы цяпер неасьцярожна ўлезем у пытаньне веданьня моваў, то можам самі сабе нашкодзіць. Таму — пачуцьцё густу, меры. Я прапаную захаваць у нашай барацьбе дзьвюхмоўе.

— 2020 год кардынальна зьмяніў ваша жыцьцё, як і жыцьцё многіх беларусаў. Дзе і кім вы бачыце сябе праз год? Калі дэмакратычных зьменаў ня будзе ў кароткатэрміновай пэрспэктыве, якім вы бачыце сваё жыцьцё, сваю ролю і задачу?

— Я ня ведаю, дзе мы будзем праз год. Я ніколі не пашкадаваў пра тое, што я раблю і што зрабіў. Я ня магу зрабіць інакш. Тое, што я апынуўся ў нейкіх абставінах і ў іншай краіне, і, магчыма, мне давядзецца вырыць глыбейшы акоп, мяне не засмучае. Я яшчэ ня страціў юнацкага авантурызму, таму мне цікава, што будзе далей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG