Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У свой двор можа выходзіць толькі да 19 гадзін». Як адбывае «хатнюю хімію» стваральніца музэю ў Іўі


Рэгіна Лавор, фота з архіву гераіні
Рэгіна Лавор, фота з архіву гераіні

Рэгіна Лавор 24 гады жыцьця аддала культуры. Стварыла і ўзначаліла цэнтар рамёстваў, затым была дырэктаркай музэю нацыянальных культур у Іўі. Цяпер яе асудзілі за камэнтары пра міліцыю, яна адбывае «хатнюю хімію». Выходзіць са свайго дома можа толькі да 19 гадзін. Міліцыя за месяц праверыла Рэгіну ўжо 23 разы.

Стварыла Цэнтар рамёстваў, узначаліла першы ў Беларусі музэй нацыянальных культур

Рэгіна Лавор скончыла Беларускі ўнівэрсытэт культуры ў 1995 годзе. Працавала ў сельскім, затым раённым Доме культуры ў Іўі. У 2005 стварыла і ўзначаліла цэнтар рамёстваў.

Для цэнтра рамёстваў адвялі невялічкі будынак зь пячным ацяпленьнем. Так энтузіясты пачалі дзейнасьць. Ладзілі мерапрыемствы, сустрэчы, шмат езьдзілі з выстаўкамі па Беларусі. Многія, хто там працаваў, потым сталі народнымі майстрамі.

Рэгіна Лавор
Рэгіна Лавор

У 2009 годзе ў Іўі адчынілі Музэй нацыянальных культур — першы і адзіны ў Беларусі. Пад музэй аддалі стары будынак. Падчас рэканструкцыі там адрамантавалі пяць памяшканьняў, знаходзілася часовая выстава, не было ні мэблі, ні фондаў. Але ўсё трымалася на апантанасьці кіраўніцы музэю Рэгіны Лавор і супрацоўнікаў. Добраўпарадкаваць, пакасіць траву, прыбіць, павесіць нешта — усё супрацоўнікі музэю рабілі сваімі сіламі.

У 2013 годзе Рэгіна Лавор пакінула музэй, пачала працаваць у сфэры жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. «Раней стварала культуру, адраджала традыцыі, а ў камунальнай службе стварала ўмовы, каб горад быў чысты, цывілізаваны, каб была сэгрэгацыя адходаў», — расказалі знаёмыя Рэгіны.

Вырабы, якія Рэгіна Лавор робіць сваімі рукамі
Вырабы, якія Рэгіна Лавор робіць сваімі рукамі

У 2005 годзе Рэгіна страціла мужа і засталася адна з дваімі малымі дзецьмі на руках.

«Ёй даводзілася шмат працаваць, безь перапынку. Зьбірала ягады, працавала на перабіраньні лісічак... Потым яна сустрэла чалавека. Ён страціў жонку і таксама меў дваіх дзяцей. Яны пачалі жыць разам, гадавалі ўжо чацьвярых дзяцей. У 2019 годзе Рэгіна распачала сваю дзейнасьць, бо шмат чаго ўмела — плесьці паясы, рабіць прыгажосьць з саломкі, вышываць, ствараць біжутэрыю. Напярэдадні Каляд яна зрабіла сэрыю паштовак „Пахне чабор“. Пакуль яна яшчэ не працуе напоўніцу як рамесьніца, але спрабуе арганізаваць сваю дзейнасьць», — кажуць знаёмыя Рэгіны. Зь яе вырабамі можна пазнаёміцца ў Instagram.

«Яе проста адарвалі ад зямлі і закінулі ў міліцэйскі мікрааўтобус»

Рэгіна Лавор выходзіла на акцыі ў Іўі пасьля выбараў 9 жніўня. Людзі зьбіраліся ў цэнтры гораду, каля помніка канфэсіям. Спачатку людзей не чапалі, потым пачалі затрымліваць.

Рэчы, якія Рэгіна Лавор робіць сваімі рукамі
Рэчы, якія Рэгіна Лавор робіць сваімі рукамі

У лістападзе Рэгіну схапілі. «Яна мае невялікі рост і вагу. Яе проста адарвалі ад зямлі і закінулі ў міліцэйскі мікрааўтобус. У міліцыі на людзей склалі пратаколы і выпусьцілі», — кажуць знаёмыя. На гэтым перасьлед ня скончыўся — Рэгіну двойчы судзілі па артыкуле 23.34, трапляла яна ў ізалятар часовага ўтрыманьня. 4 сьнежня 2020 году на Рэгіну завялі крымінальную справу за абразу мясцовых міліцыянтаў у telegram-чаце. Сьледзтва цягнулася каля васьмі месяцаў.

У ліпені 2021-га пачаўся суд, які прызнаў Рэгіну вінаватай у абразе міліцыянтаў. Адзін зь іх запатрабаваў сплаціць яму маральную кампэнсацыю. Ён прасіў 1500 рублёў, суд паставіў спагнаць тысячу.

«Міліцыянт патрабаваў, каб кампэнсацыю Рэгіна пералічыла на рахунак цэнтра карэкцыйнага разьвіцьця. Чаму ён вырашыў за яе кошт паўдзельнічаць у дабрачыннасьці? Рэгіна шмат сваіх вырабаў прапаноўвала для дабрачынных аўкцыёнаў, сродкі ад якіх ішлі на дапамогу тым, хто ў патрэбе», — кажуць знаёмыя.

Цяпер яна адбывае два гады «хатняй хіміі».

«Могуць за дзень тры разы прыехаць з праверкамі і грукаць у дзьверы»

Рэгіна мае пэўныя абмежаваньні. Напрыклад, яна мае права выходзіць у двор, бо жыве ў сваім доме, але толькі да 19 гадзін. На вуліцу — у аптэку, краму— яна можа выйсьці толькі з 14 да 16 гадзін.

Рэгіна «дабілася», каб ёй дазволілі ў нядзелю хадзіць на імшу ў касьцёл. Час выдзелілі такі: з 7:40 да 9:30. «Калі служба зацягнецца, то трэба ўсё кідаць і ляцець дахаты. У Рэгіны ёсьць маці 85 гадоў. Але Рэгіна ня можа яе наведваць без адмысловага дазволу. Маці можа прыйсьці да Рэгіны, але яна да маці — не. Маці мужа ёй не дазволілі наведваць, бо яна, на думку міліцыі, не радня. Пасьля 19 наагул нельга выходзіць з хаты.

Рэгіна Лавор
Рэгіна Лавор

Неяк Лавор хацела трапіць на прыём да старшыні выканкаму, задаць пытаньні пра працаўладкаваньне і добраўпарадкаваньне, дык атрымала парушэньне ад інспэкцыі! Некалькі такіх парушэньняў — і ёй могуць зьмяніць рэжым на больш строгі. Міліцыя часта правярае, дома яна ці не. Могуць і тры разы на дзень прыехаць. Калі правяраюць супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы, да іх няма пытаньняў. Яны пазвоняць, пачакаюць, пакуль яна апранецца, павітаюцца. Але калі міліцыя! І звоняць, і грукаюць у дзьверы, і не даюць адзецца толкам.

Лавор мае абавязак працаваць. Але ёй прапанавалі пасаду... памочніцы кухара. Такое адчуваньне, што каб толькі пазьдзекавацца. Былі вакансіі ў сфэры культуры. Але, як толькі Рэгіна на іх заяўлялася, вакансіі зьнікалі», — расказалі знаёмыя.

З рамесьніцкай дзейнасьцю яна пакуль ня можа разгарнуцца. Трэба купіць матэрыялы, удзельнічаць у кірмашах ці выставах. Яны праходзяць звычайна ў выходныя, але інспэкцыя вызначыла для Рэгіны іншы працоўны час — у будні.

Пад абмежаваньне волі трапіў і сабака Рэгіны. Бо зь ім цяпер ня можна выходзіць у забаронены час гуляць за дваром.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG