Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У паліклініках вялізныя чэргі, выклікаць лекара на дом — праблема. Што нарабіў «Омікрон» у Беларусі


Чэргі ў паліклініках Менску, 31 студзеня 2022 году
Чэргі ў паліклініках Менску, 31 студзеня 2022 году

Беларусы зранку 31 студзеня ня могуць трапіць у паліклінікі, стаяць вялізныя чэргі. Жыхары Гомля з тэмпэратурай сутыкнуліся з тым, што ня могуць дазваніцца да паліклінік, «увесь час кароткія гудкі». У Гомлі пры гэтым тэсты прапануюць рабіць самастойна і платна.

«Захварэлі на мінулым тыдні ўсёй сям’ёй. Выклікалі лекара на дом. Яна выпісала лекі і сказала, што тэстаў яны цяпер ня робяць дома. Калі хочам, мусім зрабіць самастойна і платна», — паведаміў чытач Свабоды.

«Хварэю з тэмпэратурай. Зранку дзьве гадзіны набіраў нумар паліклінікі, каб выклікаць лекара. Кароткія гудкі. Так і ня выклікаў», — піша жыхар Гомля.

«Хварэем другі раз, гэтым разам нашмат лягчэй, пасьля прышчэпкі. У дзяцей невялікая тэмпэратура, насмарк, баліць горла і разлад страўніка. У дарослых моцная стомленасьць і сымптомы прастуды», — пішуць чытачы Свабоды.

Чарга ў адну зь менскіх паліклінік
Чарга ў адну зь менскіх паліклінік

«Дрэнна сябе адчувала, здала аналізы ў прыватнай клініцы. Там паведамілі, што я ў актыўнай стадыі хваробы. Прыйшла ў дзяржаўную паліклініку. Чарга — сорак чалавек. Усе ідуць на галовах. На прыёме сказалі, што аналізы з прыватнай клінікі не бяруць у разьлік, ім патрэбен тэст. Як убачылі, што я яго рабіла ў лістападзе, то сказалі: „Другі тэст рабіць ня будзем, можа, вы з таго часу хварэеце“», — падзялілася чытачка Свабоды.

Маладая маці хварэе дома разам зь дзецьмі.

«У дарослай часткі сям’і адчуваньні, як пры грыпе: дзярэ ў горле, моцная слабасьць, тэмпэратура да 38. А ў мяне тэмпэратура наогул 34,8 і вышэй не падымаецца. Старэйшаму дзіцяці тры гады, малодшаму — два месяцы. Падчапілі гэтае „шчасьце“ ў паліклініцы ў так званы „дзень здаровага дзіцяці“, таму што там здаровых дзяцей не было, як і фільтрацыі для тых, хто з тэмпэратурай», — падзялілася чытачка.

Чэргі ў паліклініках Менску
Чэргі ў паліклініках Менску

Міністэрства аховы здароўя на брыфінгу 31 студзеня параіла тым, хто лёгка пераносіць COVID-19, не хадзіць на тэст у паліклініку.

Старшыня камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Алена Богдан адрэагавала на вялізныя чэргі так: «Натуральна, гэта зьвязана з тым, што сёньня першы працоўны дзень пасьля выходных, і на фоне росту захворваньня на ВРВЗ і на каранавірус штаму „Омікрон“ да адкрыцьця ў нашы паліклінікі ў чырвоныя зоны зьвярнулася вялікая колькасьць людзей».

Яна параіла хворым, якія хочуць здаць тэст, адкласьці гэта на другую палову дня ці на заўтра-пасьлязаўтра.

Першы намесьнік міністра аховы здароўя Алена Краткова заявіла, што «ажыятаж у паліклініках зьвязаны з жаданьнем грамадзян прайсьці лябараторнае абсьледаваньне, а не зь недахопам дактароў».

Паводле яе, 31 студзеня ў паліклініках пачнуць працаваць 700 студэнтаў, пасьля вакацыяў у паліклініках «будзе працаваць столькі студэнтаў, колькі неабходна». Таксама будуць прыцягвацца вузкія спэцыялісты.

Чарга ў паліклініку ў Лошыцы, Менск
Чарга ў паліклініку ў Лошыцы, Менск

Па стане на 30 студзеня, паводле Міністэрства аховы здароўя, за суткі ад COVID-19 у Беларусі памерлі 15 чалавек. Разам з тым газэта «Хойніцкія навіны» паведаміла ў сацыяльных сетках, што за 29–30 студзеня ў раёне зафіксаваныя чатыры сьмерці ад каранавірусу і 101 выклік лекараў да хворых.

Паведамленьне дзяржаўнага выданьня з Хойніччыны
Паведамленьне дзяржаўнага выданьня з Хойніччыны

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG