Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь выйшла з Орхускай канвэнцыі ААН. Чым гэта пагражае


Паўднёвы Захад, Менск. Дым з ЦЭЦ-4
Паўднёвы Захад, Менск. Дым з ЦЭЦ-4

Беларусь з 1 лютага пазбавілі правоў і прывілеяў паводле Орхускай канвэнцыі.

Кіраўнік Міністэрства прыроды Андрэй Худык раней пагражаў пачаць працэдуру выхаду з Орхускай канвэнцыі, калі да 1 студзеня 2022 году ня будзе адменена рашэньне што да Беларусі. Пра гэта вялося ў лісьце, які міністар накіраваў выканаўчаму сакратару камісіі ААН.

  • Орхуская канвэнцыя — канвэнцыя Эўрапейскай эканамічнай Камісіі ААН «Аб доступе да інфармацыі, удзелу грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў і доступе да правасудзьдзя ў пытаньнях, што тычацца навакольнага асяродзьдзя». Яе мэта — абарона права чалавека на спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе для яго здароўя і дабрабыту, на ўдзел грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў, датычных гэтай тэмы.

Цяпер Беларусь ня можа быць чальцом прэзыдыюму Орхускай канвэнцыі, займаць пасады старшынь органаў Канвэнцыі і праводзіць у краіне нарады экспэртаў або міжурадавыя нарады па Канвэнцыі.

У Беларусі прасоўваньнем палажэньняў Орхускай канвэнцыі доўгі час займалася арганізацыя «Экадом». Арганізацыя дамагалася выкананьня палажэньняў канвэнцыі ў тым ліку пры будаўніцтве Беларускай АЭС у Астраўцы. Аднак 31 жніўня ўлады зьліквідавалі яе, як і сотні іншых недзяржаўных арганізацыяў. Гэта першы выпадак, калі зьліквідавалі аднаго з камунікатаў з Камітэтам выкананьня Канвэнцыі.

У кастрычніку ўдзельнікі Орхускай канвэнцыі прызналі ліквідацыю беларускай экалягічнай арганізацыі «Экадом» перасьледам з боку дзяржавы. Было прынята рашэньне прыпыніць для Беларусі правы і прывілеі з 1 лютага 2022 году, калі да 1 сьнежня ўлады ня зробяць крокаў дзеля аднаўленьня рэгістрацыі аб’яднаньня. За такое рашэньне прагаласавалі 27 краінаў.

Што будзе азначаць для Беларусі прыпыненьне яе правоў і прывілеяў паводле канвэнцыі?

«Пакуль можна сказаць, чаго Беларусь ня будзе пазбаўленая: Беларусь ня будзе пазбаўленая магчымасьці ўдзельнічаць у сустрэчах бакоў і галасаваць на іх. А ўсяго астатняга можа быць пазбаўленая. Гэта, з аднаго боку, іміджавыя рэчы: у бюро канвэнцыі штогод мяняецца старшыня, Беларусь ня зможа быць старшынёй у бюро. Магчыма, гэта паўплывае на атрыманьне міжнароднай тэхнічнай дапамогі. З другога боку, здаецца, зараз у любым выпадку міжнародная тэхнічная дапамога будзе спыненая, так што гэта нічога не дадае», — кажа сябра праўленьня арганізацыі і партыі «Зялёныя» Ірына Сухій.

«Рашэньне, якое выклікала абурэньне Андрэя Худыка, патрабуе спыніць перасьлед экалягічных арганізацый і актывістаў у Беларусі. Арганізацыі, паводле Лукашэнкі, „былі выразаныя“, а многія актывісты, прайшоўшы праз турмы і перасьлед, вымушаныя зьехаць за мяжу», — нагадала Ірына Сухій.

  • Орхуская канвэнцыя аб удзеле грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і доступе да правасудзьдзя ў пытаньнях, якія тычацца навакольнага асяродзьдзя, існуе ад 1998 году. Яе бакамі зьяўляюцца практычна ўсе эўрапейскія краіны, уключна зь Беларусьсю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG