Як паведамляе «Настоящее время», пра гэта яе памочніца Жанна Ярмекава заявіла тэлеграм-каналу Orda.
«З 3 студзеня яна на бальнічным. У яе COVID-19, ПЦР станоўчы», — сказала Ярмекава. Яна адзначыла, што Дарыга Назарбаева знаходзіцца дома ў Алматы. «Захворваньне на ковід сярэдняе», — дадала памочніца.
Дарыга Назарбаева, якая зьяўляецца дэпутатам, двойчы прапусьціла паседжаньне парлямэнту. У апараце заканадаўчага органа заявілі, што яна ўзяла бальнічны.
Раней прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў на фоне пратэстаў і беспарадкаў адправіў урад у адстаўку, увёў рэжым надзвычайнага становішча і ўзначаліў Раду бясьпекі, якой дагэтуль кіраваў першы прэзыдэнт Казахстана Назарбаеў.
Нурсултан Назарбаеў не зьяўляўся на публіцы з 28 сьнежня 2021 году. Ён ніяк не камэнтаваў маштабныя пратэсты, якія разгарнуліся ў краіне, хоць звычайна зьвяртаўся да нацыі па ключавых тэмах. У апазыцыйнай прэсе і сацсетках цыркулююць чуткі пра ягоную хваробу і нават сьмерць. Некаторыя СМІ паведамілі, што ён зь сям’ёй пакінуў Казахстан.
Аднак прэс-сакратар былога прэзыдэнта сьцьвярджае, што Нурсултан Назарбаеў не пакідаў Казахстан і што цяпер ён у сталіцы. Паводле яго слоў, Назарбаеў «праводзіць шэраг кансультатыўных сустрэч і знаходзіцца на прамой сувязі з прэзыдэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым».