Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вечнае сьцьвярджэньне чалавечага духу». 100 гадоў таму выйшаў «Уліс» Джэймса Джойса


Джэймс Джойс
Джэймс Джойс

Парыж, чыгуначны вакзал, раніца 2 лютага 1922 году. На пэроне, на які ўяжджае хуткі цягнік з Дыжону, чакае элегантна апранутая жанчына. Калі цягнік спыняецца, яна бяжыць да пачатку саставу, да паравоза. Перакінуўшыся некалькімі словамі з машыністам, атрымлівае ад яго невялікі пакунак. Жанчына, якой на выгляд гадоў 35, бяжыць з пакункам да сквэру перад вакзалам, дзе яе чакае таксоўка. Жанчына сядае ў таксоўку і ад’яжджае. Потым у Парыжы адбываецца выбух…

Сылвія Біч і Марыс Дарант’е

Гэта гучыць як нягеглы ўступ да нейкага тэрарыстычнага акту ў мінулым, праўда? Насамрэч ніякая бомба ў Парыжы ў дзень 2 лютага 1922 году ня выбухнула. Ніякая, акрамя літаратурнай. Жанчына, якую звалі Сылвія Біч (Sylvia Beach), атрымала ад машыніста дыжонскага цягніка пакет з двума асобнікамі сьвежанадрукаванай кнігі на ангельскай мове пад назвай Ulysses. Аўтар кнігі, Джэймс Джойс, чакаў Сылвію Біч у яе кнігарні Shakespeare and Company на вуліцы Адэон (12 rue de l’Odeon). У той дзень Джойсу спаўнялася 40 гадоў, і ён конча хацеў, каб «Уліс» выйшаў друкам як падарунак на ягоны дзень нараджэньня. Джойс, як кажуць літаратуразнаўцы, быў чалавекам прымхлівым, так што сваю ролю ў ягоным выбары даты публікацыі магла адыграць і магія лічбаў — 221922. Сёньня маем стагодзьдзе выхаду «Ўліса» ў сьвет, і магія каляндарных лічбаў здаецца яшчэ больш заваблівай — 222022…

Калі я назваў амэрыканку Сылвію Біч, чыё імя засталося трывала ў гісторыі літаратуры дзякуючы выданьню «Ўліса», то назаву яшчэ і таго дыжонскага друкара, чыё імя згадваецца значна радзей у сувязі з кнігай Джойса — Марыс Дарант’е (Maurice Darantiere). Удзел Дарант’е ў публікацыі «Ўліса» таксама быў не зусім звычайным друкарскім досьведам. «Уліс» ня мог выйсьці кнігай ні ў ЗША, ні ў Вялікай Брытаніі, бо годам раней амэрыканскія цэнзары дабіліся судовай забароны на публікацыю «Ўліса» ў ангельскамоўным сьвеце. Пачатковыя разьдзелы раману публікаваліся ў амэрыканскім часопісе The Little Review у 1918–1920 гг. і выклікалі сур’ёзныя засьцярогі амэрыканскіх ахоўнікаў публічнай маральнасьці. Выдаўцы часопісу тады заплацілі штраф, а суд наклаў забарону на публікацыю «Ўліса».

Сылвія Біч і Джэймс Джойс у Парыжы, 1920-я
Сылвія Біч і Джэймс Джойс у Парыжы, 1920-я

Нецэнзурнае

Якія былі засьцярогі, запытаеце? Ну вось, хаця б гэты фрагмэнт, дзе галоўны герой, дублінскі габрэй Леапольд Блюм, сядзіць у прыбіральні:

Ён спакойна прачытаў, стрымліваючы сябе, першую калёнку, потым, папускаючы, але супрацівячыся, пачаў другую. Пасярэдзіне, канчаткова папусьціўшы, дазволіў кішэчніку спакойна апаражніцца і чытаў далей, чытаў цярпліва, той учарашні лёгкі запор прайшоў бязь сьледу. Спадзяюся, ня надта тоўста, гемарой зноў ня выпрацца. Не, у самы раз. Вось. Ух!

Або гэты, калі Блюм думае пра сваю гістарычную радзіму ў Палестыне:

Бясплодны край, голая пустэльня. Вульканічнае возера, мёртвае мора: бяз рыбы, бяз водарасьцяў, глыбокая западзіна ў зямлі. Вецер не ўскалыхне тых хваляў, мэталічнашэрых, завешаных атрутнай імглою водаў. Назвалі тое ападам сярністага дажджу; гарады на раўніне: Садом, Гамора, Эдом. Усе мёртвыя ймёны. Мёртвае мора ў мёртвай зямлі, сівой і старой. Старой цяпер. Яна нарадзіла найстарэйшае, першапачатковае племя. (…) Найстарэйшы народ. Бадзяўся далёка па ўсёй зямлі, зь няволі ў няволю, размнажаўся, паміраў, нараджаўся паўсюды. А яна ляжыць там. Болей ужо ня можа нараджаць. Мёртвая: старэчая: сівая запалая пізда сьвету.

