Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышт, экстрадыцыя ў ЗША, суд. Што можа пагражаць беларускім чыноўнікам, якія ўдзельнічалі ў інцыдэнце з самалётам Ryanair


Праверка пасаджанага ў Менску 23 траўня самалёта, на якім ляцелі Раман Пратасевіч і Соф'я Сапега
Праверка пасаджанага ў Менску 23 траўня самалёта, на якім ляцелі Раман Пратасевіч і Соф'я Сапега

Па словах юрыста, справа ня мае тэрміну даўнасьці, а ўсіх яе фігурантаў зараз чакаюць «вельмі няпростыя часы».

Адвакат чэскай калегіі адвакатаў, спэцыяліст у галіне міжнароднага прававога супрацоўніцтва Алесь Міхалевіч у камэнтары Свабодзе расказаў пра магчымыя наступствы і далейшае разьвіцьцё гісторыі з абвінавачаньнямі беларускім чыноўнікам, выстаўленыя амэрыканскімі ўладамі пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair у Менску.

«Гэта зусім не фармальнасьць, гэтыя абвінавачаньні вельмі і вельмі сур’ёзныя, — кажа Алесь Міхалевіч. — Адбылося вялікае сьледзтва. Яшчэ падчас гэтых падзеяў, калі самалёт быў пасаджаны, я ўжо тады зьвяртаў увагу на тое, што самалёт пасадзілі з дапамогай фальшывых абвінавачаньняў наконт бомбы на борце. Гэта асноўнае. Беларускія ўлады выкарысталі фальшывае паведамленьне аб бомбе, і гэта вельмі сур’ёзна. Для тых людзей, якія пералічваюцца ў абвінаваўчых дакумэнтах, надыходзяць нялёгкія часы».

Па словах юрыста, калі б беларускія ўлады афіцыйна заявілі, што патрабуюць пасадкі самалёта, бо там знаходзяцца злачынцы, гэта ня мела б такіх сур’ёзных наступстваў. Гісторыя магла б скончыцца скандалам, але не прывяла б да крымінальнага расьсьледаваньня справы аб тэрарызьме.

Яшчэ адным фактарам павышанай цікавасьці з боку ўладаў ЗША да інцыдэнту стала тое, што на борце самалёта знаходзіліся чацьвёра амэрыканскіх грамадзянаў. Калі б іх там не было, наступстваў для беларускіх чыноўнікаў таксама магло б быць менш.

Абвінаваўчае заключэньне супраць чатырох грамадзянаў Беларусі было пададзенае ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку 20 студзеня. Бок абвінавачаньня прадстаўлены, сярод іншага, пракурорам ЗША ў Паўднёвай акрузе Нью-Ёрку, памочнікам генэральнага пракурора па нацыянальнай бясьпецы ЗША, кіраўніком нью-ёрскага офісу ФБР.

Амэрыканскія праваахоўнікі называюць імёны дваіх абвінавачаных — кіраўнік «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро і яго намесьнік Алег Казючыц. Яшчэ двое — супрацоўнікі КДБ, у дакумэнце часткова названа імя аднаго зь іх — Андрэй Анатолевіч. Па словах Алеся Міхалевіча, прад’яўленьне абвінавачаньняў ім з боку амэрыканскіх уладаў — толькі пачатак гісторыі.

«Далей сытуацыя можа разьвівацца па-рознаму, — кажа Алесь Міхалевіч. — Гэтым людзям можа быць выстаўлены завочны арышт. Гэта значыць, можа быць прынятае рашэньне, што іх трэба арыштоўваць. Для гэтага могуць задзейнічаць усе дасяжныя каналы, у тым ліку Інтэрпол. Паўсюль, за выключэньнем тэрыторыі Беларусі і Расеі, названых чыноўнікаў чакаюць сур’ёзныя наступствы. Затрыманьне, экстрадыцыя ў ЗША, сьпісы падазраваных і абвінавачаных у тэрарызьме — усё вось гэта. Іх могуць затрымаць фактычна ў кожнай краіне».

Па словах Алеся Міхалевіча, згаданым у абвінаваўчых дакумэнтах грамадзянам Беларусі насамрэч можа пагражаць пакараньне ў выглядзе як мінімум 20 гадоў пазбаўленьня волі, альбо нават пажыцьцёвае зьняволеньне. Пры гэтым паводле амэрыканскага заканадаўства такія злачынствы ня маюць тэрміну даўнасьці.

«У сусьветнай практыцы гэта даволі распаўсюджаныя рэчы, — кажа Міхалевіч. — Такія злачынствы, як тэрарызм, нават зусім не абавязкова прывязваць да сваёй тэрыторыі. Амэрыканцы, напрыклад, маюць права расьсьледаваць усе эканамічныя злачынствы, якія былі зьдзейсьненыя ў далярах ЗША. А гэта ў прынцыпе большасьць фінансавых злачынстваў у сьвеце. Так і тут, уладам ЗША нават ня трэба было абавязкова згадваць, што на борце самалёта знаходзіліся грамадзяне ЗША».

Па словах Алеся Міхалевіча, тое, што ў расьсьледаваньні ФБР не згаданыя канкрэтныя імёны супрацоўнікаў КДБ Беларусі, зусім ня значыць, што сьледчым яны не вядомыя. Імёны абвінавачаных могуць не называць у інтарэсах далейшага расьсьледаваньня.

Адзін зь фігурантаў абвінавачаньня, намесьнік кіраўніка «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц, ужо пракамэнтаваў сваю прысутнасьць там.

«Па тых публікацыях, якія я прачытаў, я пакуль не разумею, наколькі гэта ўсё афіцыйна, рэальна, можа, чыстай вады ціск ці правакацыя, — цытуе Казючыца расейскае агенцтва „РИА Новости“. — Ніхто мяне афіцыйна не інфармаваў. Калі б з раніцы не паглядзеў навіны, можа, пра гэта і ня ведаў бы».

Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
  • 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
  • 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
  • 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
  • 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
  • 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
  • Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
  • «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.
  • 20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
  • Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
  • Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
  • 20 ліпеня ICAO апублікавала афіцыйную справаздачу пра здарэньне, у якім заявіла, што беларуская вэрсія падзей не атрымала ніякага пацьверджаньня, відэа- і аўдыязапісы карэктаваліся і выдаляліся, а расшыфроўка размоў паказала, што дыспэтчару каманды да экіпажу самалёта дыктавалі спэцслужбы. Мінаваньне самалёта было ілжывым.
  • У канцы кастрычніка 2022 з расшыфроўкі новых паказаньняў менскага авіядыспэтчара Алега Галегава стала вядома, што пры перамовах з экіпажам самалёта ў памяшканьні знаходзіўся ня толькі супрацоўнік КДБ, але і гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, супраць якога ў ЗША яшчэ раней выставілі абвінавачаньне. Яны падышлі да дзяжурнага, які потым паведаміў дыспэтчару і яшчэ аднаму калегу аб пасажырскім самалёце Ryanair, які зьбіраўся ўвайсьці ў паветраную прастору Беларусі з боку Ўкраіны. Дзяжурны згадаў пра нібыта пагрозу выбуху супраць рэйсу і пра тое, што самалёт трэба накіраваць, але адгаварыў дыспэтчара інфармаваць Львоўскі дыспэтчарскі цэнтар у суседняй Украіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG