Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады не плянуюць адмяняць абмежаваньні на выезд зь Беларусі, нягледзячы на рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя


Пункт пропуску на мяжы Беларусі і Латвіі. Архіўнае фота
Пункт пропуску на мяжы Беларусі і Латвіі. Архіўнае фота

Сусьветная арганізацыя здароўя апублікавала заяву, у якой рэкамэндуе краінам адмяніць або аслабіць абмежаваньні на міжнародныя паездкі

У прэс-службе беларускага ўраду выданьню Office Life паведамілі, што Савет міністраў пакуль не плянуе скасоўваць абмежаваньні на выезд зь Беларусі наземным транспартам.

Таксама днямі зьявіўся адказ на пэтыцыю беларусаў да Міністэрства аховы здароўя з просьбай зьняць забарону на свабодны выезд зь Беларусі наземным транспартам. У адказе Мінздароўя тлумачыць неабходнасьць абмежаваньняў на выезд за мяжу для беларусаў тым, што гэта «дазволіць мінімізаваць рызыку завозу SARS-CoV-2 па вяртаньні ў Рэспубліку Беларусь».

19 студзеня Сусьветная арганізацыя аховы здароўя апублікавала заяву, у якой рэкамэндуе краінам адмяніць або аслабіць абмежаваньні на міжнародныя паездкі. На думку спэцыялістаў СААЗ, абмежаваньні не прынесьлі карысьці, і нашмат больш эфэктыўна працуюць меры ўладаў унутры кожнай з краінаў, якія дапамагаюць зьніжаць рызыку распаўсюджваньня інфэкцыі. Таксама, паводле СААЗ, абмежаваньні ўзмацняюць «эканамічны і сацыяльны стрэс, зь якім сутыкаюцца дзяржавы».

Да сёньня грамадзянам Беларусі патрэбныя важныя прычыны для замежных паездак. Выехаць за мяжу наземным транспартам раз на тры месяцы можна толькі на наступных падставах: вучоба/праца за мяжой або дакумэнт, які пацьвярджае права на пастаяннае або часовае пражываньне за мяжой, выезд на лячэньне/аздараўленьне і інш. Выключэньне робяць для дыпляматаў, супрацоўнікаў спэцсувязі, чальцоў афіцыйных дэлегацый і інш.

Пры гэтым, у той час як іншыя краіны вяртаюцца да жорсткага локдаўну з улікам імклівага распаўсюду штаму «Омікрон», беларускія ўлады ў сьнежні 2021 году абвясьцілі пра шэраг захадаў, якія зьмякчаюць ці наагул касуюць каранавірусныя абмежаваньні ўнутры краіны.

Цяпер карантын абавязковы толькі для тых, каму ў мэдычных установах афіцыйна паставілі дыягназ COVID-19. Кантактам першага і другога ўзроўняў не выдаюць бальнічныя. Раней у Беларусі на загад Лукашэнкі скасавалі абавязковае нашэньне масак пры наведваньні публічных аб’ектаў, арганізацыяў і ў транспарце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG