Папярэдні ўрад на чале з прэм’ер-міністрам Андрэем Бабішам летась у пачатку сьнежня выдаў распараджэньне, якое патрабуе вакцынацыі для людзей ва ўзросьце 60 гадоў і звыш, а таксама для мэдычнага пэрсаналу, паліцыі, пажарных і студэнтаў-мэдыкаў, паведамляе AP.
Загад меўся ўступіць у сілу ў сакавіку 2022 году. Аднак у сьнежні адміністрацыю Бабіша замяніў новы пяціпартыйны ўрад на чале з прэм’ер-міністрам Пятром Фіялам.
«Мы дамовіліся, што вакцынацыя супраць COVID-19 ня будзе абавязковай», — сказаў Фіяла.
Пры гэтым ён падкрэсьліў, што ягоны ўрад па-ранейшаму лічыць вакцыны «найлепшым інструмэнтам барацьбы з COVID-19».
Цалкам вакцынаваліся 62,9% жыхароў Чэхіі, і гэта ніжэй за сярэдні паказьнік па Эўропе. Амаль 3,4 млн чалавек у краіне атрымалі бустэрную прышчэпку.