Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ушыў штаны, завёў інстаграм, вострыць пілы. Як жыве ў «Воўчых норах» Сьцяпан Латыпаў з «плошчы Перамен»


Сьцяпан Латыпаў
Сьцяпан Латыпаў

Лекар дрэваў і жыхар «плошчы Перамен» Сьцяпан Латыпаў пераехаў у лес і вострыць пілы. Заплянавана схуднеў і ўшыў сабе нагавіцы. Сябры Сьцяпана завялі яму Instagram, дзе публікуюць навіны і фрагмэнты ягоных лістоў.

Вострыць пілы, штодня ходзіць двойчы ў душ

Сьцяпана больш за 2 месяцы таму этапавалі ў калёнію пад Івацэвічамі «Воўчыя норы», якую лічаць цэнтрам зьняволеных па «наркатычным артыкуле». Раней тут была ракетная база. Калёнія ў лесе, там ёсьць дрэваапрацоўчы цэх. Занятак Сьцяпана — вастрыць пілы.

«У яго вялікі пакой. Ён спэцыяліст, цяміць у пілах», — тлумачыць бацька Сьцяпана Сяргей Латыпаў.

Сяргей Латыпаў
Сяргей Латыпаў

Ягоны сын добраахвотна ходзіць на працу ў дзьве зьмены з 7:30 да 19:30, каб максымальна сябе заняць. Таксама за гэта належыць узмоцненая пайка, хоць «асаблівага ўзмацненьня ён ня бачыць».

Ёсьць яшчэ адзін плюс — пасьля кожнай зьмены можна прыняць душ на 15 хвілін. Праўда, Сьцяпан заходзіць літаральна на некалькі хвілін, бо вялікая чарга. Гэта таксама магчымасьць сагрэцца, бо агулам у калёніі «ня горача». Паводле агульнага распарадку вязьні мыюцца раз на тыдзень.

Пад’ём у калёніі а 6-й гадзіне, потым зарадка, праверка, сьняданак, праца зь перапынкам на абед, вячэра, праверка і адбой а 22-й гадзіне. Вольнага часу ў палітвязьня амаль не застаецца — прыкладна гадзіна ў дзень.

«У будні ледзь пасьпяваю памыцца пасьля праверкі, выдыхнуць — і ўжо адбой. Час ляціць хутка», — напісаў ён у лісьце сяброўцы.

На здароўе Сьцяпан ня скардзіцца, адчувае сябе нармальна.

Тэлефануе па відэасувязі, лісты піша на выходных, стаіць на патройным прафуліку

Лісты Сьцяпан піша пераважна па выходных, часьцей дасылае кароткія паштоўкі. Сяргею Анваравічу лісты ад сына прыходзяць у сярэднім раз на тыдзень. Апошні раз ён бачыў сына летась 16 лістапада на «Валадарцы». Раз на 8 дзён Сьцяпан з калёніі можа тэлефанаваць блізкім сваякам. Апошні раз ён размаўляў з бацькам 24 студзеня: 10 хвілін праз тэлефон і яшчэ 10 хвілін празь відэасувязь у Viber.

Падчас суду вязень вельмі перажываў за лёс бацькі. Казаў, што сілавікі пагражалі яму, што зробяць з бацькам тое самае, што і зь ім. Аднак Сяргей Анваравіч расказаў, што за паўтара года зьняволеньня сына ён не атрымліваў ніякіх пагрозаў. Мяркуе, што сына запужвалі.

Пасьля прысуду зьнялі арышт з маёмасьці Сьцяпана: аўтамабіля, грашовых зьберажэньняў і іншых рэчаў. Але пакуль сваякі ня могуць іх забраць, ідзе бюракратычная працэдура.

Бацька Сьцяпана Латыпава Сяргей Анваравіч і ягоная бабуля Разалія Міхайлаўна, якая летась памерла
Бацька Сьцяпана Латыпава Сяргей Анваравіч і ягоная бабуля Разалія Міхайлаўна, якая летась памерла

Сьцяпан адзіны ў калёніі, хто стаіць на прафіляктычным уліку ажно паводле трох пунктаў. Агулам на прафуліку там стаіць прыкладна 14% вязьняў. Яны носяць жоўтыя нашыўкі, ходзяць на чале калёны, іх правяраюць некалькі разоў на дзень.

«Абмяжоўваюць на пасадах, месцах працы, праводзяць дадатковыя агляды рэчаў і ператрусы тумбачкі, спальнага месца. Часам падчас прагулкі ў лякальным дворыку падыходзяць і патрабуюць прад’явіць зьмесьціва кішэняў», — тлумачыў Сьцяпан у адным зь лістоў сяброўцы.

«Сям’я» ў калёніі, бананы на замову і 50 грамаў сушанага мяса на дзень

Перад Новым годам Сяргей Латыпаў адвёз у калёнію першую перадачу сыну на 50 кіляграмаў. Перадусім прадукты: сухафрукты, арэхі, сушанае мяса, каву, гарбату.

Усяго на год дазволеныя 3 такія перадачы і адна рэчавая пасылка поштай таксама на 50 кіляграмаў. Яе сваякі сёлета ўжо адправілі — з адзеньнем і побытавымі рэчамі.

Як расказала сяброўка Сьцяпана, пакуль ён сядзеў у СІЗА, то перажываў, што набраў вагу. У калёніі задумаў схуднець. Яшчэ на карантыне браўся за любыя працы па добраўпарадкаваньні тэрыторыі, каб больш рухацца і хутчэй прывесьці сябе ў форму. Ці займаецца ён дадаткова спортам, невядома. Раніцай у 6:10 паводле распарадку абавязковая зарадка на вуліцы.

Худнее вязень таксама і дзякуючы ежы.

«Кормяць тут смачна і ня надта сытна, якраз мне каб схуднець. Прадукты простыя, танныя, але прыгатаваныя старанна. Раніцай аўсянка ці прасянка на малацэ плюс салодкая гарбата. У абед суп і што-небудзь зь мясам, увечар бульба з каўбасой ці смажанай рыбай», — расказаў Сьцяпан у лісьце сяброўцы.

Рацыён ён яшчэ дабірае з «атаваркі» і з прадуктовай перадачы з дому. Аднак, прыкладам, сушанага мяса выходзіць па 50 дадатковых грамаў на дзень, бо перадачу трэба расьцягнуць на 4 месяцы, калі дазволяць наступную. З «атаваркай» ён яшчэ «толкам не разабраўся, бо прайс і асартымэнт можна даведацца толькі непасрэдна ў краме, падобнай да сяльпо».

«У вызначаны дзень заходзіш і праз краты бачыш асартымэнт з коштамі. Трэба хутка прымаць рашэньні з улікам таго, што многіх пазыцый можа ня быць і цэны скачуць калі-нікалі. Садавіну трэба замаўляць за тыдзень. Я замовіў 5 кіляграмаў бананаў (вельмі засумаваў). А вось цану даведаюся ў аўторак, бо яна вагаецца, па чутках, ад 4,20 да 5,60 рубля. З улікам астатку на месяц у 65 рублёў гэта +/- палка каўбасы», — напісаў Сьцяпан сяброўцы.

У калёніі Сьцяпан аб’яднаўся ў «сям’ю» яшчэ з двума вязьнямі. Гэта распаўсюджаная форма існаваньня ў зьняволеньні. Вязьні ўнутры такой «сям’і» падтрымліваюць адзін аднаго, разам вырашаюць пытаньні, «атаварваюцца», дзеляцца ежай.

«Ленінскія пакоі», забарона на курэньне, чытво пра NATO

Пасьля пераводу ў калёнію Сьцяпан адчуў палёгку, бо там іншы рэжым. Цяпер ён не сядзіць у камэры, а часта бывае на сьвежым паветры. Калі раней перасоўваўся толькі ў кайданках, то цяпер можа хадзіць па тэрыторыі, часам нават без суправаджэньня.

Вязьням забаронена курыць у памяшканьні, толькі на вуліцы ў спэцыяльных месцах. У СІЗА Сьцяпан пакутаваў, бо многія курылі ў камэры.

Дагэтуль у калёніі з савецкіх часоў захаваліся «ленінскія пакоі», дзе стаіць тэлевізар, DVD, ідзе кабэльны канал «ПК № 22» з навінамі калёніі. Ёсьць некалькі сталоў і крэслаў, дзе зручна пісаць і маляваць, гуляць у «настолкі».

У калёніі ёсьць бібліятэка з мастацкай літаратурай. Сьцяпан хоча, каб яму даслалі прафэсійную літаратуру. Раз на год яму належыць кніжная пасылка.

Разам з таварышам яны знайшлі кнігу на польскай мове пра NATO і спэцназ і чытаюць яе. Сьцяпан лепшы ў ангельскай мове, а таварыш — у польскай. Так яны часам паміж сабой размаўляюць на замежных мовах і падцягваюць іх.

«Вожык — гэта Сьцёпа»

Галоўным героем у лістах Сьцяпана застаюцца вожыкі. У калёніі ён напісаў вялікую казку пра Бабулю-вожычыху, вясну і кветкі падсьнежнікаў. Пачытаць яе цалкам можна тут.

Ягоная сяброўка кажа, што вожык — гэта вобраз самога Сьцяпана. Ён праз гэтага пэрсанажа мэтафарычна выяўляе сябе, свой настрой, думкі, мары.

«Вожык — гэта Сьцёпа. Некаторыя сябры і калегі называюць яго „вожыкам“. Часам гэты вожык сумны, які забіўся ў кут і скруціўся ў клубочак. Часам гэта вожык, які ляціць на парасоне пад аблокамі або на паветраным шары», — расказвае дзяўчына.

На волі Сьцяпан заводзіў вожыкаў як гадаванцаў. Ён іх любіць і шануе.

Каля году таму Сьцяпан пісаў, што марыць навучыцца маляваць дзіцячыя коміксы. Прасіў дасылаць яму ўрокі маляваньня, раздрукоўкі з вожыкамі. З таго часу ягоны талент раскрыўся, вожыкі выходзяць усё лепш, мяркуюць сябры.

Некаторым сябрам Латыпаў напісаў пра важны дзень 2 лютага. Аказваецца, гэта ня толькі Дзень сурка. Першапачаткова 2 лютага на эўрапейскіх землях было Днём вожыка, а перайменавалі яго пазьней у Амэрыцы. Вожыка па традыцыі будзілі і глядзелі, ці спалохаецца ён свайго ценю, калі выйдзе з норкі. Калі палохаўся — значыць, вясна прыйдзе яшчэ ня хутка.

Рыхтуецца сядзець 7 гадоў

Сяброўка Сьцяпана расказала, што ён рыхтуецца сядзець усе 7 гадоў.

«Часам на яго набягае адчай, журба, тады прыходзяць сумныя лісты. Часам ён пачувае сябе больш-менш, і тады піша жвавыя лісты пра свой побыт, жартуе. Але яму балюча», — мяркуе сяброўка вязьня.

Яна перакананая, што яму трэба рэгулярна атрымліваць пацьверджаньне, што пра яго памятаюць.

«Там уся сыстэма накіраваная на тое, каб чалавек пачаў у гэтым сумнявацца, каб упэўніўся, што ён чалавек ніжэйшага гатунку, нічога ня варты, нікому не патрэбны», — мяркуе сяброўка зьняволенага.

Напісаць ліст Сьцяпану Сяргеевічу Латыпаву можна па адрасе: ПК № 22, а/с 20, 8 атрад. 225295, станцыя Даманава, горад Івацэвічы, Берасьцейская вобласьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG