Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ: спэцслужбы Расеі выкарыстоўваюць псэўдамінаваньні сацыяльных аб’ектаў ва Ўкраіне як элемэнт гібрыднай вайны


Сядзіба Службы бясьпекі Ўкраіны ў Кіеве
Сядзіба Службы бясьпекі Ўкраіны ў Кіеве

Ва Ўкраіне пасьля моцнай хакерскай атакі на ўрадавыя сайты другі тыдзень працягваюцца псэўдамінаваньні сацыяльных і інфраструктурных аб’ектаў. Паводле Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ), за ананімнымі паведамленьнямі аб мінаваньні стаяць расейскія спэцслужбы.

«Мэта спэцслужбаў краіны-агрэсара — відавочная: стварыць умовы для дадатковага ціску на Ўкраіну, пасеяць трывогу і паніку ў грамадзтве. На жаль, такія інфармацыйна-псыхалягічныя спэцапэрацыі — рэаліі сучасных гібрыдных войнаў, і мы павінны гэта дакладна ўсьведамляць», — заявіў начальнік упраўленьня СБУ па ўзаемадзеяньні з сродкамі масавай інфармацыі і грамадзкасьцю Арцём Дзехцярэнка.

Паводле спэцслужбаў Украіны, з пачатку году праваахоўныя органы і мясцовыя органы ўлады атрымалі 339 паведамленьняў аб замінаваньні 3183 аб’ектаў. Пераважна гэтыя паведамленьні прыходзілі па электроннай пошце.

«Ніводнае зь іх у часе пільных праверак аб’ектаў не пацьвердзілася», — адзначыў Арцём Дзехцярэнка.

За ўвесь 2021 год СБУ зафіксавала больш як 1100 заведама непраўдзівых ананімных паведамленьняў аб мінаваньні.

Паводле папярэдняй інфармацыі, большасьць паведамленьняў аб «мінаваньні» накіроўваюць карыстальнікі інтэрнэту, якія знаходзяцца «на тэрыторыі сумежных постсавецкіх краін або на часова акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей».

«Апэратыўнае адсочваньне каналаў адпраўленьня ілжывай інфармацыі адбываецца ў межах праектаў міжнароднай дапамогі разам з замежнымі партнэрамі ў тым ліку», — паведаміў Арцём Дзехцярэнка.

Што папярэднічала

У ноч на 14 студзеня адбылася масавая хакерская атака на шэраг сайтаў урадавых арганізацый Украіны. Паводле папярэдняй інфармацыі, ад яе пацярпелі больш як 70 афіцыйных сайтаў. Толькі цягам тыдня дзейнасьць большасьці зь іх удалося аднавіць.

Ва Ўкраіне перакананыя ў расейскім і беларускім сьледзе хакерскай атакі.

15 студзеня намесьнік сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны (РНБА) Сяргей Дземядзюк заявіў, што за кібэратакай на сайты ўкраінскіх міністэрстваў стаяць хакеры з групоўкі UNC1151, якая нібыта зьвязаная з выведнымі службамі Беларусі.

Адразу пасьля хакерскай атакі краіны Эўразьвязу накіравалі сваіх кібэр-спэцыялістаў для дапамогі ў правядзеньні дэталёвага расьсьледаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG