Пуцін выказаўся на гэтую тэму пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам у Маскве.
Словы Пуціна цытуе Інтэрфакс: «Уважліва аналізуем атрыманыя 26 студзеня ад ЗША і NATO пісьмовыя адказы. Але ўжо зараз зразумела, і я праінфармаваў пра гэта спадара прэмʼер-міністра, што прынцыповыя расейскія заклапочанасьці былі праігнараваныя».
«Мы ня ўбачылі адэкватнага ўліку трох нашых ключавых патрабаваньняў, якія датычацца недапушчэньня пашырэньня NATO адмовы ад разьмяшчэньня ўдарных сыстэмаў узбраеньня паблізу расейскіх межаў, а таксама вяртаньня ваеннай інфраструктуры блёку ў Эўропе да стану 1997 году, калі быў падпісаны асноватворны акт Расея-NATO», — падкрэсьліў Пуцін.
На думку Пуціна, далучэньне Ўкраіны да NATO можа мець вынікам ваенны канфлікт паміж NATO і Расеяй.
«Уявім сабе, што Ўкраіна зьяўляецца членам NATO, нашпігаваная зброяй, стаяць сучасныя ўдарныя сыстэмы, як у Польшчы і Румыніі, і пачынае апэрацыю ў Крыме, цяпер не кажу нават пра Данбас, — сказаў Пуцін. — Уявім, што Ўкраіна — краіна NATO і пачынае гэтыя ваенныя апэрацыі. Нам што, ваяваць з блёкам NATO? Хоць хто-небудзь пра гэта хоць што-небудзь падумаў? Падобна, што не».
- У канцы мінулага году Расея перадала ЗША і NATO праект пагадненьня, у якім Крэмль патрабуе гарантый бясьпекі ў Эўропе. Сярод іншага ў ім утрымліваецца патрабаваньне пакласьці канец пашырэньню NATO на ўсход, што Расея бачыць як пагрозу сваёй бясьпецы. На пачатку студзеня ў Эўропе адбыліся тры раўнды перамоваў з прадстаўнікамі ЗША, NATO і АБСЭ, але яны завяршыліся без канкрэтных вынікаў. У сувязі з гэтым Масква запрасіла на свае прапановы пісьмовых адказаў.
- Па інфармацыі заходняй выведкі, Расея за апошнія месяцы сканцэнтравала каля межаў Украіны да ста тысячаў сваіх вайскоўцаў, як мяркуецца, рыхтуючы ўварваньне на тэрыторыю суседняй дзяржавы.
- На мінулым тыдні Вашынгтон накіраваў Маскве пісьмовыя адказы на патрабаваньні Расеі па гарантыях бясьпекі ў Эўропе. У іх, па словах дзяржсакратара Энтані Блінкена, ЗША і іх саюзьнікі не паступіліся асноватворнымі прынцыпамі NATO, а менавіта адкрытасьцю Паўночнаатлянтычнага альянсу для ўступленьня новых членаў, у тым ліку Ўкраіны. У адказе таксама зьмяшчаецца пералік сустрэчных прапаноў ЗША і іх саюзьнікаў па пытаньнях бясьпекі ў Эўропе, у тым ліку размова ідзе пра новую дамову аб абмежаваньні стратэгічных узбраеньняў.
- У мінулую пятніцу ў тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам Уладзімір Пуцін заявіў, што адказы Вашынгтона і Брусэля на расейскія прапановы па гарантыях не адлюстроўваюць асноўных асьцярогаў Масквы. Пуцін таксама запэўніў, што не імкнецца да эскаляцыі вакол Украіны.