Ці стануць беларуска-расейскія вучэньні пралёгам да разьмяшчэньня ў Беларусі расейскіх войскаў на сталай аснове? Чым такі варыянт для Крамля больш прывабны за ўварваньне ва Ўкраіну? Чаму расейская вайсковая база не зьявілася ў Беларусі раней? Наколькі ўсталяваньне вайсковага кантролю над Беларусьсю стане аргумэнтам для Масквы ў дужаньні з Захадам наконт новай сыстэмы бясьпекі ў Эўропе і сьвеце?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі палітоляг, экспэрт у зьнешняй і абароннай палітыцы Павал Лузін.
Лузін
- Для расейскай улады сталая вайсковая прысутнасьць у Беларусі пажаданая, і такія вучэньні адпрацоўваюць разгортваньне расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі на выпадак або вострага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі, або транзыту ўлады, каб Лукашэнка ўжо больш ніколі ня мог вярнуцца да шматвэктарнай палітыкі.
- Акрамя таго, з тэрыторыі Беларусі зручна ціснуць і на краіны Балтыі, і на Польшчу, і на Ўкраіну. І на выпадак прамой канфрантацыі РФ з NATO расейскія войскі ў Беларусі павінны прыкрываць Калінінградзкую вобласьць.
- Гэта можа і не ўвасобіцца ў сталую вайсковую базу, але Расея вядзе пра гэта размовы фактычна зь сярэдзіны 2010-х гадоў. Пасьля кожнай сустрэчы з Пуціным Лукашэнка кажа, што пытаньне пра базу не абмяркоўвалася. Гэта сьведчыць пра тое, што якраз абмяркоўвалася.
- Звычайна на вучэньні перакідаюць войскі з акругаў, суседніх зь месцам правядзеньня вучэньняў. Цяпер у Беларусь перакідаюцца войскі з Усходняй акругі.
- Міністэрствы абароны Беларусі і РФ заявілі, што паведамленьня пра гэтыя вучэньні не патрабуюць правілы АБСЭ, гэта значыць, што агульная колькасьць удзельнікаў невялікая. Я лічу, што размова ідзе пра некалькі тысячаў — да 10 тысячаў — расейскіх вайскоўцаў на манэўрах у Беларусі.
- Калі перасоўваюцца войскі з Усходняй акругі, вам прапускныя магчымасьці чыгункі не дадуць правезьці вельмі шмат салдатаў.
- Калі нехта кажа, што Лукашэнка — марыянэтка Пуціна і Пуціну дастаткова бразнуць кулаком па стале, каб дамагчыся свайго, то такі чалавек вельмі перабольшвае пэрсаніфікацыю расейскай улады. Гэта вельмі зручна — казаць, што ў нас пэрсаналісцкая дыктатура.
- Расейская сыстэма значна менш пэрсаніфікаваная, чым казахстанская ці беларуская. У Расеі частка палітычных функцыяў ляжыць на дзяржаўных карпарацыях, такіх як Газпром і Сбербанк. Ня трэба лічыць, што ўсё ў Расеі залежыць ад Пуціна.
- Гэтак жа недарэчна лічыць Лукашэнку марыянэткай. Ён вопытны, спрактыкаваны палітык, які ўмее скарыстоўваць тыя магчымасьці, якія ў яго ёсьць. І ён жа не адзін, у яго ёсьць згуртаваная, кансалідаваная кіроўная эліта. І ён выразьнік інтарэсаў гэтай эліты. Яна ня хоча губляць незалежнасьць.
- Другі яго рэсурс — гэта сыстэма міжнародных адносінаў. Якая прадугледжвае, што Беларусь — незалежная дзяржава. І гэта догма, якая не аспрэчваецца.
- А чаму Расея ня бразнула кулаком і не ўвяла войскі? А што потым зь Беларусьсю рабіць? А ці будзе на гэта згода міжнароднай супольнасьці? Трэба міжнародная згода, хай і маўклівая, на тое, што Беларусь — гэта ўнутраная справа Расеі.
- Зараз мэта Расеі — пераканаць Захад, каб ён даў згоду на любое разьвіцьцё падзеяў у Беларусі, якое палічыць патрэбным Расея.
- Для рэалізацыі армянскага варыянту трэба ня толькі вайсковая база, трэба кантроль над ключавымі актывамі. Там усё гэта ёсьць: ня толькі база, але і расейскія кампаніі.
- Для Расеі пытаньне паставак харчаваньня зь Беларусі — гэта пытаньне харчовай бясьпекі Расеі.
- Раней заходнія палітыкі не казалі, што Захад будзе сілай абараняць Беларусь. Але яны і не казалі, што гатовыя прымірыцца з тым, што яна перастане быць незалежнай. Расея здолела дамагчыся, каб на Захадзе многія прыйшлі да высновы, што Лукашэнка — гэта марыянэтка Пуціна, а Беларусь — зона выключных інтарэсаў Расеі. Хоць я не лічу, што ён марыянэтка.
- Я ня думаю, што акупацыя рэальная. Але больш глыбокая інтэграцыя, у тым ліку і ў вайсковай сфэры, зьменіць сытуацыю. Сталая расейская вайсковая прысутнасьць дазволіць ціснуць на краіны Балтыі, на Польшчу, на Ўкраіну.
- Многіх у NATO хвалюе небясьпека так званага сувальскага калідора — вузкай паласы на мяжы Польшчы і Літвы, якая месьціцца паміж Беларусьсю і Калінінградзкай вобласьцю РФ. Цяпер расейскія войскі толькі на адным баку гэтага калідора — у Калінінградзкай вобласьці. А на другім — беларускія. А Беларусь — гэта ўсё ж не Расея. А вось калі расейскае войска зьявіцца на абодвух баках, гэта памяняе сытуацыю.
- З Крыму ці Данецку да цэнтру Ўкраіны даволі далёка. А з поўначы, зь Беларусі — даволі блізка. Я тут не кажу пра ўварваньне, я кажу пра магчымасьці ціску.
- Тут няма перадвызначанасьці, але ёсьць набор магчымасьцяў для Расеі.
- Можа атрымацца так, што Расея адвядзе войскі ад Варонежа, паказаўшы, што не зьбіраецца наступаць на Ўкраіну. Дээскаляцыя. Але паралельна забірае Беларусь. «Паглыбляем інтэграцыю». І на Захадзе ўздыхнуць з палёгкай. Ну і ладна, на Ўкраіну ж не напалі, а Лукашэнка ж і раней быў расейскай марыянэткай.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.