Слова cunt у рамане Джойса зьяўляецца некалькі разоў, слова fuck — дзясятак разоў. Гэта быў пачатак ХХ стагодзьдзя, і такая лексыка ў тагачаснай літаратуры была проста немагчымая.

Але ня толькі лексычныя вольнасьці турбавалі Дарант’е ў сувязі з наборам «Уліса». Джойс працаваў над канчатковай вэрсіяй раману літаральна да самага яго выхаду. Ён запатрабаваў ад Дарант’е шэсьць камплектаў карэктуры і на кожным зь іх устаўляў новыя фразы. Яшчэ за тры ці чатыры дні да публікацыі ён наносіў апошнія папраўкі. Калі вы хоць раз бачылі, як рабіўся набор кнігі ў дакампутарную эпоху, то зразумееце, што Дарант’е мусіў тады ўжываць словы cunt і fuck значна часьцей, чым яны трапляліся яму ў тэксьце Джойса:)

Джэймс Джойс, «Уліс», першае англамоўнае выданьне, 1922
Джэймс Джойс, «Уліс», першае англамоўнае выданьне, 1922

«Найцудоўнейшая з усіх выклятых Богам кніжак»

«Уліс» выклікаў фурор, спачатку ў літаратурным сьвеце, а потым і сярод шырэйшай чытацкай публікі. Прыгожа пра той пачатак ва ўспрыманьні «Ўліса» напісаў Рычард Элман, біёграф Джойса, і я дазволю сабе працытаваць ягоныя словы:

Спачатку выглядала, што ніводная газэта і ніводзін часопіс у Англіі ці Амэрыцы не асьмеліцца апублікаваць рэцэнзію на непадцэнзурную кніжку. Але дасканаласьць «Уліса» была настолькі відавочная, а рэкляма ягонага эксцэнтрычнага выхаду ў сьвет настолькі шырокая, што празь некалькі тыдняў рэцэнзэнты пачалі азывацца, некаторыя зьбітыя з панталыку і абураныя, аднак большасьць — зьбітая з панталыку і захопленая. Джойсавы сучасьнікі ў літаратуры прызнавалі, што з выхадам «Уліса» кшталт пісьменства зьмяніўся — магутная жыцьцяздольнасьць творчай задумы і тэхнікі «Ўліса» перанесла адразу большасьць з таго, што ў той час пісалася, на паліцу са старасьветчынай. Некаторыя пісьменьнікі-чытачы, натуральна, былі больш замаркочаныя, чым задаволеныя, але большасьць аказала велікадушнасьць. Паўнд і Т. С. Эліёт назвалі кніжку несумненным шэдэўрам. Арналд Бэнэт лічыў, што эпізод «Circe» можна параўнаць з Рабле, а маналёг Молі пераўзыходзіць усё напісанае дагэтуль. Калі Д. Г. Лоўрэнс лічыў кніжку непрыстойнай, а Вірджынія Вулф бачыла ў ёй «чуханьне прышчоў на скуры пасыльнага ў гатэлі Клэрыдж», дык Мідлтан Мары хваліў у ёй «геній найвышэйшай пробы», а Хэмінгуэй даў свой imprimatur у лісьце, дзе напісаў, што «Уліс» — «найцудоўнейшая з усіх выклятых Богам кніжак». Уільям Фолкнэр прыходзіў паўзірацца на Джойса ў кавярні, але адазвацца да яго не асьмеліўся. Скот Фіцджэралд прапаноўваў выскачыць з акна на доказ сваёй вялікай павагі для Джойса, але Джойс папрасіў яго не рабіць гэтага. Турысты кагортамі наведваліся ў кнігарню міс Біч, а кантрабандысты-аматары з тоўстымі прадаўгаватымі пакункамі, якія выпіралі ім з-пад дзягаў або станікаў, стараліся прашмыгнуць зь імі на мытнях у Довэры і Нью-Ёрку.

«Дзень Блюма»

Пачынаючы зь сярэдзіны 1950-х, сьпярша ў Ірляндыі, а потым сярод заўзятых чытачоў літаратуры па ўсім сьвеце нарадзілася традыцыя адзначаць штогод «Дзень Блюма» — 16 чэрвеня. Бо якраз у дзень 16 чэрвеня 1904 году ў Дубліне Джэймс Джойс памясьціў падзеі свайго раману. У гэты дзень па ірляндзкай сталіцы блукае рэклямны агент Леапольд Блюм (раманны Адысэй-Уліс) і літаратар-пачатковец Стывэн Дэдал (якому ў кнізе адведзена роля Тэлемаха, Адысэевага сына).

Дзень 16 чэрвеня 1904 году ня меў ніякага асаблівага значэньня ні для гісторыі Ірляндыі, ні для гісторыі сьвету. Але ў жыцьці Джойса гэты дзень быў вельмі важны — якраз 16 чэрвеня 1904-га ён пайшоў на першы шпацыр з Норай Барнакл, дзяўчынай, зь якой ён выпадкова пазнаёміўся на дублінскай вуліцы два дні раней. Джойс закахаўся і запрапанаваў Норы, каб яна разам зь ім пакінула Ірляндыю і выехала за мяжу. Доўга ня думаючы, Нора пагадзілася. Яны пражылі разам наступных 36 гадоў, папераменна ў Аўстра-Вугоршчыне, Італіі, Францыі і Швайцарыі. Задумаўшы ў 1914 годзе, напярэдадні ўсясьветнай вайны, напісаць сучасную адысэю і зьмясьціць яе ў прасторы аднаго гораду ды часе аднаго дня, Джойс выбраў Дублін і дзень 16 чэрвеня 1904-га.

«Уліс», кажучы прафанным журналісцкім стылем, гэта такая мадэрнісцкая «Адысэя», у якой Адысэем/Улісам зьяўляецца не гераічна-ўзвышаны пэрсанаж, роўны багам ці паўбагам, а камічна-заземлены, падобны хутчэй на самага звычайнага сьмяротніка, чым на Адысэя з-пад Троі, то бок, Jedermann, everyman, кожны з нас.

Дублін каля 1904 году (вуліца Эрл каля скрыжаваньня з вуліцай Саквіл, сёньня – вуліца О’Конэла)
Дублін каля 1904 году (вуліца Эрл каля скрыжаваньня з вуліцай Саквіл, сёньня – вуліца О’Конэла)

Беластоцкае intermezzo

Перакладаць «Уліса» я пачаў у сярэдзіне 1980-х. У 1988 годзе я «апублікаваў» дзевяць першых разьдзелаў (эпізодаў) перакладу раману ў Беластоку хатнім спосабам — даў пераплётчыку 10 камплектаў ксэраграфічнай копіі машынапісу перакладу, каб ён прырабіў вокладку. Так выштукаваныя асобнікі я разаслаў людзям, якія, як мне здавалася, могуць нешта такое прачытаць — сёньня ўжо забыў амаль усіх, каму пасылаў, і сам ня маю ніводнага асобніка з таго «выданьня» :(. А ў 1993 годзе, пры фінансавай дапамозе Міністэрства культуры ў Польшчы, мне ўдалося выдаць у Беластоку 1000 асобнікаў беларускага перакладу першай паловы «Ўліса», ужо вычытанага і адрэдагаванага Сяргеем Шупам — штук 150 асобнікаў у нераскрытых пачках з друкарні ўсё яшчэ пыляцца ў маёй колішняй кватэры ў Беластоку…

Джэймс Джойс, «Уліс», першае беларускае выданьне, 1993, перакладчык Ян Максімюк
Джэймс Джойс, «Уліс», першае беларускае выданьне, 1993, перакладчык Ян Максімюк

Нялёгкая чытанка

Скрываць ня буду: чытаць «Уліса» «з ходу» і любавацца ім, ці то ў арыгінале, ці то ў нейкім перакладзе — справа даволі складаная нават для няблага начытанага аматара літаратуры. Але «з другога прысяду» раман Джойса пачынае паволі раскрывацца як нешта сапраўды незвычайнае. Незвычайнасьць «Уліса» для чытача бярэцца перш за ўсё з таго, што раман разгортваецца адразу і пасьлядоўна на чатырох узроўнях: міталягічным (гамэраўскім), натуралістычным (фабулярным), сымбалічным («рэканструкцыя» чалавечага арганізму структурай кніжкі) і паэтычным (мадуляцыя тону апавяданьня і стылю ў залежнасьці ад пары дня, месца, тэмы і прысутных пэрсанажаў). Усе гэтыя ўзроўні ўзаемна пранікаюцца і дапаўняюцца зь небывалым у літаратуры размахам, у матэрыяле карпатліва ўшчыльненым незьлічонымі літаратурнымі лейтматывамі і асацыяцыямі, мудрагелістымі стылістычнымі прыёмамі, моўнымі гульнямі. Цяжка чытаецца, але варта праз гэта прадзерціся, каб напрыканцы зразумець, што «Ўліс» Джэймса Джойса, у дадатак да сваёй «мадэрністычнасьці» і «завумнасьці» — гэта, папраўдзе, вялікая камічная кніга, ці ня самая вялікая ў жанры камічнай літаратуры ў сьвеце.

У шаснаццатым эпізодзе «Ўліса» Джойс вуснамі свайго героя, Стывэна Дэдала, дае азначэньне літаратуры, якое ўжо 100 гадоў цытуюць усе літаратуразнаўцы і чытачы ірляндзкага пісьменьніка. Літаратура, маўляў, служыць вечнаму сьцьвярджэньню чалавечага духу (the eternal affirmation of the spirit of man). Як «Адысэя» Гамэра, так і «дублінская Адысэя» Джойса — дзьве яскравыя ілюстрацыі гэтага тэзісу. Ці будуць людзі помніць пра «Ўліса» Джойса і чытаць яго гадоў праз тысячу або і дзьве тысячы, так, як сёньня ўсё яшчэ помняць пра Гамэра і чытаюць яго? Я не сумняваюся.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG